Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Start date:
1965 Мінск, г.
Quick reference:
дзяржаўная навуковая ўстанова, вядучая арганізацыя Рэспублікі Беларусь па фундаментальных і прыкладных даследаваннях у галіне інфармацыйных тэхналогій
Short names:
АІПІ НАН Беларусі
Title Options:
Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі
Names in other languages:
UIIP NAS of Belarus (english); United Institute of Informatics Problems of the National Academy of Sciences of Belarus (english); Государственное научное учреждение "Объединенный институт проблем информатики Национальной академии наук Беларуси" (russian); Объединенный институт проблем информатики НАН Беларуси (russian); ОИПИ НАН Беларуси (russian);
Previous Names:
Институт технической кибернетики АН БCCР; Институт технической кибернетики НАН Беларуси; Інстытут тэхнічнай кібернетыкі НАН Беларусі
3163 chars
Reference
Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі заснаваны ў 1965 г. у Мінску як Інстытут тэхнічнай кібернетыкі АН БССР. Асновай для яго стварэння паслужылі лабараторыі аўтаматызацыі інжынернай працы і кіравання вытворчасцю, канчатковых аўтаматаў, дыстанцыйнай перадачы інфармацыі, новых элементаў і схем вылічальнай тэхнікі Інстытута матэматыкі і вылічальнай тэхнікі АН БССР. Навукова-даследчая дзейнасць была звязана з распрацоўкай сістэм кадзіравання інфармацыі пры машынабудаўнічым праектаванні; распрацоўкай, вырабам і вопытна-прамысловай праверкай эксперыментальнага ўзору прыстаўкі да ЭВМ «Мінск-2»; аўтаматызацыяй праектавання маршрутнай тэхналогіі апрацоўкі дэталей на агрэгатных станках і аўтаматычных лініях; распрацоўкай тэхнічных заданняў на стварэнне неабходных тэхнічных сродкаў для аўтаматызаваных сістэм машынабудаўнічага праектавання і інш. У 1966 г. інстытут стаў міжгаліновай галоўнай арганізацыяй СССР па прымяненні матэматычных метадаў і вылічальнай тэхнікі для аўтаматызацыі працэсаў тэхнічнай падрыхтоўкі вытворчасці ў машынабудаванні. У 1966‒1968 гг. створаны вылічальны цэнтр. Прыярытэтным кірункам навукова-даследчай работы стала распрацоўка асноў выкарыстання вылічальнай тэхнікі для аўтаматызацыі інжынернай справы ў прамысловасці. У 1970 г. інстытут атрымаў будынак на вуліцы Сурганава. У 1971‒1975 гг. актыўна развівалася прымяненне вылічальнай тэхнікі ў вядучых галінах народнай гаспадаркі. У 1976‒1980 гг. удасканалена матэрыяльна-тэхнічная база інстытута. У 1983 г. установа прызнана пераможцам Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва за паспяховае выкананне заданняў мэтавых навукова-тэхнічных праграм і ўзнагароджана Чырвоным Сцягам, у 1984 г. ‒ ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга за распрацоўку Банка лічбавых картаграфічных даных. У 1989 г. да інстытута далучана Спецыяльнае канструктарска-тэхналагічнае бюро, а ў 1995 г. ‒ Вылічальны цэнтр АН Беларусі. У 1991‒1995 гг. інстытут займаўся распрацоўкай аўтаматызацыі праектавання тэхнічных сістэм, навуковых асноў новых інфармацыйных тэхналогій, праблемамі апрацоўкі відарысаў, стварэннем вопытных узораў новай тэхнікі. У 2002 г. адбылося аб’яднанне Інстытута тэхнічнай кібернэтыкі, навукова-даследчага аб’яднання «Кібернетыка», Навукова-інжынернага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Сістэмы аўтаматызацыі» у дзяржаўную навуковую ўстанову «Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (АІПІ НАН Беларусі).
Цяпер АІПІ НАН Беларусі – сучасны навуковы цэнтр у галіне інфармацыйных тэхналогій. Асноўнымі кірунками дзейнасці інстытута з’яўляюцца развіццё навуковых асноў інфарматыкі і інфармацыйных сістэм; распрацоўка інтэлектуальных метадаў падтрымкі прыняцця рашэнняў, распазнавання вобразаў і апрацоўкі інфармацыі; стварэнне новых інфармацыйных тэхналогій электронных дзяржаўных паслуг і інш. Пры інстытуце функцыянуюць аспірантура, савет па абароне дысертацый, Цэнтр суправаджэння лічбавага развіцця, шэраг лабараторый. Дзейнічаюць навуковыя школы: аўтаматызацыі праектавання, матэматычнага мадэлявання і аптымізацыі, апрацоўкі і распазнавання відарысаў, сігналаў і маўлення.