Date of Birth: 12.01.1941
Date of death: 26.01.2003
Quick reference: артыст эстрады, кампазітар, аранжыроўшчык, стваральнік і мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры" (1969–2003), народны артыст Беларусі і СССР, заслужаны дзеяч культуры Польшчы, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976), кавалер ордэна Ф. Скарыны
Names in other languages: Мулявин Владимир Георгиевич (russian);
У беларускае нацыянальнае мастацтва Уладзімір Георгіевіч Мулявін увайшоў са сваёй адметнай творчай і мастакоўскай скіраванасцю, сваім мулявінскім стылем, які змог спалучыць, дапоўніць, узбагаціць народную песенную творчасць і эстрадную музыку.
Нарадзіўся ён далёка ад Беларусі, на Урале, у Свярдлоўску (зараз Екацерынбург). Уладзімір Мулявін закончыў Свярдлоўскае музычнае вучылішча, іграў на самых розных струнных інструментах. Як гітарыст выступаў яшчэ ў час навучання. На пачатку 1963 г. пераехаў у Мінск, дзе пачаў працаваць у канцэртна-эстрадным бюро Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Потым была армія, армейскі вакальны квартэт і ансамбль Беларускай ваеннай акругі.
Уладзіміра Мулявіна заўсёды цікавіла народная музыка. Беларускія народныя песні пакінулі ў яго душы глыбокі след, калі ён упершыню пазнаёміўся з імі. У 1968 г. музыкант зрабіў першыя спробы стварэння ансамбля. Спачатку гэта былі “Лявоны”, бо працавалі пры папулярным танцавальным калектыве “Лявоніха”. Для ансамбля пачаў пісаць уласныя песні і апрацоўваць беларускі фальклор. У 1969 г. калектыў быў перайменаваны ў вакальна-інструментальны ансамбль “Песняры”. Уладзімір Мулявін не толькі стварыў новы ансамбль, але і абраў для яго той кірунак і рэпертуар, якія сталі сапраўднай візіткай калектыву, прынёс у беларускую музыку новыя інтанацыі, гармонію і рытмы, сугучныя дынамічнаму пульсу жыцця. Што б ён ні рабіў, усё было прасякнута любоўю да высокай паэзіі, адчуваннем паэтыкі і сакавітасці беларускага слова, асаблівай чароўнасці нацыянальнага фальклору. Упершыню ў новай якасці ансамбль набыў шырокую вядомасць у 1970 г. у Маскве, дзе ён атрымаў другую прэмію (першая не прысуджалася) на IV Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады. Поспех быў ашаламляльны. Збылася запаветная мара музыканта: ён вывеў на вялікую сцэну прафесійны калектыў. Уладзімір Мулявін раскрыўся як майстар-аранжыроўшчык. Ён стварыў арыгінальныя вакальна-інструментальныя інтэрпрэтацыі песень, дзе своеасабліва выкарыстаў тэмбры галасоў і сродкі музычнай электронікі, захоўваючы пры гэтым нацыянальны каларыт гучання. Новае жыццё ў ансамблі атрымалі такія беларускія народныя песні, як “Касіў Ясь канюшыну”, “Па ваду ішла”, “А ў месяцы верасні”, “Рэчанька”, “Купалінка”, “Перапёлачка”, “Ой, рана на Йвана”, “А ў полі вярба”, “Каліна” і інш. Яны вабяць выразнасцю мелодыкі, разнастайнасцю эмацыянальных пачуццяў. Уладзімір Мулявін быў не толькі таленавіты арганізатар, кіраўнік, аранжыроўшчык і выканаўца, але і не менш выдатны кампазітар. У рэпертуры калектыву – нямала лірычных песень на вершы Я. Коласа, Я. Купалы, М. Багдановіча, М. Танка, П. Броўкі і інш. Для У. Мулявіна была характэрна схільнасць да тэатралізаванай пастаноўкі сваіх твораў. Першай значнай работай на гэтым шляху з’явілася опера-прытча “Песня пра долю” (1976) па матывах паэмы Я. Купалы “Адвечная песня”. Атрымаўся сапраўдны песенны спектакль на фальклорнай аснове. Творчасць Я. Купалы для У. Мулявіна была стрыжнёвай. Ён звяраў свае думы, пачуцці з паэзіяй беларускага класіка. Да 100-годдзя з дня нараджэння паэта “Песняры” прапанавалі гледачам праграму “Я не паэта” (1982). Уладзімір Мулявін не абмінуў і такую купалаўскую паэму, як “Курган”. Паводле яе была створана вакальна-інструментальная кампазіцыя “Гусляр”. Да 25-годдзя “Песняроў” напісана праграма “Голас душы”, што ўпершыню прагучала на віцебскім фестывалі “Славянскі базар – 1994”. Адной з найбольш адметных песень стала “Малітва” кампазітара А. Молчана на верш Я. Купалы. На працягу ўсяго творчага шляху майстар шукаў новыя формы, фарбы, рытмы і жанры, ажыццяўляў свае задумы і праекты. Канцэртам-спектаклем успрымаецца створаная У. Мулявіным песенна-інструментальная кампазіцыя ў гонар 40-годдзя Вялікай Перамогі “Праз усю вайну” (1985). Музыка адзначана яркасцю і канкрэтнасцю вобразаў, грамадзянскім гучаннем. Адным з сур’ёзных творчых дасягненняў кампазітара стаў музычны спектакль на словы У. Маякоўскага “На ўвесь голас” (1988), якому ўласцівы песенная выразнасць, сучасны каларыт гучання. Уладзімір Георгіевіч звярнуўся да паэзіі М. Багдановіча і стварыў песенную кампазіцыю “Вянок” (1991).
Выдатны артыст, рускі па паходжанні, У. Мулявін прысвяціў сябе беларускай песні і зрабіў яе папулярнай ва ўсім свеце. Ён са сваім ансамблем прадставіў Беларусь у больш чым 56 краінах, дзе даў непараўнальныя і непаўторныя канцэрты. “Песняры” – пераможцы шматлікіх музычных конкурсаў, у 1982 г. сталі першымі ўладальнікамі галоўнага прыза “Залаты дыск” сусветна вядомай фірмы “Мелодия”. У 1994 г. У. Мулявін узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, а ў 2001 г. – ордэнам Францыска Скарыны. У Маскве на Алеі Зорак адбылася закладка зоркі У. Мулявіна (2001). Яго імем названы бульвар у Мінску, створаны Нацыянальны цэнтр музычнага мастацтва імя У. Мулявіна.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г.