Святы Казімір ушаноўваецца каталіцкай царквой як апякун зямель Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ, з 1613 г.), Польшчы (з 1636 г.) і моладзі (з 1948 г.). Ён з’яўляецца патронам Гродзенскай рымска-каталіцкай епархіі (з 1991 г.), а ў Літве лічыцца нябесным заступнікам рамеснікаў.
Нарадзіўся будучы святы ў Кракаве ў сям’і Казіміра IV Ягелончыка, караля Польшчы і вялікага князя літоўскага, і Альжбеты Ракушанкі, малодшай дачкі караля Германіі Альбрэхта ІІ. У раннім дзяцінстве жыў з маці ў замку ў Старым Сончы (зараз горад у Малапольскім ваяводстве, Польшча), дзе вёў адасобленае і ціхае жыццё. Бацькі выхоўвалі яго ў вялікай набожнасці. Казімір атрымаў добрую гуманітарную адукацыю пад кіраўніцтвам вядомых дзеячаў таго часу ў галіне гісторыі, тэалогіі, дыпламатыі і палітыкі – Я. Длугаша, Я. Канта, Ф. Калімаха і С. Шыдлавецкага. Ён выдатна ведаў латынь, нямецкую мову, рана быў далучаны да палітычных спраў дзяржавы – суправаджаў бацьку ў паездках па краіне, прысутнічаў на нарадах Кароннага Савета, міжнародных перагаворах. У 1471 г. з мэтай заняць венгерскі трон удзельнічаў у ваеннай аперацыі польскіх войск у Венгрыі, якая скончылася няўдала. У 1475 г. Казімір быў абвешчаны нашчадкам Польскай Кароны. У 1481–1483 гг., калі кароль знаходзіўся ў ВКЛ, выконваў абавязкі яго намесніка ў Польскім Каралеўстве, паказаў сябе справядлівым і разважлівым кіраўніком. Будучы хворы на сухоты і даўшы зарок цнатлівасці, адмовіўся ад шлюбу з дачкой германскага імператара Фрыдрыха ІІІ. Па сведчаннях сучаснікаў, вылучаўся незвычайнай сціпласцю, дабрынёй, набожнасцю, шмат часу праводзіў у малітвах, займаўся дабрачыннасцю. У маі 1483 г. па выкліку караля прыехаў у Вільню для таго, каб заняць пасаду кароннага падканцлера. У канцы гэтага ж года яго здароўе значна пагоршылася і 4 сакавіка 1484 г. Казімір памёр. Быў пахаваны ў каралеўскай капліцы Маці Божай Віленскага кафедральнага сабора Святога Станіслава і Святога Уладзіслава.
З цягам часу магіла Казіміра, дзе, па сведчаннях вернікаў, пачалі адбывацца цудоўныя з’явы, ператварылася ў месца паломніцтва. Гэта акалічнасць выкарыстана Святым Прастолам у Рыме, які быў зацікаўлены ва ўмацаванні каталіцкай царквы ў ВКЛ праз стварэнне тут культу ўласных святых, асабліва з ліку каралеўскай дынастыі. Таму ўзнятае пытанне аб кананізацыі каралевіча акрамя рэлігійнага, насіла таксама і палітычны характар. Працэс кананізацыі быў пачаты яшчэ ў пачатку XVI ст. Дакументальныя звесткі аб святасці Казіміра і цудах, што адбываліся пры яго пахаванні, вядомы з запісаў дзяржаўнага дзеяча ВКЛ і дыпламата Э. Цёлка, а таксама роднага брата каралевіча – вялікага князя літоўскага Аляксандра Казіміравіча. Таксама ў гэты перыяд каталіцкай царквой праведзена даследаванне жыцця Казіміра на прадмет святасці. Твор «Жыццё блажэннага Казіміра-вызнаўцы, самага вядомага з найсвятлейшых каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх, якое было апісана разам са сведчаннямі вартых даверу відавочцаў айцом Захарыем Ферэры, папскім легатам у Польшчу і Літву» (Кракаў, 1521) у далейшым стаў адной з найважнейшых крыніц жыццеапісання святога. З-за шэрага акалічнасцей кананізацыйны працэс расцягнуўся на стагоддзе і завершаны толькі Папам Рымскім Кліментам VIІI, які паўторна загадаў аднавіць ушанаванне святога Казіміра ва ўсім каталіцкім свеце. Канчатковыя кананізацыйныя ўрачыстасці праведзены ў Віленскім кафедральным саборы ў 1604 г. Да 1627 г. канонікам Р. Свянціцкім сабрана і засведчана больш за 400 цудаў, якія здарыліся пры грабніцы. У 1636 г. астанкі святога Казіміра былі ўрачыста перанесены ў новую капліцу ў Віленскім кафедральным саборы. У наступныя гады, дзякуючы езуітам, культ святога асабліва распаўсюдзіўся ў ВКЛ. Да яго, як да нябеснага заступніка, звярталіся ў час войнаў ці агульнанацыянальных бедстваў. У яго гонар у розных населеных пунктах ВКЛ (Полацку, Стоўбцах, Усялюбе, Ліпнішках і інш.), а таксама за межамі краіны (Варшаве, Неапалі, Вене і інш.) пабудаваны касцёлы і капліцы, створаны алтары і іконы. Іконаграфічны канон прадпісваў маляваць святога ў поўны рост у княжацкім абліччы з мітрай на галаве і з ліліяй, як сімвалам цнатлівасці, у руцэ.
Дзень памяці святога Казіміра адзначаецца касцёлам 4 сакавіка. Па традыцыі ў гэты дзень у Вільнюсе штогод у гонар святога праводзіцца святочны кірмаш «Казюкас», які суправаджаецца карнавальным шэсцем і гандлем рамеснымі вырабамі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.