Names in other languages:
Прушинский Александр Владимирович (russian);
Cryptonyms:
А.Г.; А.Н-і; А.Н.
4336 chars
Reference
Адным з выдатнейшых пісьменнікаў XX ст., чыё імя ўжо пры яго жыцці называлі ўслед за імёнамі заснавальнікаў беларускай літаратуры Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, быў Алесь Гарун (сапраўднае прозвішча Аляксандр Уладзіміравіч Прушынскі) – самы пакутны з беларускіх песняроў. Жыццёвы лёс А. Гаруна склаўся так, што літаратурнай дзейнасцю ён на працягу дзесяці гадоў быў вымушаны займацца ў няволі: то за турэмнымі кратамі, то насільна адарваны ад свайго асяроддзя, ад роднай зямлі, а пад канец жыцця – ужо на радзіме ва ўмовах разбуральнай вайны, іншаземных нашэсцяў.
Біяграфія А. Гаруна яшчэ добра не вывучана. Дзень і месца яго нараджэння ў розных крыніцах называюцца розныя. Адны сцвярджаюць, што нарадзіўся А. Гарун 27 лютага 1887 г. (па старым стылі), другія даказваюць, што паколькі А. Прушынскі быў католікам, а каталіцкі касцёл ужо некалькі стагоддзяў карыстаецца новым стылем, то аб старым гаворка не ідзе. Даследчык творчасці А. Гаруна У. Казбярук выказвае меркаванне, што прадстаўнікі касцёла ў выпісцы, прызначанай для афіцыйнай дзяржаўнай установы, падалі звесткі па старым стылі. “Гэта дае падставу лічыць, што Алесь Гарун нарадзіўся 11 сакавіка”*. Тое ж тычыцца і месца яго нараджэння: называецца як Мінск, так і в. Новы Двор Мінскага павета (цяпер Мінскі раён). Бацька паэта, хоць і быў прылічаны да вёскі, працаваў чорнарабочым у Мінску. І сам Алесь пасля заканчэння гарадскога прыходскага, а потым рамеснага вучылішча працаваў столярам у розных майстэрнях і на мэблявай фабрыцы. Належнай адукацыі А. Гарун у дзяцінстве не атрымаў. Свае веды ён удасканальваў самастойна, шляхам самаадукацыі. З маладых гадоў ступіў А. Гарун на шлях рэвалюцыйнай барацьбы. У 1904 г. ён звязаў свой лёс з партыяй эсэраў і за шырокую прапагандысцкую дзейнасць быў у 1907 г. арыштаваны і пасаджаны спачатку ў мінскі астрог, а потым пераведзены ў Вільню. Там яго прыгаварылі да ссылкі ў Сібір, якая на доўгія гады стала яго домам, жыццёвым і творчым “універсітэтам”. З Сібіры А. Гарун вярнуўся хворы на сухоты, але адразу ўключыўся ў грамадска-палітычную і культурную справу. “Ідэйныя пазіцыі А. Гаруна ў той багаты грамадскімі катаклізмамі час аказаліся не такімі адназначнымі і просталінейнымі”**, – падкрэслівае У. Казбярук. У 1918 г. ён аддае пахвалу рускаму пралетарыяту і рэвалюцыі ў Расіі. Потым прымае актыўны ўдзел у беларускім нацыянальна-вызваленчым руху. У 1920 г. здароўе Гаруна пагаршаецца: да сухотаў дабаўляецца тыф. Цяжка хворы ён трапляе ў Кракаў, дзе праз месяц і памірае, пражыўшы ўсяго 33 гады.
Пісаць А. Гарун пачаў яшчэ ў юнацтве, але ніводнага твора гэтага перыяду не захавалася. У 1907 г. у газеце “Наша ніва” ён дэбютаваў з вершам “Маці-Беларусі”. З найбольш ранніх твораў да нас дайшла паэма “Мае коляды”, датаваная 1905 г., якая пабачыла свет толькі ў 1920 г. пад псеўданімам А. Сумны. Трапіўшы ў астрог, Гарун пісаў рэвалюцыйныя вершы, але на прафесійным узроўні літаратурнай творчасцю заняўся ўжо ў Сібіры, адкуль пасылаў свае вершы ў газеты “Наша ніва” і “Беларус”. У 1914 г. А. Гарун падрыхтаваў зборнік вершаў “Матчын дар”, які быў надрукаваны ў 1918 г. Крытыкі ставяць гэты зборнік побач з такімі кнігамі, як “Шляхам жыцця” Я. Купалы і “Вянок” М. Багдановіча. Акрамя гэтай адзінай прыжыццёвай паэтычнай кнігі А. Гаруна вядомы яго вершы, апублікаваныя ў розных выданнях пад псеўданімамі І. Жывіца, А. Сумны, А. Навадворскі, Сальвэсь. Зборнік “Матчын дар” – паэтычная песня-скарга, напоўненая сумным настроем, болем за незайздросны лёс Бацькаўшчыны, за сваю адарванасць ад яе (“Думы ў чужыне”, “Журба”, “У выгнанні”, “Роднаму краю” і інш.). Прыкметнае месца ў кнізе займаюць грамадзянскія, дэмакратычныя і рэвалюцыйныя матывы. Пачуццё адказнасці за лёс роднага краю ўзмацняецца ў паэта пасля яго вяртання з ссылкі. Аб гэтым сведчаць яго новыя вершы (“Народ”, “Пажар”) і шэраг публіцыстычных артыкулаў. Вядомы А. Гарун не толькі вершамі, але і апавяданнямі (“Першы снег”, “Маладое”, “Пан Шабуневіч”, “П’ера і Каламбіна” і інш.). У асобе А. Гаруна беларуская літаратура атрымала і цудоўнага дзіцячага пісьменніка, аб чым пераконваюць яго “Жывыя казкі” для дзіцячага тэатра.
* Гарун, А. Выбраныя творы / Алесь Гарун. Мінск, 2003. С. 5.
* * Гарун, А. Сэрцам пачуты звон: паэзія. Проза. Драматургія. Публіцыстыка. Мінск, 1991. С. 16.