Quick reference:
балетмайстар, стваральнік і мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі", народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1996), прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" (2004), кавалер ордэна Ф. Скарыны
Names in other languages:
Гаевая Валентина Ивановна (russian);
4632 chars
Reference
Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі” з’яўляецца адным з лепшых творчых калектываў Беларусі. Яго выступленні праходзяць на лепшых сцэнічных пляцоўках свету і заўсёды маюць каласальны поспех. Папулярнасць і слава гэтага сапраўднага тэатра танца былі б немагчымы без таленту і душы яго стваральніка і мастацкага кіраўніка Валянціны Іванаўны Гаявой, якую па праву лічаць карыфеем беларускай танцавальнай школы.
Нарадзілася яна на поўдні Расіі, у г. п. Данілаўка Валгаградскай вобласці. Валянціна з маленства адчувала сябе артысткай. Аднак адукацыю атрымала не артыстычную, а харэаграфічную. Вучылася ў Ленінградзе ў Вышэйшай прафсаюзнай школе ВЦСПС на балетмайстарскім аддзяленні ў групе харэаграфіі па спецыялізацыі “народны танец”. Пасля заканчэння В. Гаявую запрасілі ў знакаміты хор Пятніцкага, але па волі лёсу яна апынулася ў Беларусі.
У 1967 г. Валянціна Іванаўна стала кіраўніком дзіцячай харэаграфічнай студыі ў Магілёве, а з 1973 г. працавала балетмайстрам Беларускай філармоніі. Праз год заснавала (разам з М. Дудчанкам) ансамбль “Харошкі”. З самага пачатку яна паставіла перад сабой задачу – вывесці беларускую харэаграфію на ўзровень расійскай і ўкраінскай. У Расіі на той час мелі вялікую папулярнасць легендарныя ансамблі І. Маісеева, Н. Надзеждзінай, Т. Усцінавай, на Украіне – П. Вірскага. Валянціна Гаявая добра разумела: стварыць танцавальны калектыў высокага ўзроўню можна толькі на базе нацыянальнай творчай спадчыны. Яна пачала знаёміцца з беларускім фальклорам: слухала песні, што спявалі ў вёсках, вывучала іх мелодыку; шмат чытала літаратуры, шукаючы ў кнігах разгадку нацыянальнага характару беларусаў, душы народа. Шматлікія танцавальныя рухі, пластычныя рашэнні, беларускі каларыт, якія потым сталі класічнымі ў выкананні “Харошак”, Валянціна Іванаўна “падглядзела” ў простых сялян. Напрыклад, шмат дэталяў яна запазычыла ў Пятра Капейкі, свайго суседа з вёскі Харошкі, што ў Магілёўскай вобласці, дзе В. Гаявая некаторы час жыла.
Неўзабаве была створана першая праграма, з якой ансамбль выступіў на Украіне. Яна мела вялікі поспех. Пра “Харошкі” загаварылі, а ў 1977 г. у Маскве на Усесаюзным аглядзе-конкурсе прафесійных мастацкіх калектываў адбылася сенсацыя: ансамбль атрымаў дыплом першай ступені. Разнастайнасць праграмы, прыгажосць народных касцюмаў, песеннае суправаджэнне танцаў, музычныя інструменты, якія з’яўляюцца музейнымі каштоўнасцямі, віртуознае выканальніцкае майстэрства – усё гэта вылучала выступленні ансамбля. На яго канцэрты імкнуліся трапіць не толькі аматары музычна-харэаграфічнага мастацтва, але і прафесіяналы, каб на ўласныя вочы ўбачыць нараджэнне новай зоркі. У 1982 г. ансамблю было прысвоена званне лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола. “Харошкі” аб’ехалі з гастролямі ўсю Расію, выступалі на лепшых канцэртных сцэнах Амерыкі, Еўропы, краін Блізкага Усходу. Нягледзячы на сусветную папулярнасць, ніколі не адмаўляліся выступаць з канцэртамі ў гарадах і вёсках Беларусі. У 1996 г. “Харошкі” былі ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі, а праз тры гады (1999) атрымалі званне заслужанага калектыву Беларусі.
Вось ужо 37 гадоў мастацкім кіраўніком і пастаноўшчыкам усіх праграм ансамбля з’яўляецца Валянціна Іванаўна Гаявая (народная артыстка Беларусі (1989), лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” (2004), кавалер ордэна Францыска Скарыны (2010)). За гады працы яна паставіла шмат унікальных народных танцаў, надаючы ім сучаснае гучанне, не парушаючы пры гэтым іх першапачатковую прыгажосць і нацыянальную самабытнасць. На аснове фальклорнага матэрыялу В. Гаявая стварыла арыгінальныя пастаноўкі, вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі, танцавальныя мініяцюры, будуючы іх у выглядзе тэатральнага відовішча. У танцах (“Гусарыкі”, “Весялуха”, “Пава” і інш.), у этапных працах, такіх як “Па старонках Полацкага сшытка”, “Бывай, 20-е стагоддзе!”, але асабліва ў адной са сваіх лепшых – “Беларусы”, – В. Гаявая прапаноўвае не толькі дасканалую ў эстэтычным сэнсе праграму, але і сваю асабістую дакладную філасофію прыгажосці і гармоніі, вельмі далёкую ад стэрэатыпаў цяперашняй масавай культуры. Сутнасць гэтай філасофіі простая – раскрыццё праз надзвычай вобразную мову народнага танца духоўных скарбаў, вельмі важных для людзей у няпростыя часы глабалізацыі. Аднак самае галоўнае – сцвярджэнне актуальнасці гэтых скарбаў, непарыўнай іх сувязі з днём сённяшнім. Менавіта таму ў творчых планах В. Гаявой – стварэнне фальклорна-харэаграфічнай праграмы, своеасаблівай беларускай гістарычнай рэтраспектывы – ад язычніцтва да сучасных “Дажынак”, якая будзе сімвалізаваць непарыўную сувязь часоў.