Start date: 1592 Чэрвеньскі раён, Мінская вобласць
Quick reference: гарадскі пасёлак у Чэрвеньскім раёне Мінскай вобласці
Names in other languages: Смиловичи (russian);
Смілавічы – гарадскі пасёлак у Чэрвеньскім раёне Мінскай вобласці, адміністрацыйны цэнтр Смілавіцкага сельскага савета. Знаходзіцца за 30 км на захад ад Чэрвеня, у 21 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск на лініі Мінск – Асіповічы, каля аўтадарогі Мінск – Магілёў. Размешчаны на р. Волме.
Смілавічы з’яўляюцца адным з найбольш старажытных паселішчаў раёна. У юрыдычных актах 1592 г. яны пазначаны як вёска ў складзе Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). У розны час належалі прадстаўнікам шляхты: Бакштанскім, Кежгайлам, Сапегам, Завішам, Агінскім, Манюшкам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) мястэчка было разграблена і спустошана. У 1710 г. у Паўночную вайну (1700–1721) у Смілавіцкім маёнтку былі расквартыраваны два палкі арміі ВКЛ, якія прычынілі вялікі ўрон уладанням Крыштафа Завішы. У 1747 г. у Смілавічах быў заснаваны кляштар каталіцкага ордэна місіянераў, у 1767 г. пабудаваны мураваны касцёл. У 1760 г. асноўная частка маёнтка адышла да князя Міхаіла Казіміра Агінскага. У 1791 г. Смілавічы перайшлі да шляхецкага роду Манюшкаў, якія былі іх апошнімі ўладальнікамі.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. далучаны да Расійскай імперыі як мястэчка, з 1795 г. сталі цэнтрам воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні. У 1800 г. у Смілавічах было 87 двароў, пражывала 550 жыхароў, дзейнічалі праваслаўная Успенская і ўніяцкая Георгіеўская цэрквы, каталіцкі касцёл з кляштарам, пры якім існавалі багадзельня і семінарыя. У 1855 г. быў адкрыты вінакурны завод, з 1859 г. працавала паштова-тэлеграфнае аддзяленне. У другой палове XIX ст. у Смілавічах на месцы замка XVII ст. пабудаваны палацавы комплекс, у склад якога ўваходзілі 2 палацы, шэраг гаспадарчых пабудоў, парк пейзажнага тыпу. У цэнтральным будынку – двухпавярховым палацы (да нашых дзён не захаваўся) – быў створаны зімовы сад, размешчаны багаты архіў (зберагліся дакументы былых уладальнікаў маёнтка), вялікая бібліятэка, калекцыя твораў выяўленчага мастацтва, сярод якіх карціна вядомага беларускага мастака В. Ваньковіча “Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг”. Паводле перапісу 1897 г. у мястэчку налічвалася 498 двароў, пражывала 3498 жыхароў, працавалі валасное праўленне, 2 праваслаўныя царквы, каталіцкі касцёл, капліца, мячэць, 5 яўрэйскіх малітоўных дамоў, 2 земскія народныя вучылішчы (жаночае і мужчынскае), 2 царкоўнапрыходскія школы. Дзейнічалі паштовая станцыя, хлебазапасны магазін, суконная фабрыка, праводзіліся штотыднёвыя таргі.
У час рэвалюцыі (1905–1907) у воласці адбыўся шэраг сялянскіх выступленняў, якія праявіліся ў самавольнай вырубцы лясоў, захопе сенажацей у памешчыкаў. У жніўні 1914 г. мабілізаваныя на фронт сяляне адкрыта выступілі супраць самадзяржаўя і яго ваеннай палітыкі. На паштовым тракце з Ігумена ў Мінск яны разграмілі некалькі памешчыцкіх маёнткаў, у тым ліку і маёнтак Смілавічы. Сялянскія хваляванні таксама адбываліся ў верасні 1917 г. У час Першай сусветнай вайны з лютага да снежня 1918 г. мястэчка было занята германскімі войскамі. У 1919 г. Смілавічы ўвайшлі ў склад БССР, з восені 1919 да ліпеня 1920 г. былі акупіраваны польскімі войскамі, з 18 верасня 1923 г. знаходзіліся ў складзе Чэрвеньскага павета, з 20 жніўня 1924 г. да 24 верасня 1926 г. – у Смілавіцкім раёне як вёска і цэнтр сельскага савета. У 1926 г. тут працавала сямігадовая школа, дзейнічалі Народны дом, 3 клубы, бібліятэка, некалькі гурткоў па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых.
З 17 ліпеня 1924 г. да 18 ліпеня 1931 г. Смілавічы з’яўляліся цэнтрам Смілавіцкага раёна, у 1931–1935 гг. уваходзілі ў склад Пухавіцкага раёна, з 6 ліпеня 1935 г. да 11 лютага 1938 г. зноў былі цэнтрам Смілавіцкага раёна, з 27 верасня 1938 г. – цэнтрам сельскага савета ў Рудзенскім раёне Мінскай вобласці.
З канца чэрвеня 1941 г. да 3 ліпеня 1944 г. вёска была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі тут больш за 2 тыс. жыхароў. У гады акупацыі ў Смілавічах і раёне дзейнічалі партызанскія атрады. У лістападзе 1941 г. партызаны атрада “Беларусь” вывелі са строю Смілавіцкую лямцавую фабрыку, якая вырабляла валены абутак для нямецкай арміі. Вёска была вызвалена ў ліпені 1944 г. у ходзе Мінскай аперацыі войскамі 1-га і 2-га Беларускіх франтоў.
З 20 студзеня 1960 г. Смілавічы ўвайшлі ў склад Чэрвеньскага раёна, 2 лістапада 1963 г. атрымалі статус гарадскога пасёлка. У цяперашні час тут дзейнічаюць ААТ “Смілавіцкая валюшна-лямцавая фабрыка, ДУП “Чэрвеньскае ПМС” (прадпрыемства меліярацыйных сістэм), ТАА “Англійскі газон”, асноўным відам дзейнасці якога з’яўляецца вырошчванне зерневых і зернебабовых культур. Працуюць 2 сярэднія школы, аграрны каледж, 2 дзіцячыя яслі-сады, Чэрвеньскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, філіял Чэрвеньскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, Дом культуры, гарпасялковая бібліятэка, бальніца.
На тэрыторыі пасёлка знаходзяцца брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, помнік настаўнікам і вучням, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Часткова захаваўся палацавы комплекс – помнік сядзібна-палацавай архітэктуры другой паловы XIX – пачатку XX ст. Смілавічы з’яўляюцца радзімай сусветна вядомага мастака, аднаго са знакамітых прадстаўнікоў “Парыжскай школы” – Хаіма Суціна.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
