Юзаф Багуслаў Слушка, дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), паходзіў са старажытнага шляхецкага роду герба “Астоя”. Нарадзіўся ў сям’і падскарбія надворнага літоўскага. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Браўнсбергу (цяпер гміна Бранёва ў Польшчы), потым у Львове, Вільні, Кракаве. Ён рана страціў бацьку, пасля смерці якога атрымаў вялікую спадчыну – Рэчыцкае, Азярыцкае, Пінскае і іншыя староствы. На сеймах прадстаўляў рэчыцкую шляхту. Значную частку жыцця Ю. Б. Слушка прысвяціў ваеннай справе. Ён прымаў удзел амаль ва ўсіх ваенных кампаніях Рэчы Паспалітай, што адбываліся на працягу апошняй чвэрці XVII ст. З 1685 г. па 1701 г. займаў пасаду гетмана польнага літоўскага.
Баявое хрышчэнне Ю. Б. Слушка атрымаў у бітве каля замка Хацін на Днястры (лістапад 1673 г.), дзе армія пад камандаваннем вялікага кароннага гетмана Я. Сабескага (каля 40 тыс. чалавек) перамагла турэцкае войска Гусейна-пашы. У гэтай бітве ён узначальваў харугвы пяцігорцаў і драгунаў. У наступным годзе ў час восеньскай кампаніі супраць Турцыі ваяваў у складзе войска гетмана польнага літоўскага М. К. Радзівіла. У 1676 г. у чарговай аперацыі супраць турак выставіў 120 пяцігорцаў і 80 пехацінцаў. Пасля перамогі ў бітве пад Жураўно, якая цягнулася больш за месяц (верасень–кастрычнік 1676 г.), прысутнічаў разам з іншымі военачальнікамі пры падпісанні туркамі Жураўненскага мірнага дагавора. У наступным годзе ўзначаліў харугву панцырную ў каронным войску, якой камандаваў да 1685 г., пакуль не атрымаў булаву польнага гетмана. У час шматлікіх бітваў з татарамі і туркамі ў перыяд ваенных аперацый 1673–1698 гг. Ю. Б. Слушка паказаў сябе як храбры воін. Ён камандаваў цяжкай кавалерыяй у баях пад Венай (1683), у складзе кароннага войска змагаўся з туркамі пад Жванцам (1684), у 1685 г. узначальваў корпус на Букавіне; восенню 1689 г. прыняў удзел у блакадзе Камянца-Падольскага; адзначыўся перамогай над татарамі пад Сучавай і пры асадзе крэпсці Нямц (1691). У кастрычніку 1694 г. удзельнічаў у бітве пад Усцечкам, дзе было знішчана аб’яднанае турэцка-татарскае войска. У час Грамадзянскай (Хатняй) вайны (1696–1702) Ю. Б. Слушка спачатку падтрымліваў Сапегаў, прадстаўнікі якіх займалі галоўныя дзяржаўныя пасады ў ВКЛ. Пасля смерці караля польскага і вялікага князя літоўскага Я. Сабескага далучыўся да Радзівілаў, Пацеяў, Агінскіх і іншых магнатаў (Алькеніцкая апазіцыя), якія разам з прадстаўнікамі сярэдняй шляхты выступалі супраць Сапегаў. Кіраўніком апазіцыі з’яўляўся гетман польны літоўскі М. С. Вішнявецкі.
Юзаф Багуслаў Слушка быў фундатарам касцёла і кляштара бернардзінцаў у Валожыне (знішчаны пажарам у 1730 г.). У 1697 г. у гонар жонкі Тэрэзы на беразе Заходняга Буга насупраць Брэст-Літоўска заснаваў крэпасць Тэрэспаль. Ён памёр у Кракаве. Быў пахаваны ў Стоўбцах у скляпеннях мясцовага касцёла, які не захаваўся.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.