Вёска Выганічы Валожынскага раёна Мінскай вобласці знаходзіцца за 39 км на паўднёвы ўсход ад Валожына, 19 км ад чыгуначнай станцыі “Беларусь” на лініі “Мінск – Маладзечна”, 40 км ад Мінска, на р. Выганічанцы (прытоку Іслачы).
Выганічы вядомы з XV ст., знаходзіліся ў Ракаўскай воласці. У 1470-я гг. былі прыватнай уласнасцю Віленскага ваяводы М. Кежгайлавіча, які падараваў двор Выганічы баярыну Булгаку за адданую службу. У 1532 г. кароль Жыгімонт I пацвердзіў валоданне маёнткам сыну Булгака – Гарасіму Булгаковічу. На 1567 г. Выганічы – вёска ў складзе Мінскага павета. У XVII ст. яна ўваходзіла ў Ракаўскае графства, якое належала роду Сангушкаў. У другой палове XVII ст. Выганічы перададзены пад заклад Г. Матушэвічу. На 1703 г. яны ўваходзілі ў Мінскае ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1773 г. (па іншых звестках, у 1783 г.) у Выганічах пабудавана царква. На 1779 г. у населеным пункце налічвалася 18 двароў. З канца XVIII cт. уладальнікамі былі Рыльскія, пазней Вайдзевічы (Фелікс Вайдзевіч ажаніўся з Марыяй, дачкой Рыльскага – Выганічы былі яе пасагам).
У выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай Выганічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. У 1800 г. у Выганічах Мінскага павета Мінскай губерні налічвалася 115 жыхароў, было 19 двароў, фальварак, карчма, млын. Цікавым фактам з’яўляецца тое, што ў 1821–1822 гг. у сям’і Вайдзевічаў пражываў дзекабрыст, вядомы пісьменнік-байраніст А. Бястужаў-Марлінскі (у яго гонар у 1987 г. у Выганічах устаноўлены мемарыяльны знак). Потым Выганічы сталі належаць Р. Грушвіцкаму, у сям’і якога ў 1828 г. нарадзіўся сын, у будучым кампазітар і музыкант Міхал Грушвіцкі, які быў сябрам В. Дуніна-Марцінкевіча. У 1880 г. у населеным пункце налічвалася 112 жыхароў, было 15 двароў, дзейнічалі царква, піваварны завод, вадзяны млын.
На 1 студзеня 1919 г. Выганічы ўваходзілі ў ССРБ. З 1921 г. згодна з Рыжскім мірным дагаворам, у складзе Ракаўскай гміны Маладзечанскага павета адышлі да Польшчы.
Пасля падзей восені 1939 г. Выганічы вярнуліся ў склад БССР. З 12 кастрычніка 1940 г. вёска Выганічы стала цэнтрам сельсавета ў Радашковіцкім раёне Вілейскай вобласці.
Вялікая Айчынная вайна пакінула след у гісторыі вёскі, якая была ў акупацыі з канца чэрвеня 1941 г. да 4 ліпеня 1944 г. Вызвалена войскамі 3-га Беларускага фронту ў ходзе правядзення Вільнюскай аперацыі. На франтах вайны загінулі 11 вяскоўцаў. У 1943 г. мясцовая сядзіба Вайдзевічаў была знішчана.
З 20 верасня 1944 г. Выганічы былі ў складзе Маладзечанскай вобласці. У 1949 г. у вёсцы арганізаваны калгас (у 1959 г. увайшоў у склад саўгаса “Радашковіцкі”). З 16 ліпеня 1954 г. населены пункт знаходзіўся ў Ракаўскім сельсавеце Радашковіцкага, з 20 студзеня 1960 г. – Валожынскага раёнаў. У 1963 г. быў утвораны саўгас “Праца” (з 1992 г. – калгас), які спецыялізаваўся на жывёлагадоўлі. З 1970 г. Выганічы – цэнтр саўгаса. Гаспадарка складалася з 7 жывёлагадоўчых ферм і комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы (таксама на балансе быў значны аўтапарк: 52 трактары і 20 камбайнаў). Вёска развівалася і акрамя ўласна сельскагаспадарчых прадпрыемстваў меліся клуб, бібліятэка, дзіцячы сад-яслі, пачатковая школа, сталовая, магазін, 3 спартляцоўкі, аддзяленне сувязі і камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва. У 2009 г. вёска ўваходзіць у склад ТАА “Ракаў-Агра”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.