Date of Birth:
24.02.1805 Мсціслаў, г., Магілёўская вобласць
Date of death:
07.05.1861 Расія
Quick reference:
прыродазнавец, геолаг, педагог, папулярызатар навукі, кавалер ордэна святой Ганны ІІ ст.
Names in other languages:
Куторга Степан Семёнович (russian);
3561 char
Reference
Сцяпан Сямёнавіч Кутарга ўнёс значны ўклад у развіццё айчыннай палеанталогіі. Ён стаяў ля вытокаў такіх навук, як палеазаалогія, палеабатаніка, палеаэкалогія.
Нарадзіўся будучы вучоны ў Мсціслаўлі Магілёўскай губерні (цяпер Магілёўская вобласць) у сям’і служачага. Пачатковую адукацыю атрымаў дома пад кіраўніцтвам бацькі. У 1813 г. сям’я пераехала ў Санкт-Пецярбург. З 1818 г. як вольны слухач наведваў Санкт-Пецярбургскую губернскую гімназію. Затым вучыўся ў настаўніцкім інстытуце. У 1827 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, потым быў пераведзены ў Імператарскі Дэрпцкі ўніверсітэт на медыцынскі факультэт. У 1832 г. атрымаў ступень доктара медыцыны за дысертацыю на тэму «Об органах голоса и речи серого попугая, или жако». У 1832‒1833 гг. падарожнічаў па Крыме, вывучаў акамянеласці з нумулітавых вапнякоў у ваколіцах Сімферопаля, руіны Херсанеса, вёў назіранні на паўночным беразе Паўночнай бухты ў Севастопалі. З 1833 г. узначальваў кафедру заалогіі Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. У 1835 г. атрымаў званне экстраардынарнага, у 1837 г. ‒ ардынарнага прафесара. Чытаў лекцыі па заалогіі, анатоміі, палеанталогіі. Вучоны адным з першых у Расіі стаў выкладаць студэнтам эвалюцыйнае вучэнне Ч. Дарвіна. Пад яго кіраўніцтвам арганізаваны Зоатамічны кабінет. З 1842 г. і да канца жыцця з’яўляўся старшынёй Санкт-Пецярбургскага мінералагічнага таварыства. За гады кіравання таварыствам С.С. Кутарга значна пашырыў кірункі навуковай дзейнасці. Палеанталагічныя даследаванні сталі праводзіцца не толькі ў Санкт-Пецярбургу, але і па ўсёй краіне. Дзякуючы намаганням вучонага заснаваны часопіс «Записки Санкт-Петербургского Российского императорского минералогического общества». З 1835 па 1848 г. быў цэнзарам Санкт-Пецярбургскага цэнзурнага камітэта і інспектарам прыватных навучальных устаноў Санкт-Пецярбургскай акругі. З 1848 г. працаваў выкладчыкам мінералогіі ў Галоўным педагагічным інстытуце, чытаў лекцыі па мінералогіі і геагнозіі.
Сцяпан Сямёнавіч ‒ аўтар больш за 40 навуковых прац па прыродазнаўстве, заалогіі, палеанталогіі, мікрабіялогіі, анатоміі чалавека. Сярод іх ‒ «Описание нескольких новых видов окаменелостей из долины Салгира при Симферополе» і «Отрывки из путешествия в Крым 1833 года» (1834), «Естественная история наливочных животных, составленная преимущественно из наблюдений Эренберга» (1839), «Общий закон появления, существования и исчезания организмов» (1850), «Программа геогностической карты Санкт-Петербургской губернии» (1852), «Естественная история земной коры» (1858) і інш. Даследаванні, якія вучоны праводзіў на Урале, дазволілі ўпершыню даць характарыстыку пазваночных і членістаногіх жывёл, выкапнёвых рэшткаў раслін пермскага перыяду. У 1852‒1854 гг. вандраваў па Фінляндыі, Эстоніі і Пскоўскай губерні, сабраў узоры дыябазавых парод вострава Валаам на Ладажскім возеры, якія атрымалі назву лабрадоравыя граніты. Даследчык і яго брат, прафесар гісторыі Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта М.С. Кутарга, кожны год наведвалі Мсціслаў, дзе вялі культурна-асветніцкую работу сярод мясцовага насельніцтва.
Адно з самых значных дасягненняў С.С. Кутаргі ‒ складанне падрабязнай геалагічнай карты Санкт-Пецярбургскай губерні (1852). Калекцыі, якія ён вывучаў, захоўваюцца ў Палеанталагічным музеі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Заслугі вучонага ў галіне геалогіі, палеанталогіі і заалогіі адзначаны Дзямідаўскай прэміяй Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук і Канстанцінаўскім медалём Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства (1852).