Езярышча – гарадскі пасёлак у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці, адміністрацыйны цэнтр Езярышчанскага сельсавета. Знаходзіцца за 41 км на паўночны захад ад Гарадка, чыгуначная станцыя на лініі Віцебск – Невель (Расія). Размешчаны на беразе возера Езярышча.
Упершыню ў гістарычных крыніцах населены пункт упамінаецца ў апошняй чвэрці XIV ст. як уладанне Ульяны Цвярской, удавы вялікага князя літоўскага Альгерда. У далейшым Езярышча перадавалася ва ўласнасць жонкам вялікіх князёў Вялікага Княства Літоўскага – Алене Іванаўне, Боне Сфорца. У XIV–XVII стст. тут існаваў замак, які меў магутную абарончую сістэму. У 1565 г. у час Лівонскай вайны (1558–1583) Езярышча было захоплена рускімі войскамі, вызвалена ў 1579 г. У 1583 г. атрымала статус мястэчка, пазней з’яўлялася цэнтрам дзяржаўнага староства ў Віцебскім павеце.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Езярышча далучана да Расійскай імперыі. У 1776 г. стала цэнтрам воласці ў Гарадоцкім павеце Полацкай, з 1796 г. – Беларускай, з 1802 г. – Віцебскай губерняў. У пачатку ХІХ ст. у Езярышчы працавалі аднакласныя мужчынскае і жаночае народныя вучылішчы. У 1886 г. з’яўлялася сялом у Руднянскай воласці Гарадоцкага павета, дзе пражывалі 204 жыхары, дзейнічалі царква, 2 карчмы. У пачатку ХХ ст. побач з Езярышчамі пабудавана чыгуначная станцыя, вакол якой з часам склаўся сучасны пасёлак.
З 1919 г. Езярышча знаходзілася ў РСФСР. У сакавіку 1924 г. увайшло ў склад БССР, з 17 ліпеня 1924 г. стала цэнтрам раёна Віцебскай акругі. У 1926 г. на станцыі пражывала 60 жыхароў, працавалі вадакачка, бальніца, пункт ліквідацыі непісьменнасці, метэаралагічная станцыя. З 12 кастрычніка 1929 г. Езярышча знаходзілася ў Гарадоцкім раёне, з 12 лютага 1935 г. з’яўлялася цэнтрам Мехаўскага раёна. 20 лютага 1938 г. уключана ў склад Віцебскай вобласці.
17 ліпеня 1941 г. Езярышча было захоплена нямецка-фашысцкімі войскамі. Гітлераўцы адразу ўстанавілі рэжым тэрору і за гады акупацыі загубілі тут і ў раёне каля 3 тыс. чалавек. У час Вялікай Айчыннай вайны барацьбу з ворагам вялі падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ. У ліпені 1941 г. створаны партызанскі атрад, які ў маі 1942 г. увайшоў у 2-ю Беларускую партызанскую брыгаду імя П. К. Панамарэнкі. У верасні 1942 г. партызаны разграмілі размешчаны на станцыі нямецкі гарнізон, знішчылі склады з боепрыпасамі і харчаваннем, прывялі ў непрыгоднасць чыгуначнае палатно. 19 снежня 1943 г. Езярышча вызвалілі войскі 360-й стралковай дывізіі і 10-й гвардзейскай танкавай брыгады 1-га Прыбалтыйскага фронту ў ходзе Гарадоцкай наступальнай аперацыі.
У 1946 г. пачалі працаваць сярэдняя школа, раённая бальніца, дзіцячы дом, кінатэатр, электрастанцыя, радыёвузел, машынна-трактарная станцыя і інш. 4 кастрычніка 1957 г. Езярышча атрымала статус гарадскога пасёлка. З 18 сакавіка 1958 г. з’яўлялася цэнтрам Езярышчанскага раёна, з 25 снежня 1962 г. – Гарадоцкага. 4 верасня 2014 г. пасёлак стаў цэнтрам сельсавета.
У Езярышчы знаходзяцца вайсковыя могілкі савецкіх воінаў, магілы ахвяр фашызму. Устаноўлены помнікі партызанам і землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дзейнічае праваслаўная царква Успення Прасвятой Багародзіцы (1990-я гг.). Непадалёку ад пасёлка захаваўся помнік археалогіі – замчышча XIV–XVII стст.
У цяперашні час у Езярышчы працуюць сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, гарпасялковая бібліятэка, метэаралагічная станцыя, аддзяленне паштовай сувязі і ААТ “ААБ Беларусбанк” і інш. Дзейнічаюць аматарскія творчыя калектывы, сярод іх найбольш вядомы народны фальклорны калектыў “Азерыца”.
У Езярышчы нарадзіўся мастак, педагог, доктар педагагічных навук, прафесар В. К. Лябедзька.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.