Іўеўскі Петрапаўлаўскі касцёл (Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла і кляштар бернардзінцаў)
Start date:
1495 Іўе, г., Гродзенская вобласць
Quick reference:
помнік архітэктуры ранняга барока, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Title Options:
Іўеўскі касцёл і кляштар бернардзінцаў; Іўеўскі Петрапаўлаўскі касцёл; Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла і кляштар бернардынаў
Names in other languages:
Church of Saints Peter and Paul, the Apostles, and Monastery of Bernardines (english); St.s Peter and Paul Catholic Church (english); Ивьевский костёл и монастырь бернардинцев (russian); Ивьевский костёл Святых апостолов Петра и Павла и монастырь бернардинцев (russian);
2005 chars
Reference
Згодна з гістарычнымі крыніцамі, мураваны касцёл у гонар Святых апосталаў Пятра і Паўла ў г. Іўе (Гродзенская вобласць) пабудаваны ў перыяд 1491–1495 гг. па фундацыі ваяводы троцкага, маршалка Вялікага Княства Літоўскага Пятра Янавіча і яго сына Яна з роду Мантыгірдавічаў. Дакументы на яго будаўніцтва былі аформлены ў 1499 г. Паводле фундуша, пры касцёле ў той час ужо існаваў невялікі драўляны кляштар францысканцаў.
Першапачаткова будынак Петрапаўлаўскага касцёла меў выразна гатычны характар. Ён складаўся з роўных па вышыні асноўнага прамавугольнага ў плане аб’ёму і выцягнутай пяціграннай апсіды прэсбітэрыя. Падмурак быў складзены з валуноў вялікіх і сярэдніх памераў на вапнава-пясчанай рошчыне, сцены – з гладкай цэглы ў тэхніцы балтыйскай муроўкі. Магутныя контрфорсы ўмацоўвалі сцены ўсяго збудавання, вокны вялікіх памераў мелі спічастую форму. Узвядзенне скляпенняў у касцёле адносіцца даследчыкамі да XVII ст., пра што сведчыць іншы фармат цэглы.
На працягу сваёй гісторыі храм неаднаразова перабудоўваўся і аднаўляўся. Як і іншыя помнікі каталіцкага храмабудаўніцтва, Петрапаўлаўскі касцёл у другой палове XVІ ст. на некаторы час перайшоў да пратэстантаў, у XVII ст. вернуты католікам. У гэты ж час побач з ім у тэхніцы рэнесанснай муроўкі ўзведзены двухпавярховы цагляны кляштар манахаў бернардзінцаў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. будынкі комплексу былі знішчаны. Аднаўленне святыні адбылося ў XVIII ст. У стылі ранняга барока быў узведзены новы трохнефавы двухвежавы храм з шматграннай апсідай, умацаванай контрфорсамі. Двухпавярховы жылы корпус кляштара з паўночнага боку касцёла ўтварыў з ім прамавугольны ўнутраны двор. Асвячэнне храма адбылося ў 1787 г. У 1858 г. кляштар закрылі, а большасць яго памяшканняў аддалі пад прыходскае вучылішча.
У цяперашні час Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла і былы кляштар бернардзінцаў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і ахоўваюцца дзяржавай.