Аграгарадок Бабінавічы мае даўняе паходжанне, яго вытокі адносяць да канца XVI ст. Паходжанне назвы звязана са старажытным сялом Бабіна, якое знаходзілася ў складзе Аршанскага староства Вялікага Княства Літоўскага. У канцы XVI–XVII ст. Бабінавічы мелі статус мястэчка і былі цэнтрам Бабінавіцкага староства Віцебскага ваяводства. У канцы XVII–XVIII ст. мястэчкам валодалі князі Агінскія. Частка зямель належала аршанскаму кляштару трынітарыяў.
У 1772 г. мястэчка ўвайшло ў склад Расійскай імперыі і стала адносіцца да Аршанскага павета Магілёўскай губерні. У 1777–1796 і 1802–1840 мела статус горада, было цэнтрам павета. У 1781 г. Бабінавічы атрымалі герб: у блакітным полі дзве мачты з флюгерамі – як знак таго, што ў ваколіцах нарыхтоўваўся карабельны лес. Горад меў прыстань і склад лесаматэрыялаў, маршрут сплаўкі праходзіў па рэках Лучоса і Заходняя Дзвіна. У перыяд 1796–1802 гг. і з 1840 г. Бабінавічы мелі статус заштатнага горада.
У час Айчыннай вайны 1812 г. тут спыняўся французскі імператар Напалеон Банапарт. Са славутасцей у Бабінавічах меліся дзве хрысціянскія святыні – храм, да якога прымыкала званіца, і касцёл. Праваслаўны храм пабудаваны ў 1838 г. на месцы старой уніяцкай царквы. Каталіцкі касцёл Святой Тройцы быў узведзены ў 1782–1797 гг. на падмурках кляштара трынітарыяў. Чатыры разы ў год непадалёку, ля гары “Касцёльная”, ладзіліся кірмашы. Былі таксама ў Бабінавічах у той час сінагога і школа.
Згодна з першым перапісам Расійскай імперыі 1897 г. агульная колькасць насельніцтва горада складала 1157 жыхароў (575 муж. і 582 жан.), дзейнічала царкоўна-прыходская школа, пошта і тэлеграф.
Пасля 1917 г. Бабінавічы сталі вёскай. У 1919 г. спачатку адносіліся да ССРБ, пасля 16.01.1919 г. – да Віцебскай губерні РСФСР. У 1924 г. былі вернуты БССР і населены пункт стаў цэнтрам сельсавета Высачанскага раёна (з 3 ліпеня 1931 г. Лёзненскага) Віцебскай акругі. 6 ліпеня 1925 г. Бабінавічы атрымалі афіцыйны статус сяла. У 1926 г. тут працавалі школа, хата-чытальня, народны дом, пошта, лясніцтва і некалькі арганізацый (ячэйка ЛКСМБ, спажывецкае і сельска-гаспадарчае таварыствы, тэатральны і краязнаўчы гурткі).
На 1939 г. у Бабінавічах было 376 двароў, насельніцтва перад Вялікай Айчыннай вайной складала 1318 чалавек. У ліпені 1941 г. вяліся абарончыя баі, дзе асабліва вызначылася 153-я стралковая дывізія пад камандаваннем палкоўніка М.А. Гагена. Байцы пасля трывалых баёў змаглі прарвацца і выйсці з-пад акружэння, хоць вёска і патрапіла пад акупацыю. Супраць ворага была разгорнута партызанская барацьба. Акупанты праводзілі палітыку генацыду, асабліва ў дачыненні да яўрэйскага насельніцтва. У памяць загінуўшых у вёсцы быў устаноўлены помнік.
Поўнасцю знішчаная нямецка-фашысцкімі захопнікамі вёска была вызвалена 25 чэрвеня 1944 г. на 3-ці дзень аперацыі “Баграціён” часткамі 11-й гвардзейскай арміі 3-га Беларускага фронта. Пра вызваліцеляў і партызан, якія загінулі ў барацьбе з ворагам і пры вызваленні вёскі, нагадваюць Вайсковыя могілкі, помнік воіну-пераможцу (устаноўлены ў 1966 г.). Памяць жыве і ў мясцовым музеі баявой славы.
Вёска Бабінавічы была адноўлена ў 1946 г. і да снежня 1956 г. адносілася да Арэхаўскага раёна, потым зноў была падпарадкавана Лёзненскаму раёну Віцебскай вобласці.
У Бабінавічах і яго ваколіцах знаходзіцца шэраг археалагічных помнікаў: дзве неалітычныя стаянкі, гарадзішча ранняга жалезнага веку, шэсць могільнікаў часоў Кіеўскай Русі, адзіночны курган і земляное ўмацаванне Салдацкая слабада. Дэтальныя раскопкі стаянак, якія былі адкрыты ў 1926 г., былі праведзены ў 1967–1968 гг. і 1978 г. І. М. Ціханенкавым і Э. М. Зайкоўскім.
Бабінавічы праславіліся ганчарным промыслам, які быў распаўсюджаны тут здаўна. Росквіт прыйшоўся на ХІХ – першую палову ХХ ст. У 1930–1950-я гг. працавала ганчарская арцель “Чырвоны паліўнік”. Промысел існаваў да 1980-х гг.
У 2010 г. Бабінавічы сталі аграгарадком, 24.07.2014 г. атрымалі герб, асновай для якога стаў герб 1781 г.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 годзе.