Quick reference:
вучоны-філосаф, педагог, заслужаны работнік вышэйшай школы Беларусі
Name Options:
Бадакоў Аляксандр Васілевіч
Names in other languages:
Бодаков Александр Васильевич (russian);
2951 char
Reference
Беларускі вучоны-філосаф Аляксандр Васільевіч Бадакоў нарадзіўся ў в. Бахараўка Рослаўльскага раёна Смаленскай вобласці (Расія). Пасля заканчэння школы вучыўся ў Рослаўльскім тэхнікуме чыгуначнага транспарту. Атрымаўшы дыплом у 1948 г., А.В.Бадакоў быў накіраваны ў Мінск. Працу па спецыяльнасці сумяшчаў з вучобай на завочным аддзяленні філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, які скончыў у 1950 г. Чатыры гады быў на камсамольскай рабоце. У 1955–1958 гг. А.В.Бадакоў – аспірант Інстытута філасофіі і права АН БССР. У 1959 г. стаў кандыдатам філасофскіх навук. Працаваў малодшым, затым старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута філасофіі і права АН БССР, старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры філасофіі Беларускага політэхнічнага інстытута, інспектарам Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР. У 1962 г. А.В.Бадакоў стаў загадчыкам кафедры філасофіі Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. У 1973 г. прызначаны рэктарам Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы. Вучонае званне прафесара атрымаў у 1978 г. Больш за 20 гадоў А.В.Бадакоў аддаў рэктарскай дзейнасці. Дзякуючы яго намаганням навучальная ўстанова перайшла на якасны новы ўзровень: удасканалены матэрыяльна-тэхнічная, вучэбна-метадычная базы вучэбна-выхаваўчага працэсу, узрасло прафесіянальнае майстэрства выкладчыкаў і супрацоўнікаў, аптымізавана навукова-даследчая дзейнасць. На базе педагагічнага інстытута ў 1978 г. быў адкрыты ўніверсітэт. З 1997 г. А.В.Бадакоў жыў і працаваў у Мінску, дзе да 2005 г. загадваў кафедрай філасофіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
Арганізацыйна-адміністрацыйную дзейнасць А.В.Бадакоў сумяшчаў з грамадскай, педагагічнай, навуковай. Ён з'яўляецца аўтарам больш за 80 навуковых работ, сярод якіх 8 манаграфій, падручнікі, вучэбныя дапаможнікі і інш. Вучоны даследаваў свядомасць і яе ролю як актыўнага фактара фарміравання чалавека і грамадства, сутнасць і асаблівасці навукова-тэхнічнага прагрэсу, праблемы адукацыі і выхавання ў сучаснай вышэйшай школе («Як чалавек пазнае свет» (1974, у суаўтарстве), «Свядомасць, яе паходжанне і сутнасць» (1976), «Што вывучае філасофія» (1981), «Всесторонне, гармонически развитая личность» (1982, у суаўтарстве), «Формирование всесторонне развитой личности» (1987) і інш.). Таксама А.В.Бадакоў – аўтар вучэбных дапаможнікаў «Диалектический материализм» (1972), «История философии» (2001, 2-е выд., у суаўтарстве), «Філасофія свядомасці» (2003) і інш.
За шматгадовую плённую навукова-педагагічную дзейнасць у сістэме адукацыі і значны асабісты ўклад у арганізацыю і падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў вучоны стаў заслужаным работнікам вышэйшай школы БССР (1977), узнагароджаны ганаровымі граматамі, значкамі «Отличник просвещения СССР», «Выдатнік народнай асветы БССР». 12 верасня 2008 г. занесены ў Кнігу Славы г. Гродна.