У неардынарнай, усебакова адукаванай асобе Іаахіма Літавора-Храптовіча суладна спалучаліся дзяржаўны і грамадскі дзеяч, філосаф і асветнік, гуманіст і прыродазнаўца, паэт і публіцыст.
Нарадзіўся ён у фальварку Ясянец Навагрудскага ваяводства. І. Храптовіч паходзіў са старажытнага беларускага магнацкага роду, які карыстаўся гербам “Адравонж” і меў ва ўладанні маёнткі Шчорсы, Вішнева, Бешанковічы, Халопенічы, Зембін і інш. Першапачатковую адукацыю юны шляхціц атрымаў у Ясянцы, а потым у доме бацькоў у Шчорсах. На працягу года ён слухаў курс рыторыкі ў Нясвіжскай езуіцкай калегіі, пасля вучыўся ў Віленскай акадэміі, працягваў адукацыю ў Германіі. Для пашырэння кругагляду і азнаямлення з найноўшымі дасягненнямі навукі, эканомікі, сельскай гаспадаркі ён шмат падарожнічаў. Пабываў у Італіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Францыі, Англіі.
Вярнуўшыся ў родныя мясціны, у 1752 г., І. Храптовіч у сваіх маёнтках рэарганізаваў гаспадарку, замяніў паншчыну чыншам, пашырыў правы сельскіх органаў кіравання, даў сялянам асабістую вольнасць. Былі створаны сялянскія касы ўзаемадапамогі і страхавая крама, адчынены бальніца і школа з ланкастэрскай сістэмай навучання, дзе дзеці вывучалі не толькі агульнаадукацыйныя дысцыпліны, але і набывалі агранамічныя і рамесніцкія навыкі. У гэты перыяд ён пабудаваў у Шчорсах новы палац і уніяцкую царкву. І. Храптовіч быў адным са стваральнікаў Адукацыйнай камісіі – першай у Еўропе дзяржаўнай установы па кіраванню народнай асветай. Пад яго ўплывам камісія зацвердзіла рэформу школ і універсітэтаў у духу перадавых ідэй асветнікаў таго часу. Адукацыя набыла свецкі характар. Асноўнай мовай навучання, замест латыні, стала польская.
Многа часу І. Храптовіч аддаваў грамадскім справам. Ён актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці ВКЛ. Займаў важныя дзяржаўныя пасады: дэпутат сеймаў, дыпламат у Вене і Парыжы, маршалак Галоўнага трыбунала, падканцлер, міністр замежных спраў, канцлер ВКЛ. Ён змагаўся за правядзенне рэформ, быў адным з тых, хто дабіўся прыняцця новай канстытуцыі. І. Храптовіч займаўся таксама навукай і ўсімі магчымымі сродкамі падтрымліваў яе прыхільнікаў. Ён быў адным з заснавальнікаў Варшаўскага таварыства сяброў навук. Выступаў як тэарэтык і папулярызатар эканамічных і фізічных ідэй фізіякратаў. У сваіх працах “Аб штогадовым нацыянальным узнаўленні” (1802), “Аб натуральным праве” (1814) І. Храптовіч развіваў ідэі адзінства і ўзаемазалежнасці законаў прыроды і грамадства, асветніцкага гуманізму і маральнага ўдасканалення асобы. Вынікам шматгадовага захаплення І. Храптовіча пчалярствам з’явілася кніга “Апісанне пчалярскай гаспадаркі ў Шчорсах” (1781), дзе былі змешчаны назіранні, тэарэтычныя і практычныя адкрыцці, парады пачаткоўцам.
На працягу ўсяго жыцця І. Храптовіч захапляўся паэзіяй, пісаў вершы на беларускай, польскай і лацінскай мовах “Всім многі век у новай хаце…”, “Гімн да прыгажосці”, “Аб каханні”, “Дуб і трасцінка”, “Адказ І. Храптовіча Карпінскаму”. Ён з’яўляўся аўтарам артыкула “Паэзія” у энцыклапедычным выданні І. Красіцкага “Збор найбольш патрэбных звестак” (1781). Пакінуў рукапіс пра свой радавод “Храналогія роду Храптовічаў”, апублікаваны толькі ў канцы XIX ст.
Самым важным вынікам у жыцці І. Храптовіча можна лічыць тое, што, дзякуючы яго намаганням, у Шчорсах была сабрана унікальная бібліятэка. Яна была своеасаблівым навукова-даследчым цэнтрам, вядомым вучоным і даследчыкам Еўропы. Сюды прыязджалі вучоныя: астраномы М. Пачобут і Я. Снядзецкі, філосаф А. Снядзецкі, гісторыкі І. Лялевель, І. Даніловіч, М. Маліноўскі, Ю. Ярашэвіч; паэты і літаратары А. Міцкевіч, А. Адзінец, У. Сыракомля, Я. Чачот. Сваю бібліятэку І. Храптовіч папаўняў на працягу ўсяго жыцця: прывозіў кнігі з-за мяжы, купляў, набываў на распрадажы. Ён сабраў каштоўныя выданні па гісторыі, геаграфіі, эканоміцы XVI–XVIII стст. Тут захоўваліся дзесяткі арыгінальных рукапісаў і дакументаў, копіі рэдкіх пісьмовых крыніц, творы антычных аўтараў, творы французскай і італьянскай класічнай літаратуры.
Пасля смерці І. Храптовіча справу працягваў яго сын Адам, які значна павялічыў зборы кніг. Храптовічы завяшчалі кнігазбор і архіў першаму універсітэту, які адкрыецца на Беларусі. Аднак гісторыя распарадзілася па-свойму: найбольш значная частка бібліятэкі захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Украіны імя У.І. Вярнадскага НАН Украіны. Вяртанне самой калекцыі на Радзіму вырашыць вельмі складана. Нацыянальная бібліятэка Беларусі распрацавала праект «Стварэнне каталога “Бібліятэка Храптовічаў”», які ў 2008 г. фінансава падтрымала ЮНЕСКА. Рэалізацыя праекта дасць магчымасць стварыць бібліяграфічную рэканструкцыю кніжнага збору Храптовічаў, зводную базу даных калекцыі, электронную бібліятэку паўнатэкставых копій найбольш каштоўных архіўных дакументаў і выданняў, CD-ROM каталога калекцыі. Праект будзе ажыццяўляцца пры падтрымцы Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У.І. Вярнадскага НАН Украіны.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2008 г.