Быцень – аграгарадок у Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці, цэнтр сельскага савета. Размешчаны на рацэ Шчара.
У пісьмовых крыніцах упамінаецца з XVI ст. як двор і мястэчка Слонімскага павета Вялікага Княства Літоўскага. У розны час належаў прадстаўнікам шляхты: Марціну Пяткевічу, Сямёну Адзінцэвічу, Фёдару Галаўні, Ярашу Карыцкаму. У 1570 г. Быцень быў уладаннем старосты жамойцкага, маршалка земскага ВКЛ Яна Хадкевіча, з 1598 г. стаў уласнасцю канцлера ВКЛ Льва Сапегі. У 1607 г. уладальнік мястэчка Быценя Рыгор Трызна (з шляхецкага роду Сапегаў) заснаваў тут манастыр базіліян, які ў хуткім часе стаў адным з багацейшых уніяцкіх манастыроў на тэрыторыі Беларусі. У 1615 г. папа рымскі надаў прывілей на адкрыццё пры манастыры духоўнай школы (навіцыяту), у якой затым навучалася шмат дзеячаў уніяцкай царквы. У 1640 г. сын Рыгора Трызны Мікалай перадаў маёнтак і мястэчка ў заклад манахам манастыра. У 1655 г. у час вайны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай (1654–1667 гг.) манастыр значна пацярпеў ад ваенных дзеянняў. Ратуючыся ад вайны, у ім шукалі прытулак базіліяне з Вільні, Полацка, Віцебска, Мінска. Тут часова захоўваліся каштоўнасці з іншых манастыроў, у тым ліку цудатворныя абразы Маці Божай з Вільні і Жыровічаў. У 1708–1710 гг. у Быцені была пабудавана Троіцкая царква (разбурана ў 1914 г.), якая ўваходзіла ў комплекс уніяцкага манастыра базіліян і спалучала ў сваёй архітэктуры формы каталіцкага і праваслаўнага дойлідства. У 1730–1737 гг. у царкве быў усталяваны разны іканастас і 11 алтароў, таксама да яе прымыкаў двухпавярховы жылы корпус. З 1766 па 1914 г. у Быцені працавала суконная фабрыка. У 1779 г. пасля працяглых судовых працэсаў мястэчка перайшло ў валоданне нашчадкам Трызнаў – Тызенгаўзам. У 1783 г. тут дзейнічалі 5 мукамольных млыноў, вінакурня, маслабойня і вяндлярня.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Быцень быў далучаны да Расійскай імперыі як мястэчка Слонімскага павета. У 1858 г. тут налічвалася 134 двары, пражывала 975 жыхароў. У 1861 г. мясцовыя сяляне запатрабавалі пераводу іх у катэгорыю дзяржаўных. Выступленне пачало пашырацца і хутка перакінулася на суседнія вёскі. У Быцень былі накіраваны паліцэйскі атрад і казакі. У выніку падаўлення бунту частка сялян была асуджана на катаржныя работы ў Сібір, іншыя здадзены ў рэкруты.
У 1870 г. Быцень – мястэчка, цэнтр Быценскай воласці Слонімскага павета Гродзенскай губерні. Тут дзейнічалі паліцэйскае ўпраўленне, праваслаўны дэканат, царква, народнае вучылішча (адкрыта ў 1864 г.). У канцы XIX ст. быў пабудаваны драўляны касцёл (помнік народнага дойлідства з элементамі неаготыкі). У 1900 г. адкрылася мукамольнае прадпрыемства, якое мела паравую турбіну і давала ў год прадукцыі на 1 тыс. рублёў. У 1909 г. у мястэчку працавалі фельчарскі пункт, 2 вучылішчы, казённая лаўка, царква.
У Першую сусветную вайну Быцень быў заняты германскімі войскамі. У 1921 г., пасля савецка-польскай вайны, далучаны да Польшчы і стаў цэнтрам Быценскай гміны Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства. У 1939 г. увайшоў у склад БССР. З 1940 г. – пасёлак у Быценскім сельскім савеце, цэнтр Быценскага раёна Баранавіцкай вобласці. У гэты час тут працавалі пачатковая школа, амбулаторыя, бальніца, пошта, лесапільны завод.
У Вялікую Айчынную вайну, з чэрвеня 1941 г., акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Вызвалены 10 ліпеня 1944 г. у ходзе Беларускай аперацыі. У Быцені ў брацкай магіле пахаваны савецкія воіны і партызаны, якія загінулі ў гады вайны, у 1985 г. усталявана стэла.
У 1952 г. Быцень – мястэчка, у якім пражывала 1875 жыхароў, была кузня, вяліся дабыча торфу, лесанарыхтоўкі. З 8 студзеня 1954 г. у складзе Брэсцкай вобласці. З 14 кастрычніка 1957 г. і з 6 студзеня 1965 г. у Івацэвіцкім раёне. З 25 снежня 1962 г. уваходзіў у Бярозаўскі раён. У 1958 г. Быцень стаў вёскай у складзе калгаса імя Дзімітрава. У 1963 г. тут працавала ўчастковая бальніца.
У сучасны час у Быцені дзейнічаюць Дом культуры, школа, аптэка, аддзяленне паштовай сувязі, дзіцячы сад, амбулаторыя, дзіцячая школа мастацтваў, абласны дзіцячы аздараўленчы лагерь “Ювента”, дрэваапрацоўчы завод. Галоўнай каштоўнасцю з’яўляецца Свята-Успенская царква – помнік архітэктуры з рысамі рэнесансу і ранняга барока, які быў пабудаваны ў 1654 г. Храм унесены у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Захаваўся таксама касцёл ХIХ ст.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.