Quick reference:
вучоны ў галіне парашковай металургіі, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1980), Міжнароднай прэміі імя Дж. Нэру (1992) і Міжнароднай прэміі Індыйскай асацыяцыі парашковай металургіі (2002), кавалер ордэна Дружбы народаў
Names in other languages:
Roman Oleg V. (english); Роман Олег Владиславович (russian);
3079 chars
Reference
Алег Уладзіслававіч Роман нарадзіўся ва Уладзівастоку (Расія) у сям’і настаўнікаў. У 1948 г. скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (БПІ), у 1951 г. ‒ аспірантуру Ленінградскага політэхнічнага інстытута імя М. І. Калініна. У 1951 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Борьба с вибрациями при обработке металлов резанием». У гэтым жа годзе пачаў працаваць выкладчыкам на кафедры тэхналогіі металаў БПІ, з 1955 г. быў яе загадчыкам. Пад яго кіраўніцтвам былі пачаты першыя навукова-даследчыя і вопытна-канструктарскія работы па парашковай металургіі. Па ініцыятыве вучонага ў 1956 г. пры кафедры заснавана лабараторыя парашковай металургіі. У 1960 г. заняў пасаду кіраўніка Цэнтральнай базавай лабараторыі парашковай металургіі. У 1972 г. на базе лабараторыі створаны навукова-даследчы інстытут парашковай металургіі БПІ, які ў 1980 г. рэарганізаваны ў Беларускае дзяржаўнае навукова-вытворчае аб’яднанне парашковай металургіі (ДНВА ПМ). У 1980‒1993 гг. А.У. Роман быў генеральным дырэктарам ДНВА ПМ. З 1993 г. з’яўляўся саветнікам ДНВА ПМ НАН Беларусі. У 1991‒1996 гг. быў старшынёй савета Фонда фундаментальных даследаванняў Рэспублікі Беларусь.
Алег Уладзіслававіч ‒ аўтар больш за 340 навуковых прац па матэрыялазнаўстве, тэхналогіі металаў і канструкцыйных матэрыялаў, тэорыі і практыцы прасавання і фармавання парашковых матэрыялаў розных відаў, спосабах атрымання металакерамічных вырабаў. Сярод іх ‒ «Измерительный инструмент» (1954, у суаўтарстве), «Изготовление и применение металлокерамических деталей» (1958), «Обработка металлов резанием и станки» (1970, у суаўтарстве), «Пути повышения эффективности применения спеченных фрикционных материалов» (1979, у суаўтарсве), «Ультразвуковой и резистометрический контроль в порошковой металлургии» (1989, у суаўтарстве) і інш. Вучоны ўстанавіў з’явы, якія аказваюць уплыў на тэхналагічныя ўласцівасці парашковага матэрыялу пры яго фармаванні і дэфармаванні. Дзякуючы Алегу Уладзіслававічу даследаваны імпульсныя метады нагружэння парашковых матэрыялаў, упершыню навукова абгрунтаваны тэхналагічныя працэсы і распрацавана абсталяванне гідрадынамічнага імпульснага прасавання парашковых матэрыялаў. Ён лічыцца заснавальнікам навуковай школы парашковай металургіі Беларусі. Пад кіраўніцтвам А.У. Романа створана доследная і прамысловая вытворчасць у гэтай галіне. Даследчыкам атрымана 60 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў. У 1977‒1995 гг. быў галоўным рэдактарам міжведамаснага навуковага зборніка «Порошковая металлургия».
У 1976 г. А. У. Роману прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі БССР. У 1980 г. за распрацоўку і ўкараненне ў народную гаспадарку новых порыстых матэрыялаў і вырабаў на аснове металічных парашкоў ён удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР. Вучоны ўзнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў (1981), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1986), Міжнароднай прэміяй імя Дж. Неру (1992), Міжнароднай прэміяй Індыйскай асацыяцыі парашковай металургіі (2002), медалём Францыска Скарыны (1995), іншымі медалямі. У 2018 г. яго імем названы Інстытут парашковай металургіі НАН Беларусі.