На беразе Нёмана на мяжы Лідскага і Навагрудскага раёнаў Гродзенскай вобласці знаходзіцца невялікі горад Бярозаўка. Маленькая Бярозаўка атрымала вядомасць, дзякуючы дзейнасці шклозавода «Нёман».
Гісторыя населенага пункта непарыўна звязана с узнікненнем ва ўрочышчы Устронь Лідскага павета Віленскай губерні шклозаводаў – гут. У 1883 г. мясцовы памешчык Зянон Ленскі адкрыў першую шкляную гуту, праз некаторы час да яго далучыліся Вільгельм Краеўскі і Юліус Столле. З развіццём вытворчасці ўзнік пасёлак для рабочых, які назвалі Бярозаўкай. У пачатку ХХ ст. хрусталёвыя заводы належалі Ю. Столле і яго сынам, шкляныя вырабы адпраўлялі ў Расію, Польшчу, Германію, Англію.
У часы Першай сусветнай вайны в. Бярозаўка была акупіравана нямецкімі войскамі. Каштоўнае абсталяванне было вывезена ў Германію, а будынкі фабрык спалены. У перыяд 1921–1939 гг. Бярозаўка ўваходзіла ў склад Польшчы. Сям’я Столле вярнулася на радзіму і аднавіла работу прадпрыемстваў. Адбылося аб’яднанне фабрык пад назвай Шклозавод «Нёман». З ростам аб’ёмаў вытворчасці расло і насельніцтва Бярозаўкі: у 1933 г. насельніцтва вёскі налічвала каля 1 000 чалавек, тут дзейнічала школа, дом апекі маці і дзіцяці, дзіцячы садок, дом асветы. У 1939 г. в. Бярозаўка ўвайшла ў склад Беларусі і стала цэнтрам сельсавета (1940), у 1941–1944 гг. была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
У ліпені 1944 г. Бярозаўка была вызвалена, дзейнасць шклозавода «Нёман» хутка была адноўлена. Для падрыхтоўкі новых працоўных кадраў у 1946 г. на базе прадпрыемства было створана рамеснае вучылішча (з 1982 г. сярэдняе прафтэхвучылішча). У 1959 г. Бярозаўцы быў нададзены статус рабочага пасёлка, з 1968 г. – пасёлка гарадскога тыпу. У той час тут пражывала 5 100 жыхароў, дзейнічалі: хлебапякарня, камбінат грамадскага харчавання, Дом быту, сярэдняя агульаадукацыйная, музычная і спартыўная школы, Дом піянераў і школьнікаў, палац культуры, кінатэатр, бібліятэкі, грамадскія музеі. Большасць устаноў культуры і быту знаходзіліся на забеспячэнні шклозавода «Нёман». Пасёлак інтэнсіўна развіваўся і пашыраўся. У 1990 г. Бярозаўка стала горадам. Сёння Бярозаўка – горад з насельніцтвам каля 12 000 чалавек. Тут жывуць людзі 16 нацыянальнасцей, 3 рэлігійных канфесій: праваслаўныя, католікі, пратэстанты.
Сучасны горад змяшчае неабходныя для жыцця і дзейнасці ўстановы культуры, адукацыі, выхавання і медыцыны. Дзейнічае музей шкла, царква Жыровіцкай іконы Божай Маці, касцёл Спаслання Святога Духа.
У 2002 г. горад атрымаў герб і сцяг. На афіцыйных геральдычных сімвалах адлюстраваны асноўныя багацці горада: шчодрая прырода Нёманскага краю і прылады працы гутнікаў – шкловыдзімальныя трубкі. Герб Бярозаўкі прадстаўляе сабой «варажскі» шчыт, вертыкальна падзелены на дзве часткі. У правай частцы шчыта на блакітным фоне знаходзяцца тры хвалістыя перавязі, якія сімвалічна прадстаўляюць раку Нёман. Левая палова герба чырвонага колеру, што сімвалізуе агонь, неабходны для вытворчасці крышталю. На чырвоным полі размешчаны перакрыжаваныя шкловыдзімальныя трубкі і стылізаваны кубак. Сцяг уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з двух гарызантальных палос, мае тыя ж асноўныя колеры і паўтарае сімволіку герба. Аўтарам герба для горада з’яўляецца гісторык, архівіст Марына Міхайлаўна Елінская.
Сёння Бярозаўка – адно з самых наведваемых турыстычных месцаў Беларусі. Сюды прыязджаюць, каб паглядзець на працу майстроў-гутнікаў, наведаць музей вырабаў са шкла, набыць унікальныя сувеніры і атрымаць асалоду ад нёманскіх краявідаў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.