Quick reference:
артыстка балета, педагог, народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1950), узнагароджана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, "Знак Пашаны"
Name Options:
Нікалаева Аляксандра Васілеўна
Names in other languages:
Николаева Александра Васильевна (russian);
3761 char
Reference
Аляксандра Васілеўна Нікалаева – адна з самых яркіх зорак беларускага харэаграфічнага мастацтва. Яе танцавальнае майстэрства вылучалася пластычнасцю, псіхалагічнай праўдзівасцю, высокай тэхнікай выканання.
Нарадзілася А. Нікалаева ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і рабочага. З дзіцячых гадоў захаплялася танцамі, і бацькі аддалі дзяўчынку ў Петраградскую школу рускага балета. Пасля заканчэння вучобы працавала ў музычных тэатрах Ленінграда, дзе асабліва выявілася яе схільнасць да характарнага танца. Каб удасканаліць сваё майстэрства, А. Нікалаева паступіла на вячэрняе аддзяленне Ленінградскага харэаграфічнага вучылішча. Займалася па класе заслужанага дзеяча мастацтваў РСФСР М. Раманавай і адначасова стажыравалася ў Дзяржаўным акадэмічным Малым оперным тэатры, з 1929 г. з’яўлялася яго салісткай.
У 1934–1960 гг. А. Нікалаева – вядучая балерына Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР, адначасова з 1949 г. – мастацкі кіраўнік. Першая партыя, якую яна выканала, была роля кітайскай дзяўчынкі Тао-Хоа ў балеце «Чырвоны мак» Р. Гліера. Над пастаноўкай «Капеліі» Л. Дэліба працаваў вядомы харэограф, саліст Вялікага тэатра Ф. Лапухоў. Вобраз Сванільды, які стварыла А. Нікалаева пад яго кіраўніцтвам, вызначаўся выразнасцю пластычнага малюнка, эмацыянальным зместам, жыццярадаснасцю, дасціпнасцю і гумарам. У балеце «Канёк-Гарбунок» Ц. Пуні па казцы П. Яршова яна танцавала партыю Цар-дзяўчыны і выдатна раскрыла народнасць вобраза. У рэпертуары Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР было шмат пастановак з удзелам А. Нікалаевай. У балеце «Марная засцярога» П.Л. Гертэля яна выканала партыю Лізы. Яркай была яе Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б. Асаф’ева), прыгажосць іспанскага танца ва ўсім яго харастве адкрылася ў вобразе Кітры («Дон-Кіхот» Л. Мінкуса), гумарам і камедыйнасцю была напоўнена роля Каламбіны («Арлекінада» Р. Дрыгі). Партыі Адэты і Адыліі («Лебядзінае возера» П. Чайкоўскага) займалі асобнае месца ў творчасці А. Нікалаевай. Працуючы над імі, балерына імкнулася перадаць пластычную выразнасць танца, прыгажосць поз і рухаў, эмацыянальнасць. У 1940 г. на дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве быў паказаны першы нацыянальны балет «Салавей» М. Крошнера. У ім А. Нікалаева выканала ролю галоўнай гераіні Зосі. Яна стварыла вобраз прыгоннай сялянскай дзяўчыны, поўны лірычнай цеплыні і драматызму.
У гады Вялікай Айчыннай вайны тэатра оперы і балета знаходзіўся ў Каўрове. У складзе франтавых канцэртных брыгад артысты, у тым ліку і А. Нікалаева, выступалі перад воінамі і працаўнікамі тылу. У маі 1942 г. у Маскве адбыўся вялікі канцэрт беларускага мастацтва. Выкананне народнага танца «Лявоніха» А. Нікалаевай і С. Дрэчыным суправаджалася бурнай авацыяй.
Адразу пасля вызвалення Мінска балетная трупа пачала аднаўляць даваенныя спектаклі і ставіць новыя. Амаль ва ўсіх пастаноўках удзельнічала і А. Нікалаева. Яна таксама выконвала характарныя танцы ў операх «Кармэн» Ж. Бізэ, «Іван Сусанін» М. Глінкі, «Князь Ігар» А. Барадзіна, «Аіда» Дж. Вердзі, «Фаўст» Ш. Гуно, «Страшны двор» С. Манюшкі і інш. З усіх сцэнічных роляў, сыграных балерынай, найбольш закончаным і яркім па сіле пачуцця, непасрэднасці і прывабнасці з’яўляецца вобраз Надзейкі ў харэаграфічнай драме «Князь-возера» В. Залатарова. Ён вылучаецца нацыянальнай адметнасцю, вялікай унутранай сілай і абаяльнасцю. У 1960 г. А. Нікалаева пакінула сцэну. З 1961 па 1979 г. яна працавала педагогам Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага вучылішча, праводзіла заняткі ў народнай студыі класічнага танца ў мінскім Палацы культуры Белсаўпрофа.
У 1944 г. А. Нікалаевай было прысвоена званне народнай артысткі БССР. У 1950 г. яна стала лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР. Балерына ўзнагароджана ордэнамі «Знак Пашаны» (1940) і Працоўнага Чырвонага Сцяга (1955).