Азарычы – гарадскі пасёлак у Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці, адміністрацыйны цэнтр Азарыцкага сельсавета. Знаходзіцца за 42 км на поўнач ад Калінкавіч, 22 км ад чыгуначнай станцыі Халоднікі на лініі Калінкавічы – Жлобін. Размешчаны на р. Вішы.
Па пісьмовых крыніцах паселішча вядома з сярэдзіны XVI ст. як вёска ў Мазырскім павеце Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, з’яўлялася велікакняжацкім уладаннем. У 1559 г. упамінаецца ў матэрыялах “Рэвізіі пушчаў і пераходаў звярыных…”, складзеных Р. Б. Валовічам. У 1762 г. тут была пабудавана драўляная Петрапаўлаўская царква (не захавалася). У 1786 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў вёсцы статус мястэчка і зацвердзіў правядзенне двух штогадовых кірмашоў.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Азарычы далучаны да Расійскай імперыі ў склад Бабруйскага павета Мінскай губерні. У 1799 г. падараваны імператарам Паўлам І тайнаму саветніку С. Л. Лашкарову, нашчадкі якога валодалі імі на працягу ХІХ ст. У час вайны 1812 г. у ліпені мястэчка разрабавалі французскія войскі. У 1869 г. у Азарычах заснавана народнае вучылішча, у хуткім часе была адкрыта гімназія. У 1885 г. мястэчка стала цэнтрам воласці, куды ўваходзілі 16 пасяленняў з 319 дварамі. Згодна з перапісам 1897 г. у Азарычах пражывала 1338 жыхароў, дзейнічалі царква, 2 яўрэйскія малітоўныя дамы, карчма, аптэка, прыёмны пакой і інш. У 1913 г. адкрыты бальніца і тэлефонны вузел, дзейнічала паштовае аддзяленне.
У 1920 г. Азарычы ўвайшлі ў склад БССР. З 17 ліпеня 1924 да 8 ліпеня 1931 г. з’яўляліся цэнтрам Азарыцкага раёна. 25 ліпеня 1931 г. уключаны ў Мазырскі, з 12 лютага 1935 г. – у Даманавіцкі раён. У 1929 г. у мястэчку арганізаваны калгас “Чырвоны Кастрычнік”, працавалі кузня, шавецка-кравецкая і мэблевая майстэрні, паравы млын і інш. 20 лютага 1938 г. Азарычы ўвайшлі ў склад Палескай вобласці, з 27 верасня 1938 г. сталі вёскай.
У час Вялікай Айчыннай вайны ў жніўні 1941 г. Азарычы былі захоплены нямецка-фашысцкімі войскамі. У гады акупацыі барацьбу з ворагам на тэрыторыі раёна вялі падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскія атрады. 17 лютага 1942 г. партызаны разграмілі размешчаны ў вёсцы гітлераўскі гарнізон, знішчылі каля 40 салдат і афіцэраў праціўніка, захапілі зброю, боепрыпасы, склады з харчаваннем. 20 студзеня 1944 г. Азарычы вызвалілі часці 65-й арміі Беларускага фронту ў ходзе Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі, але вораг да 18 сакавіка стрымліваў далейшае наступленне савецкіх войскаў, умацаваўшыся на паўночна-заходняй ускраіне вёскі. У пачатку сакавіка паблізу ад сваёй лініі абароны, на балоцістых мясцінах каля вёсак Азарычы, Дзерць і Падасіннік, фашысты стварылі тры лагеры смерці, куды пад выглядам эвакуацыі прывезлі больш за 50 тыс. грамадзян з розных месцаў. Людзі ўтрымліваліся пад адкрытым небам, на абгароджаных калючым дротам пляцоўках. Над імі ўчыняліся масавыя здзекі: зняволеных расстрэльвалі, марылі голадам, забаранялі разводзіць агонь. Сярод вязняў акупанты размясцілі хворых сыпным тыфам з мэтай распаўсюдзіць эпідэмію сярод мясцовага насельніцтва і наступаючых часцей Чырвонай арміі. Да дня вызвалення, 19 сакавіка, у жывых засталіся 33 480 чалавек. 19 сакавіка 1954 г. каля Азарычаў быў адкрыты першы помнік у памяць аб вязнях лагераў смерці, у 1965 г. на яго месцы ўзведзены мемарыяльны комплекс, у 1991–1992 гг. мемарыял быў перабудаваны па новым праекце і ўрачыста адкрыты ў красавіку 1992 г. У 2007 г. ён унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
8 студзеня 1954 г. вёска ўключана ў Гомельскую вобласць, з 17 лістапада 1959 г. атрымала статус гарадскога пасёлка. 20 студзеня 1960 г. Азарычы ўвайшлі ў склад Калінкавіцкага раёна.
У 2001 г. пасёлак атрымаў афіцыйны герб. У цяперашні час у Азарычах працуюць сярэдняя школа, дзіцячая дашкольная ўстанова, Дом культуры, бібліятэка, бальніца. Дзейнічаюць лясніцтва, аддзяленне сувязі, прадпрыемствы гандлю, грамадскага харчавання і інш. У пасёлку знаходзяцца брацкія магілы савецкіх воінаў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Азарычы з’яўляюцца радзімай літаратуразнаўца, прафесара, доктара філалагічных навук Ц. Б. Ліякумовіча, вучонага-фізіка, доктара фізіка-матэматычных навук Р. А. Шульмана.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.