Start date: ХVІ ст. Маладзечанскі раён, Мінская вобласць
Quick reference: вёска ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці
Вёска Вязынка знаходзіцца ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці, за 30 км на паўднёвы ўсход ад горада Маладзечна і аднайменнай чыгуначнай станцыі, 48 км ад Мінска, на р. Вязынцы.
Існуюць дзве версіі наконт паходжання назвы. Першая звязана з тым, што ў гэтай мясцовасці калісьці жылі ўмельцы па вязанні плытоў, другая сведчыць аб тым, што калісьці тут расло шмат вязаў.
У ваколіцах Вязынкі размешчана гарадзішча, па-мясцоваму “Замачак”, якое ўзнікла ў II–V стст. Упершыню ў пісьмовых крыніцах Вязынка ўзгадваецца ў 1528 г. як маёнтак і шляхецкая ўласнасць.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Вязынка апынулася ў складзе Расійскай імперыі ў якасці фальварка Радашковіцкай гміны Вілейскага павета Віленскай губерні. У пачатку ХІХ ст. Вязынка была ў межах Мінскага павета Мінскай губерні, з’яўлялася ўладанннем роду Пшаздзецкіх, з 1815 г. – памешчыкаў Замбржыцкіх. Адзін з прадстаўнікоў гэтага роду Станіслаў Замбржыцкі (1823/1824–1907) праявіў сябе ў галіне краязнаўства, фальклору, пісаў вершы на польскай і беларускай мовах, а таксама вывучаў мясцовыя курганы і гарадзішчы. У 1880–1883 гг. фальварак Вязынка арандаваў Дамінік Луцэвіч з жонкай Бянігнай, у сям’і якіх у Купальскую ноч 1882 г. нарадзіўся сын Іван, які ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры ХХ ст. як народны пясняр Янка Купала. У 1885 г. Вязынка з'яўлялася маёнткам Заслаўскай воласці Мінскага павета. На 1893 г. налічвала 320 дзесяцінаў зямлі.
На 1909 г. у Вязынцы было 4 двары і 26 жыхароў. У ходзе наступлення кайзераўскіх войскаў у лютым 1918 г. Вязынка была акупіравана і знаходзілася пад кантролем нямецкіх войскаў да снежня таго ж года.
На 1 студзеня 1919 г. Вязынка ў складзе ССРБ, з 27 лютага 1919 г. – у складзе Літоўска-Беларускай ССР. У ліпені 1919 г. Вязынка апынулася пад кантролем польскіх войскаў. У ліпені 1920 г. у ходзе наступлення Чырвонай арміі вызвалена і да пэўнага часу ўваходзіла ў склад ССРБ, але ў кастрычніку 1920 г. зноў была ўзята польскімі войскамі. Па выніках Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. Вязынка адыйшла ў склад Польшчы. Паводле 1-га перапісу насельніцтва Польшчы ад 30 верасня 1921 г. Вязынка – маёнтак у Вілейскім павеце Віленскага ваяводства, дзе налічвалася 14 жыхароў. У 1927 г. Вязынка знаходзілася ў складзе Маладзечанскага павета, у Ракаўскай гміне (цэнтр Ракаў), з 1938 г. – у Радашковіцкай гміне. У 1931 г. у трох дамах пражывалі 44 жыхары. У 1920–1930-я гг. дачка Юзафа Замбржыцкага Алімпія Свіневіч збірала ў ваколіцах Вязынкі народныя песні і ладзіла ў суседніх мястэчках Радашковічах і Маладзечне выставы беларускага адзення і тканін. Таксама яна займалася даследаваннем творчасці паэта А. Міцкевіча.
Пасля падзей восені 1939 г. Вязынка ўвайшла ў склад БССР. 15 студзеня 1940 г. была ў складзе Радашковіцкага раёна, з 12 кастрычніка 1940 г. уваходзіла ў Валодзькаўскі сельсавет Вілейскай вобласці.
У перыяд Вялікай Айчыннай вайны Вязынка была пад акупацыяй з 25 чэрвеня 1941 да 5 ліпеня 1944 г. З 20 верасня 1944 г. знаходзілася ў складзе Маладзечанскай вобласці, з 20 студзеня 1960 г. і да цяперашняга часу – у Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці (з 31 сакавіка 1976 г. у складзе Радашковіцкага сельсавета).
Намаганнямі Уладзіславы Луцэвіч, першага дырэктара літаратурнага музея Я. Купалы і ўдавы паэта 4 жніўня 1945 г. была прынята пастанова аб адкрыцці ў Вязынцы музея пісьменніка. 30 чэрвеня 1946 г. на доме, дзе нарадзіўся Я. Купала, была ўстаноўлена памятная дошка, 20 чэрвеня 1948 г. адбылася цырымонія адкрыцця філіяла-музея ў Вязынцы. У красавіку 1972 г. адкрыўся мемарыяльны запаведнік “Вязынка”, дзе быў устаноўлены перанесены з мінскага сквера бюст Янкі Купалы (архітэктар І. Рудэнка, скульптар З. Азгур). У гэтым жа годзе былы фальварак Вязынка і вёскі Сяледчыкі, Гурнавічы і Верамейкі аб'яднаны ў адну вёску Вязынка.
Многія паэты, напрыклад, К. Буйло, А. Вялюгін, М. Танк, П. Панчанка, Е. Лось, прысвяцілі Вязынцы свае вершы. Краявіды населенага пункта не раз натхнялі мастакоў, сярод якіх С. Каткоў, М. Селяшчук, М. Бельскі, В. Данілаў і інш.
У Вязанцы працуюць сярэдняя школа, бібліятэка, клуб, амбулаторыя. Побач з вёскай ёсць чыгуначная станцыя, садовыя таварыствы “Вязынка” і “Вязынка-2”, недалёка знаходзіцца аграгарадок Вязынь.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.
