Чалавек шырокіх і рознабаковых інтарэсаў, мастак рамантычнага плана, Л. П. Данелія нарадзiўся 27 сакавiка 1946 г. у г. Брэсце. Першыя мастацкія веды і ўменні будучы майстар набыў у знакамітага беларускага мастака, свайго бацькі і першага настаўніка – Пятра Аляксеевіча Данелiі.
Леанід Данелія атрымаў добрую прафесійную адукацыю: скончыў Мiнскае мастацкае вучылiшча (1965) і Беларускi тэатральна-мастацкi iнстытут (1970). Вучыўся ў такіх выдатных майстроў жывапісу, як В. Цвірка, Л. Шчамялёў, А. Малішэўскі, В. Гусеў. Шукаў свой адметны шлях у графіцы, прыкладным і дэкаратыўным мастацтве, архітэктуры і жывапісе.
Шмат гадоў Л. Данелія працаваў у галіне мастацкага афармлення і праектавання. Ім былі аздоблены інтэр’еры дома адпачынку “Белая Русь” на возеры Нарач, дзіцячага садка фабрыкі “Элема” ў Мінску (вітражы, манументальны роспіс на тэмы беларускіх народных казак), гасцінічнага комплексу саўгаса “Заказельскі” Брэсцкай вобласці (дэкаратыўны жывапіс, вітраж, люстры). Для сталічнага Музея алімпійскай славы мастак стварыў афармленне экспазіцыі, інтэр’ера, карціннай галерэі. Руплівасць і прафесійны падыход да ўсяго, што ён робіць, надалі мастаку аўтарытэт сярод калег і заказчыкаў.
Мастацкае афармленне і праектаванне – гэта “здабыванне на жыццё”, а “для душы” мастак усе гады займаўся манументальна-дэкаратыўным і станкавым жывапісам. Шмат на карцінах майстра неабсяжных беларускіх прастораў і лясоў, блакітных рэк і азёраў: “Бабіна лета на Прыпяці”, “Зорка Венера”, “Ліпеньскія навальніцы”, ”Браслаўскія прасторы”, “Майскія прыцемкі на рацэ Пціч”, “Возера Нарач. Ружовы вечар”, “Таямніца. Зорныя сустрэчы” і інш. Вобразы жанчын таксама не пакідаюць яго палотны. І кожная з такіх работ – гэта гімн жаноцкасці: “Вераніка”, “Верны сябар”, “Кветкі восені”, “Поўня”, “Абуджэнне”, “Мары і адзінота” і інш.
З 1976 г. мастак удзельнічае ў мастацкіх выставах. Праведзеныя ў германскім г. Фройдэнштаце персанальныя выставы Л. Данеліі завяршыліся аўкцыёнам, на якім былі прададзены ўсе яго 20 карцін, а грошы пералічаны ў фонд беларускіх дзетак, пацярпелых ад Чарнобыля. Творы мастака знаходзяцца ў Полацкім гісторыка-культурным запаведніку, Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску.
З 1988 г. Л. П. Данелія – член Беларускага саюза мастакоў. Ён шмат працуе і працягвае адкрываць сябе ў жывапісе, а набыты за пражытыя гады багаты вопыт перадае сваім студэнтам.
Матэрыял падрыхтаваны Брэсцкай абласной бібліятэкай імя М. Горкага ў 2011 г.