Радзівіл Юрый (мянушкі Віктар, Пераможца, Літоўскі Геркулес), сын Мікалая Радзівіла Старога
Date of Birth:
каля 1480
Date of death:
красавік 1541
Quick reference:
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ
Aliases:
Виктор; Віктар; Літоўскі Геркулес; Пераможца
Names in other languages:
Radziwiłł Jerzy Herkules (polish); Радзивилл Юрий (russian);
3026 chars
Reference
Амаль у кожнай гісторыі ёсць гераічныя постаці, якія дасягнулі вялікага поспеху ў ваеннай справе. У беларусаў сярод такіх воінаў-пераможцаў вылучаецца асоба Юрыя Радзівіла. Нарадзіўся ён каля 1480 г. у сям'і канцлера Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) Мікалая Радзівіла Старога. Паходжанне спрыяла таму, што ўжо з 1500-х гг. князь займаў пасады намеснікаў, у тым ліку вяленскага, мейшагалаўскага, мерацкага, уцянскага, мазырскага (у 1511–1514), гродзенскага (з 1514), лідскага і беліцкага (з 1528). Быў таксама падчашым ВКЛ (1509–1517), ваяводам кіеўскім (1511–1514), гетманам надворным (польным) (1520–1523), кашталянам трокскім (1522–1527) і віленскім (з 1527), маршалкам надворным (з 1528) і вялікім гетманам ВКЛ (з 1531).
Юрый Радзівіл праславіўся сваім удзелам у войнах і перамогамі ў 30 бітвах. У 1508 г. удзельнічаў у вайне з Маскоўскай дзяржавай. У 1511 г. разам са слуцкім князем Ю. Алелькавічам разбіў крымскіх татар ва ўрочышчы Рутка (пад Кіевам). 28 красавіка 1512 г. удзельнічаў у пераможнай бітве пад Лапушнай (каля Вішняўца). Галоўную перамогу здабыў у бітве пад Оршай 8 верасня 1514 г., дзе камандаваў харугвамі конніцы ВКЛ. За мужнасць і талент вайскоўца атрымаў мянушкі Віктар, Пераможца, Літоўскі Геркулес. Гэта была сапраўды найвялікшая народная ўзнагарода. У 1517 г. Ю. Радзівіл удзельнічаў у паходзе пад Пскоў, а ў 1519 г. у баях з маскоўскім войскам каля Крэва. 27 студзеня 1527 г. ён з гетманам К. Астрожскім разбіў татар на р. Альшаніцы за г. Каневым. Гэта перамога вызваліла дзесяткі тысяч жыхароў княства і Кароны з татарскага палону, а Крым пачаў па-іншаму ставіцца да ВКЛ, нават неаднойчы звяртаўся да Вільні па дапамогу, чаго не было ад часу Вітаўта. Татарскія напады пасля Альшаніцы сталі радзейшымі і менш адчувальнымі. У 1519–1521 гг. Ю. Радзівіл ваяваў супраць Тэўтонскага ордэна. Камандаваў войскам ВКЛ у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы ў 1534–1537 гг. Самая пачэсная ўзнагарода за шчырае служэнне Бацькаўшчыне чакала Ю. Радзівіла ў 1531 г. Пасля смерці К. Астрожскага ён атрымаў пасаду гетмана, якую займаў да канца жыцця.
Юрый Радзівіл з'яўляўся ўпартым прыхільнікам незалежнасці ВКЛ ад Польшчы, але як рэаліст дамагаўся пашыранай аўтаноміі. У 1526 г. быў сярод тых, хто падпісаў петыцыю да польскага караля і кіраўніка Рэчы Паспалітай Жыгімонта I з патрабаваннем стварыць асобнае Каралеўства Літоўскае пад кіраўніцтвам яго сына Жыгімонта II Аўгуста. У 1530-х гг. ён разам з канцлерам ВКЛ А. Гаштольдам і жамойцкім старастам Я. Радзівілам уваходзіў у магнацкі трыумвірат, які фактычна кіраваў ВКЛ у час адсутнасці вялікага князя.
Юрый Радзівіл быў адным з багацейшых магнатаў ВКЛ і валодаў уласнасцю пераважна ў Літве. На Беларусі меў маёнткі ў Ашмянскім, Гродзенскім, Лідскім, Навагрудскім і Мінскім паветах. Ён з’яўляўся таксама заснавальнікам біржанска-дубінкаўскай галіны роду Радзівілаў. Пасля смерці князя ў красавіку 1541 г. усе ўладанні і маёмасць перайшлі да яго адзінага сына Мікалая Радзівіла Рудога.