Хоцімск – гарадскі пасёлак у Магілёўскай вобласці, цэнтр Хоцімскага раёна на р. Беседзі. Знаходзіцца за 207 км на паўднёвы ўсход ад Магілёва, у 37 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў–Унеча. Аўтадарогамі злучаны з Касцюковічамі і Суражам (Расія).
Упершыню ўпамінаецца ў 1430 г. Па іншых звестках, паселішча заснавана паміж 1695 і 1700 г. як слабада ў Мсціслаўскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) і ўпершыню ўпамінаецца ў 1709 г. Паводле ўніверсалу канцлера ВКЛ Караля Станіслава Радзівіла 19 кастрычніка 1714 г. на левым беразе р. Беседзі было закладзена мястэчка Радзівілаў. У 1747 г. у ім налічвалася 8 вуліц, 116 дамоў, дзейнічалі царква Раства Багародзіцы са званіцай, сінагога, карчма, турма. З сярэдзіны XVIII ст. Радзівілаў стаў цэнтрам Бярозаўскай воласці Крычаўскага староства, у пісьмовых крыніцах мястэчка пачало згадвацца пад назвай Хоцімск. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. яно далучана да Расійскай імперыі, афіцыйна перайменавана ў Хоцімск і з’яўлялася ўласнасцю князя Рыгора Пацёмкіна.
Мястэчка ўваходзіла спачатку ў склад Крычаўскага графства, потым у Клімавіцкі павет Магілёўскай губерні. У ХІХ ст. Хоцімск у розны час належаў дваранскаму роду Галынскіх, памешчыцы Кучэўскай, князю Абаленскаму. У 1860–1870-я гг. тут працавалі 5 пенькатрапальных прадпрыемстваў, маслабойня, крупадзёрка, вінакурны і піваварны заводы. У 1880 г. дзейнічалі 2 царквы, валасное праўленне, народнае вучылішча і інш. Паводле перапісу 1897 г. у мястэчку пражывала 3030 жыхароў, налічвалася 416 двароў.
З красавіка 1919 г. Хоцімск знаходзіўся ў Гомельскай губерні РСФСР, з сакавіка 1924 г. увайшоў у склад БССР. З 17 ліпеня 1924 да 8 ліпеня 1931 г. і з 12 мая 1935 г. з’яўляўся цэнтрам Хоцімскага раёна Калінінскай, з чэрвеня 1927 да 26 ліпеня 1930 г. – Магілёўскай акругі. У 1931–1935 гг. ён быў у Касцюковіцкім раёне. У 1927 г. у Хоцімску створана метэаралагічная станцыя, у 1936 г. адкрыты кінатэатр, раённая бібліятэка, працавала машынна-трактарная станцыя, дзейнічаў радыёвузел. У студзені 1938 г. мястэчка ўвайшло ў склад Магілёўскай вобласці, з 27 верасня 1938 г. атрымала статус гарадскога пасёлка.
У час Вялікай Айчыннай вайны 15 жніўня 1941 г. Хоцімск акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі тут 700 жыхароў. У гады акупацыі барацьбу з ворагам вялі партызанскія атрады. 23 кастрычніка 1941 г. байцы дыверсійна-разведвальнага атрада НКУС СССР і партызаны 2-га Хоцімскага атрада разграмілі размешчаны ў пасёлку гітлераўскі гарнізон. Хоцімск вызвалены 26 верасня 1943 г. у ліку першых раённых цэнтраў Беларусі войскамі 50-й арміі ў ходзе Бранскай аперацыі.
З 17 красавіка 1962 г. пасёлак знаходзіўся ў складзе Касцюковіцкага раёна, 30 ліпеня 1966 г. ён зноў стаў цэнтрам Хоцімскага раёна. У 1977 і 1994 гг. былі распрацаваны яго генеральныя планы, у 1981 г. створаны праект дэталёвай планіроўкі цэнтра. Архітэктурна-планіровачная структура пасёлка прамавугольная, з дробнымі кварталамі пераважна аднапавярховай індывідуальнай забудовы сядзібнага тыпу. У цэнтральнай частцы сканцэнтраваны двух- і пяціпавярховыя жылыя дамы, па вуліцы Ленінскай склаўся адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр.
У 2001 г. Хоцімск атрымаў афіцыйны герб: у чырвоным полі варажскага шчыта выява сярэбранага мяча.
У цяперашні час у пасёлку працуюць 2 сярэднія школы, 3 дашкольныя ўстановы, дзіцячая школа мастацтваў, раённы Цэнтр культуры, цэнтральная раённая бібліятэка, гісторыка-краязнаўчы музей, фізкультурна-спартыўны клуб, бальніца, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Дзейнічаюць ААТ “Хоцімскі льнозавод”, УКП “Жылкамгас” і інш. Выдаецца раённая газета “Шлях кастрычніка”. Штогод у Хоцімску праводзіцца рэгіянальны фестываль дзіцячай творчасці “Зоркі над Бесяддзю”, прымеркаваны да Міжнароднага дня абароны дзяцей. З 2023 г. праходзіць фестываль для аматараў рыбалкі “Залаты карась”.
У пасёлку знаходзяцца брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Устаноўлены помнікі Вызвалення, партызанам, землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, воінам-інтэрнацыяналістам. Захаваліся помнікі архітэктуры: праваслаўны Свята-Троіцкі сабор (другая палова ХІХ ст.), Пакроўская царква (ХІХ ст.), 2 жылыя дамы (пачатак ХХ ст.).
Хоцімск – радзіма С. М. Блажко, вучонага ў галіне астраноміі, педагога, прафесара, члена-карэспандэнта АН СССР; І. Н. Віннікава, усходазнаўца, этнографа, доктара філалагічных навук, прафесара; І. С. Кулікова, вучонага, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара; паэта А. А. Зарыцкага.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.