Уладзімір Іванавіч Ягоўдзік (сапраўднае прозвішча Ягаўдзік) адносіцца да тых беларускіх пісьменнікаў, якія прыйшлі ў літаратуру ў 70–80-я гг. XX ст. з пэўнай мэтай – асэнсаваць, зафіксаваць і па-мастацку перадаць шматлікія прыкметы рэчаіснасці і часу. Ён піша вершы і прозу, выступае як літаратурны крытык, перакладае з рускай і ўкраінскай моў.
Нарадзіўся У. Ягоўдзік у в. Кастровічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Ён рана застаўся без бацькоў і сярэднюю адукацыю атрымліваў у Дзятлаўскай, Слонімскай, Зэльвенскай школах-інтэрнатах. З 1973 па 1978 г. вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. Выкладчыкамі будучага пісьменніка былі Н. Гілевіч, А. Лойка, С. Александровіч, В. Рагойша. У 1978–1982 гг. У. Ягоўдзік з’яўляўся карэспандэнтам брэсцкай абласной газеты “Заря”, рэдактарам Брэсцкай студыі тэлебачання. З 1982 г. жыве ў Мінску. Да 1990 г. працаваў у рэдакцыі штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, з 1992 г. займаў пасаду рэдактара газеты “Дзеці і мы”. У 1993–1996 гг. быў рэдактарам аддзела прозы часопіса “Нёман”, з 1997 г. галоўным рэдактарам часопіса “Бярозка”, адначасова (з 1995) галоўным рэдактарам часопіса “Лесавік”. У 1985 г. прыняты ў члены Саюза пісьменнікаў БССР. З 2003 г. займаецца творчай працай.
У друку У. Ягоўдзік дэбютаваў як паэт. Яго вершы былі апублікаваны ў 1972 г. у зэльвенскай раённай газеце “Праца” і “Гродненской правде”. У 1978 г. на старонках рэспубліканскіх выданняў пачалі з’яўляцца празаічныя творы (апавяданні “Стрэл дуплетам”, “Пасылка з дому”, “Стронга”, “Перадзім’ем” і інш.), якія разам з аповесцю “І паклікала я...” увайшлі ў кнігу “Стронга” (1984). Яны прасякнуты пачуццём любві да роднага краю, павагай да людзей працы, юнацкімі ўспамінамі. Свет прыроды і месца чалавека ў ім заўсёды цікавілі пісьменніка, і гэта знайшло адлюстраванне ў мастацкіх творах, якія склалі кнігі “Прыручэнне птушкі” і “Вочы Начніцы” (1989). Ранняя проза У. Ягоўдзіка вылучаецца лірычнасцю, дакладнасцю, выразнай сакавітай мовай, сюжэтнай стройнасцю, стылёвай зладжанасцю, актыўнасцю аўтарскай пазіцыі, праўдзівасцю і шчырасцю.
Асобнай старонкай літаратурнай дзейнасці пісьменніка з’яўляюцца творы для дзяцей. Казкі, змешчаныя ў кнігах “Сонейка, свяці!” (1988), “Царэўна ў падземным царстве” (2000), “Медзяны Дзядок” (2014), вучаць маленькіх чытачоў адрозніваць добрае ад ліхога, прыгожае ад брыдкага, абуджаюць неабыякавае стаўленне да свету. У іх аўтар шырока выкарыстоўвае вобразы і сюжэты беларускага фальклору. Легенды, паданні, загадкі, лічылкі, скорагаворкі, забаўлянкі, гульні, прыказкі і прымаўкі, народныя прыкметы ўключаны таксама ў творы, якія ўвайшлі ў кнігі “Ці вернецца князь Кук?” і “Янка і Ружа” (1993; Літаратурная прэмія імя Я. Маўра, 1994), “У царстве Вадзяніка” (1995), “Вужовы кароль” (1996), “Грыбок, грыбок, выстаў лабок” (1997), “Бабуліна варта” (1999), “Птушыная дарога” і “Рэха турынага рога” (2002), “Цікаўныя выдраняты”, “Сонечныя пялёсткі” і “Звярынец апошняга ледавіка” (2003) і інш. У 2004 г. выйшла выданне “Нацыянальныя паркі і запаведнікі Беларусі”, дзе сабраны нарысы пра дзівосныя прыродныя багацці і хараство Белавежскай пушчы, Бярэзінскага біясфернага запаведніка, нацыянальных паркаў “Прыпяцкі”, “Нарачанскі”, “Браслаўскія азёры”. Прыродзе Беларусі прысвечаны таксама апавяданні і мініяцюры, уключаныя ў кнігі “Год-карагод” (2013), “Лясныя таямніцы” (2014). У 2015 г. выйшаў зборнік “Быў знак на небе, або Прырода Беларусі ў з’явах і падзеях”, дзе сабраны цікавыя звесткі пра беларускую прыроду за тысячу гадоў, прыведзеныя ў летапісах і на старонках друкаваных выданняў. Творы У. Ягоўдзіка вучаць берагчы ўсё жывое, абуджаюць дапытлівасць, выхоўваюць назіральнасць, дапамагаюць дзецям адчуць красу роднай зямлі, глыбей пранікнуць у яе чароўны свет.
Мінуўшчына Беларусі – тэма, да якой пісьменнік звярнуўся яшчэ ў пачатку творчасці. Яна адлюстравана ў шматлікіх кнігах – “Заклятыя скарбы” (1992; прэмія Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, 1993), “Сем цудаў Беларусі” (1999), “Менеск і яго браты” (2004), “Сіні калодзеж” (2012), “Шлях Рагвалода” (2013) і інш. Гэтыя выданні знаёмяць юнага чытача з гісторыяй нашай краіны, жыццём і дзейнасцю яе знакамітых асоб. У 1999 г. выйшла кніга “Аповесць мінулых гадоў”, у якой аўтар пераказаў для дзяцей славуты помнік пісьменнасці.
Паводле твораў У. Ягоўдзіка ў розныя часы былі пастаўлены спектаклі на радыё і тэлебачанні, а таксама ў многіх лялечных і драматычных тэатрах нашай рэспублікі і за яе межамі. Асаблівым поспехам у дзяцей карысталася пастаноўка “Калі тупне зайка” (1992). П’есы-казкі пісьменніка ўпершыню сабраны ў зборніку “Спеўны кірмаш” (2011). У іх тэксты ўключаны песні, якія напісалі вядомыя беларускія паэты А. Пісьмянкоў, Л. Дранько-Майсюк, А. Бадак і М. Пракаповіч.
Выступае ў перыядычным друку як літаратурны крытык, а таксама з мастацтвазнаўчымі артыкуламі пра самадзейных і прафесійных мастакоў рэспублікі. З’яўляецца аўтарам кнігі пра пісьменнікаў і мастакоў “Белыя рысы на чорным полі” (1995).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.