Date of Birth: 14.02.1914 Нізкая Вуліца, в., Магілёўскі павет (цяпер Магілёўскі раён)
Date of death: 06.09.1995
Quick reference: тэатральны мастак, жывапісец, мастацтвазнавец, педагог, народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1996), кавалер ордэна "Знак Пашаны"
Name Options: Масленікаў Павел Васілевіч
Names in other languages: Maslenikau Pavel Vasilyevitch (english); Маслеников Павел Васильевич (russian);
Павел Васільевіч Масленікаў – прызнаны майстар пейзажнага жывапісу і тэатральна-дэкаратыўнага мастацтва Беларусі XX ст., які жыў самім працэсам творчасці, цаніў майстэрства і прафесіяналізм.
Нарадзіўся ён у в. Нізкая Вуліца (в. Княжыцы) Магілёўскага раёна. Дзіцячыя ўражанні, знаёмства з рускай літаратурай, творамі беларускіх аўтараў, захапленне музыкай паспрыялі далейшаму развіццю яго творчай натуры. Паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, якое скончыў у 1938 г. Стаў працаваць мастаком-дэкаратарам, а з 1946 па 1960 г. – мастаком-пастаноўшчыкам Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Завочна закончыў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна ў Ленінградзе (1953), атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі (1954).
Каля дваццаці гадоў жыцця звязана ў П. Масленікава з тэатрам. Гэта час станаўлення, творчых напрацовак, сустрэч і супрацоўніцтва са знакамітымі рэжысёрамі, кампазітарамі, мастакамі, артыстамі. Тэатр стаў яго другім домам, майстэрняй. Своеасаблівасць творчага падыходу да працы над сцэнічнымі пастаноўкамі наклала адбітак на светаўспрыманне, адказнасць за завершанасць і дасканаласць твора. Ён аформіў спектаклі “Трыльбі” А. Юрасоўскага (1940), “Бахчысарайскі фантан” Б. Асаф’ева і “Прададзеная нявеста” Б. Сметаны (1949), “Салавей” М. Крошнера, “Чырвоны мак” Р. Гліэра і “Дэман” А. Рубінштэйна (1950), “Іаланта” П. Чайкоўскага (1952), “Маладая гвардыя” Ю. Мейтуса (1954), “Карсар” А. Адана (1957), “Цыганскі барон” І. Штраўса (1960), “Джаконда” А. Панк’елі (1962) і іншыя ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета БССР; “Цудоўны скарб” П. Малярэўскага (1949), “Шчасце паэта” В. Віткі (1952), “Пінская шляхта” В. Дуніна-Марцінкевіча (1954) у Беларускім дзяржаўным тэатры імя Я. Купалы; “Варвары” М. Горкага (1952) у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры БССР імя М. Горкага; “Як гартавалася сталь” паводле М. Астроўскага (1956) у Тэатры юнага гледача БССР і інш. Менавіта тэатр раскрыў свае таямніцы і сфарміраваў П. Масленікава як асобу.
Вядомы мастак шмат вандраваў (Прыбалтыка, Крым, Алтай, Фінляндыя, Швейцарыя, Індыя і інш.), і пасля кожнай паездкі з’яўляліся работы. Ім створаны серыі карцін “Па родным краі”, “Алтайскі цыкл”, “Прыбалтыйскі цыкл” (1967–1974). Пейзажы прадстаўлены ва ўсёй жанравай разнастайнасці – гарадскія, архітэктурныя, марскія, індустрыяльныя, гістарычныя. Гарадскія і архітэктурныя пейзажы адлюстроўваюць розныя станы і геаграфію падарожжаў мастака. Гэта “Вечаровы Мінск” (1956), “Ля берагоў Адэсы” (1958), “Мінск, Свіслач” (1961), “На ўскраіне Мінска” (1963), “Старая Рыга” (1973), “Ускраіна Дэлі” (1976), “Ракаў” (1980), “Старажытны Мінск” (1987) і інш. Шматгранна адлюстравана духоўнае жыццё чалавека ў тэматычных палотнах “Апошні” (1967), “Дарогай смерці”, “Жніво” і “Год 1929” (1977), “Вярнуўся” (1979), “У дзень Перамогі” (1982), “Каля гары Машэкі” (1987) і інш. Творы “Жнівень на Алтаі” (1972), “Дождж над Балтыкай” (1980), “Крым у снежні” (1983) здзіўляюць тонкасцю жывапісу, уменнем выяўляць багацце паэтычных пачуццяў, але большасць работ ён прысвяціў роднай Беларусі. Палотны мастака ўзнаўляюць блізкую яго сэрцу прыроду. Менавіта праз пейзаж выказаны пачуцці, асаблівае разуменне свету, жыцця (“Лён зацвіў” (1983), “На Нарачы” (1986)). Карціны “Зіма ў Беларусі” (1974), “Пакінуты хутар” (1986) напісаны непасрэдна з натуры, але з першага погляду ў іх адчуеш усю моц пераўтварэння, мастакоўскага пераасэнсавання рэчаіснасці. У апошнія гады жыцця П. Масленікаў працаваў над серыяй “Родны край” (1994–1995). Яна складаецца з некалькіх пейзажаў, якія праўдзіва і пераканальна перадаюць прыгажосць роднай зямлі. У пейзажы “Мелодыі лета, якое адыходзіць” – захапленне прыгажосцю прыроды і сум ад таго, што лета заканчваецца, у кампазіцыі “Спакой” – асалода ад цішыні і гармоніі летняга вечара, а ў палатне “На пачатку вясны” – звонкая радасць вясновага абуджэння. Гэтыя працы і ўвасобленыя ў іх пачуцці мастака не могуць пакінуць гледача абыякавым. За доўгае жыццё створана шмат твораў, але ні ў адным ён не паўтарыўся.
Павел Масленікаў вядомы не толькі як тэатральны мастак і пейзажыст, але і як педагог, мастацтвазнаўца. З 1960 па 1964 г. – рэктар Беларускага дзяржаўнага тэатральнага-мастацкага інстытута, у 1967–1978 гг. – загадчык кафедры, у 1979–1995 гг. – дацэнт кафедры жывапісу. Ён значна пашырыў сістэму мастацкай адукацыі ў Беларусі: ініцыяваў адкрыццё новых спецыяльнасцей у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце і забяспечыў арганізацыю вучэбнага працэсу неабходнай інтэлектуальнай і матэрыяльнай базай. Дзякуючы П. Масленікаву была адкрыта Рэспубліканская школа-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве. Кожны з вучняў мастака быў па-свойму таленавіты, меў свой характар і асаблівае ўнутранае святло. Педагог імкнуўся выявіць і раскрыць іх непаўторныя здольнасці, развіць тое новае, што кожны з вучняў мог прынесці ў творчую практыку і мастацтвазнаўчую тэорыю. Ён выхаваў плеяду таленавітых мастакоў. Грунтоўна П. Масленікаў заняўся мастацтвазнаўчымі даследаваннямі, калі скончыў аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР і абараніў дысертацыю (1960). Работы датычыліся не толькі сцэнаграфіі, але і жывапісу, тэматычнай карціны, творчасці розных мастакоў, тэорыі жанраў выяўленчага мастацтва. Ён аўтар манаграфіі “Беларускі савецкі тэматычны жывапіс” (1962). Мастацтвазнаўцу належаць артыкулы ў перыядычным друку, навуковых часопісах, у пяцітомнай “Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі”, раздзелы, прысвечаныя беларускаму жывапісу ў дзевяцітомным выданні “История искусств народов СССР”, у шасцітомнай “Гісторыі беларускага мастацтва”, за што яму разам з калектывам аўтараў была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі (1996).
Павел Масленікаў пакінуў багатую творчую спадчыну. Большасць сваіх жывапісных палотнаў перадаў Магілёўскаму абласному мастацкаму музею, якому ў 1996 г. прысвоена яго імя. Праз год там была адкрыта новая мемарыяльная экспазіцыя карціннай галерэі П. Масленікава, а ў скверы, непадалёк ад увахода ў музей устаноўлены бронзавы бюст мастака, выкананы скульптарам У. Летуном. Мастацкія творы П. Масленікава знаходзяцца ў розных музеях, галерэях, прыватных калекцыях у Беларусі і за яе межамі (у Расіі, Італіі, Францыі, Швейцарыі, Венгрыі, Японіі і інш.).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.