Date of death:
30.12.1665 Ружаны, г. п., Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць
Quick reference:
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, удзельнік войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай 1632–1634 гг. і 1654–1667 гг.
Names in other languages:
Sapieha Paweł Jan (polish); Сапега Павел Ян (russian);
3026 chars
Reference
Прадстаўнік чарэйска-ружанскай лініі магнацкага роду герба «Ліс», Павел Ян Сапега нарадзіўся ў сям'і Яна Пятра Сапегі – усвяцкага старасты, вядомага военачальніка, камандуючага войскамі Ілжэдзмітрыя ІІ. Рос без бацькі, які памёр у 1611 г. у час паходу на Маскву. Выхоўваў яго старэйшы брат Андрэй Станіслаў Сапега. Адукацыю Павел Ян атрымаў у езуіцкім калегіуме ў г. Браўнсберг (Германія), які скончыў у 1631 г. У 1635 г. стаў каралеўскім дваранінам. У лютым 1638 г. быў прызначаны вялікім абозным літоўскім. Адказваў за выбар месца для размяшчэння і ўмацаванне лагера, а таксама за раскватараванне войска. З 1645 па 1646 г. ён падстолі Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). У кастрычніку 1646 г. прызначаны ваяводам віцебскім. У 1649 г. выбраны маршалкам Трыбунала ВКЛ. У 1656 г. стаў ваяводам віленскім і гетманам вялікім літоўскім. Павел Ян быў адным з багацейшых магнатаў. Яму належалі Ружаны, Косава, Ляхавічы, Стары Быхаў, Чарэя, трымаў таксама Рослаўскае (з 1640 г.) і Здзітаўскае (з 1645 г.) стараствы. Некалькі разоў выбіраўся паслом на сеймы Рэчы Паспалітай.
Ваенную службу ён пачаў у 1633 г. у чыне ротмістра. Пад Смаленскам камандаваў гусарскай харугвай у войску Крыштофа Радзівіла. Праз год пры асадзе крэпасці Белая атрымаў цяжкае раненне. Удзельнічаў у баявых дзеяннях у час казацка-сялянскай вайны (1648–1651). У 1651 г. узначаліў харугву ў бітве пад Берасцечкам (на Валыні), дзе было разбіта аб'яднанае войска запарожскіх казакаў і крымскіх татараў. Актыўны ўдзел у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) Павел Ян Сапега пачаў з другой кампаніі (1655 г.). Разам з траюрадным братам Казімірам Львом Сапегам ён сабраў у Брэсце шасцітысячнае войска. Для яго забеспячэння загадаў чаканіць манеты са свайго родавага срэбра і золата. 23 лістапада 1655 г. на р. Лясная (недалёка ад Брэста) атрымаў перамогу над войскам расійскіх ваяводаў С. Урусава і Ю. Барацінскага. У пачатку 1656 г. дапамагаў польскай арміі вызваліць Падляшша ад шведаў і іх саюзнікаў. Разам з кашталянам кіеўскім С. Чарнецкім удзельнічаў у Палонкаўскай бітве, якая адбылася 28 чэрвеня 1660 г. Там, каля мястэчка Палонка (паміж Слонімам і Ляхавічамі), былі разбіты войскі расійскага ваяводы І. Хаванскага. 8 кастрычніка 1660 г. Павел Ян Сапега нанёс паражэнне ваяводзе Ю. Далгарукаму на р. Бася каля Чавусаў. У гэтай бітве ён камандаваў цэнтрам аб'яднанага войска і ледзь не загінуў пад забітым канём. З-за недахопу сіл не здолеў да канца разбіць праціўніка. На сейме 1661 г., пасля справаздачы аб дзейнасці, прадставіў каралю 120 варожых штандараў. Павел Ян Сапега камандаваў войскамі да 1663 г. З-за цяжкай хваробы пакінуў службу і накіраваўся на лячэнне ў Быхаў. 30 снежня 1665 г. ён памёр у Ружанах. Пахавалі Паўла Яна Сапегу ў Бярозе-Картузскай у касцёле картэзіянцаў, які быў зачынены ў 1832 г. Магіла гетмана не захавалася. Летам 2015 г. на месцы Палонкаўскай бітвы на мемарыяльным валуне, які быў устаноўлены ў 1994 г., з'явіўся барэльеф з выявамі Паўла Яна Сапегі і Стэфана Чарнецкага.