Quick reference:
вучоны ў галіне тэрапіі, заснавальнік сучаснай беларускай школы тэрапеўтаў, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, кавалер ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі, "Знак Пашаны"
Names in other languages:
Довгялло Георгий Хрисанфович (russian);
3492 chars
Reference
Выдатны клініцыст і таленавіты кіраўнік, творчы чалавек і эрудыт Георгій Хрысанфавіч Даўгяла па праву лічыцца адным з заснавальнікаў сучаснай беларускай школы тэрапеўтаў.
Нарадзіўся будучы вучоны 9 снежня 1902 г. у Віцебску. Паступіў на медыцынскі факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучыўся ў вядомых вучоных-тэрапеўтаў С.М. Мелкіх і Ф.А. Гаўсмана. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1928 г. малады ўрач накіраваўся на працу ў вясковыя бальніцы Коханаўскага і Асвейскага раёнаў Віцебскай вобласці, потым працаваў у тэрапеўтычным аддзяленні Полацкай бальніцы чыгуначнікаў. З 1935 г. Г. Даўгяла – асістэнт кафедры шпітальнай хірургіі ў Віцебскім медыцынскім інстытуце. У гэты перыяд малады вучоны падрыхтаваў і абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Карэлятыўныя адносіны паміж функцыяй пячонкі і функцыяй кішэчніка ў вугляводным абмене”. У 1939 г. Г. Даўгяла прызваны ў армію. Быў начальнікам палявога рухомага шпіталя падчас ваеннай аперацыі ў Заходняй Беларусі, у гады Вялікай Айчыннай вайны ўзначальваў тэрапеўтычныя аддзяленні шпіталяў Калінінскага, Беларускага і Прыбалтыйскага франтоў.
Пасля дэмабілізацыі ў 1946 г. Георгій Хрысанфавіч працаваў у Мінскім медыцынскім інстытуце дацэнтам кафедры шпітальнай тэрапіі, з 1955 г. стаў яе загадчыкам. У тым жа годзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэме “Эрытрацытатэрапія пры захворванні Адзісана-Гусерава-Бірмера”. Высокая кампетэнцыя вучонага не абмяжоўвалася вузкай спецыялізацыяй, сярод яго навуковых інтарэсаў – кардыялогія, рэўматалогія, гастраэнтэралогія, гематалогія. На працягу многіх гадоў Г.Х. Даўгяла з’яўляўся галоўным тэрапеўтам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, узначальваў Рэспубліканскае навуковае таварыства тэрапеўтаў, з’яўляўся членам Прэзідыума Усесаюзнага навуковага таварыства тэрапеўтаў і Усесаюзнага таварыства кардыёлагаў, членам рэдакцыйнай калегіі часопіса “Тэрапеўтычны архіў” і інш. Пад кіраўніцтвам вучонага былі падрыхтаваны 52 дысертацыйныя працы, 12 з якіх – доктарскія. Шматлікія вучні вучонага ў далейшым сталі вядомымі вучонымі-тэрапеўтамі, узначалілі кафедры тэрапеўтычнага профілю ў Мінскім і Гродзенскім медыцынскіх інстытутах, Беларускім інстытуце ўдасканальвання ўрачоў, навукова-даследчых інстытутах краіны.
Г.Х. Даўгяла з’яўляецца аўтарам больш за 150 навуковых прац, прысвечаных гематалогіі, кардыялогіі, рэўматалогіі, атэрасклерозу, хранічным пнеўманіям, гастраэнтэралогіі і інш. Сярод прац вучонага: “Клініка і лячэнне інфаркта міякарда” (1957), “Лячэбная фізічная культура пры сардэчна-сасудзістых захворваннях (стэнакардыя, інфаркт міякарда)” (1959), “Клінічная характарыстыка цячэння розных відаў рэўматызму” (1972) і інш. Пад яго кіраўніцтвам былі распрацаваны новыя метады дыягностыкі і лячэння захворванняў крыві. Шматгадовая навуковая і практычная дзейнасць Георгія Хрысанфавіча садзейнічала развіццю клінічнай гематалогіі ў краіне. Ён з’яўляецца аўтарам і суаўтарам прац “Да клінікі вострых лейкозаў” (1950), “Злаякаснае малакроўе” (1951), “Практычны дапаможнік па даследаванні згусальнай сістэмы крыві” (1969), “Сістэма гемастазу ў норме і паталогіі” (1973) і інш.
У 1966 г. вучонаму было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч навукі Беларусі”. Ён з’яўляецца кавалерам ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і “Знак Пашаны”, узнагароджаны таксама медалямі, ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, значком “Выдатнік аховы здароўя”.