Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В. Масленікава
Start date:
19.11.1990 Магілёў, г.
Quick reference:
установа культуры
Names in other languages:
Magilyou Regional Art Museum named after P.V. Maslenikau (undetermined); Могилёвский областной художественный музей имени П.В. Масленикова (russian);
4288 chars
Reference
Навукова-даследчым, метадычным і выхаваўчым цэнтрам Магілёўскай вобласці з’яўляецца Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П. В. Масленікава, які захоўвае помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры, рухомыя гісторыка-культурныя каштоўнасці, што ўваходзяць у склад музейнага фонду Беларусі.
Заснаваны музей у Магілёве паводле рашэння Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта ад 19 лістапада 1990 г. Размяшчаецца ў будынку, што з’яўляецца помнікам архітэктуры пачатку XX ст. Адкрыты для наведвальнікаў у 1990 г. Спачатку дзейнічаў як карцінная галерэя. Фарміраванне калекцыі музея пачалося з перадачы Магілёўскім абласным краязнаўчым музеем 83 твораў жывапісу, графікі, прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Новым імпульсам для развіцця музейнай калекцыі стала перадача народным мастаком Беларусі П. В. Масленікавым у дар Магілёву ў 1994 г. сваіх лепшых твораў жывапісу і тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва. У гэтым жа годзе адкрыта першая пастаянная экспазіцыя ў дзвюх залах. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі ад 22 студзеня 1996 г. музею прысвоена імя П. В. Масленікава. У 1997 г. у пяці добра абсталяваных залах разгорнута рэтраспекцыя творчасці мастака П. В. Масленікава, прадстаўлена яго дзейнасць як тэатральнага дэкаратара і мастака-жывапісца, існуе мемарыяльны пакой майстра. З гэтага часу музей папаўняўся дарамі мастакоў Э. Карповіча, Г. Паплаўскага, У. Напрэенкі, У. Ральцэвіча, В. Альшэўскага, Ф. Гумена і інш. Фондавы багаж дазволіў абазначыць новыя мэты і задачы яго камплектавання. Музей атрымаў магчымасць прадэманстраваць назапашанае і напрацаванае раней: сфарміраваць новыя пастаянныя экспазіцыі і працаваць са зменнымі выставачнымі праектамі. У мемарыяльнай зале, прысвечанай жыццю і творчасці мастака-скульптара У. Летуна (з 2002 г.), экспануюцца 62 скульптурныя работы, якія падарыла яго сям’я. З 1 лютага 2007 г. дзейнічае пастаянная выстаўка беларускага мастацтва “Захаваная спадчына”, на якой шырока прадстаўлены манументальны фрэскавы жывапіс XVIII ст., калекцыя іканапісу, магілёўская школа гравюры XVII–XVIII стст., скульптура XVIII ст., прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кафля XIV–XVII стст., фрагменты іканастаса XVII ст. Аднак галоўны экспанат гэтай экспазіцыі – манументальны жывапіс XVIII ст., які з’яўляецца гістарычнай і мастацкай каштоўнасцю (кампазіцыя “Ператварэнне Гасподне”, выратаваная і адрэстаўрыраваная мастакамі У. Лукашэвічам, Ю. Маліноўскім, Ф. Сарокам). Таксама на выстаўцы прадстаўлена партрэтная галерэя асветнікаў Беларусі, якія маюць адносіны да Магілёўшчыны. Сярод іх – партрэты Еўфрасінні Полацкай, П. Мсціслаўца, С. Собаля, М. і В. Вашчанкаў, Г. Каніскага і інш. З 5 снежня 2008 г. стала функцыянаваць мемарыяльна-мастацкая зала, прысвечаная творчасці мастака К. Геды. Асноўная частка экспазіцыі складаецца з работ, што перадала ў дар музею яго дачка. 22 снежня 2010 г. адкрыта пастаянная экспазіцыя “Выяўленчае мастацтва Магілёўшчыны XX стагоддзя”, якая ўключае больш за 200 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
У музеі 24 выставачныя залы, 14 з іх – з пастаяннай экспазіцыяй, у астатніх 10 размяшчаюцца часовыя выстаўкі. У фондах каля чатырох тысяч адзінак разнастайных работ і каля тысячы дапаможнага фонду: эцюды, малюнкі, замалёўкі, падрыхтоўчыя работы для этапных твораў. Вялікую каштоўнасць мае калекцыя старажытнага мастацтва XVII – пачатку XIX ст. Самая значная калекцыя музея – мастацкія творы сучасных беларускіх мастакоў, якія нарадзіліся або жывуць і працуюць на Магілёўшчыне, знакамітых мастакоў Беларусі, Расіі, Украіны, замежжа, а таксама мастакоў – удзельнікаў міжнародных пленэраў і інш.
Важнейшым аспектам дзейнасці музея з’яўляюцца кантакты з блізкім і далёкім замежжам на аснове выставачнай работы і штогадовага правядзення Міжнароднага пленэра па жывапісе “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве”, дзе прымаюць удзел майстры з розных краін свету. Музей арганізоўвае разнапланавыя выставачныя праекты, наладжвае сувязі з музеямі іншых рэгіёнаў рэспублікі, а таксама з музейнымі ўстановамі Расіі, прадстаўнікамі пасольстваў Італіі, Ірана, Латвіі, Кітая і інш.
Гл. таксама “Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П. В. Масленікава”. – Рэжым доступу: www.maslenikov.museum.by.