Date of Birth:
ахрышчаны 12.12.1826 Вілейскі павет, Мінская губерня
Date of death:
15.07.1895 Польшча
Quick reference:
фатограф, адзін з пачынальнікаў беларускай фатаграфіі, удзельнік рэвалюцыйнага руху 1860-х гг.
Name Options:
Прушынскі Антон Антонавіч
Names in other languages:
Prószyński Stanisław Antoni (polish); Прушинский Антон Антонович (russian); Прушинский Станислав Антон (russian);
2738 chars
Reference
Гісторыя прафесійнай фатаграфіі на Беларусі пачынаецца ў сярэдзіне ХІХ ст., калі была адкрыта першая фатаграфічная майстэрня Станіслава Антонія Прушынскага ў Мінску.
Нарадзіўся С. А. Прушынскі ў маёнтку Асінцы Вілейскага павета Мінскай губерні ў сям’і вілейскага межавага суддзі. Ажаніўся ў маладым узросце і з сям’ёй пераехаў у Мінск. Першапачаткова зарабляў на жыццё прыватнымі ўрокамі музыкі, пазней адкрыў невялікую фабрыку па вытворчасці сургучу. Меў прыродныя схільнасці да мастацтва. На сцэне Мінскага гарадскога тэатра ўдзельнічаў у паказах першых беларускіх опер “Сялянка” (1852, лібрэта В. Дуніна-Марцінкевіча, музыка С. Манюшкі і К. Кжыжаноўскага) і “Рэкруцкі набор” (1856, лібрэта В. Дуніна-Марцінкевіча, музыка С. Манюшкі). З адкрыццём фатаграфіі зацікавіўся новай справай, прайшоў навучанне за мяжой, набыў фотаабсталяванне.
Згодна з дакументальнымі крыніцамі, дагератыпная майстэрня С. А. Прушынскага пачала дзейнічаць у горадзе ў 1850 г. (паводле некаторых звестак у 1839 г.) па вул. Францішканскай (цяпер вул. Леніна). Фатаграфаванне тады каштавала нятанна і стала распаўсюджанай з’явай толькі ў заможным асяроддзі. Яно лічылася тонкім мастацтвам, у якім ад фатографа патрабавалася вялікае майстэрства. Найбольшай папулярнасцю ў кліентаў у гэты перыяд карыстаўся партрэт. У майстэрні выконваліся адзіночныя і групавыя партрэты, таксама вяліся здымкі гарадскіх відаў, рабіліся фотарэпрадукцыі карцін, ікон і інш. Самым раннім вядомым фотаздымкам, які быў зроблены ў мінскай майстэрні, з’яўляецца партрэт маці фатографа – Розы Прушынскай (1858), а самым знакамітым – партрэт В. Дуніна-Марцінкевіча (каля 1862).
З развіццём паўстанцкага руху ў 1860-х гг. С. А. Прушынскі далучыўся да партыі чырвоных і ўвайшоў у склад Мінскага паўстанцкага камітэта. У пачатку 1863 г. ён быў арыштаваны, абвінавачаны ў патрыятычнай дзейнасці, у тым ліку ў размяшчэнні забароненых нацыянальных сімвалаў на фотаздымках і высланы ў Сібір. У ссылцы зарабляў на жыццё ўрокамі музыкі. Дзякуючы сваёй жонцы Пелагеі, якая змагла вывезці фотаабсталяванне ў Томск, ён адкрыў там у 1864 г. невялікую фотамайстэрню. Пасля заканчэння тэрміну высылкі ў 1873 г. Станіслаў Антоні з сям’ёй пераехаў у Варшаву. З 1874 г. валодаў там уласнай фотамайстэрняй пад шыльдай “Анастас Пуцята” (з 1892 г. – пад уласным імем). Памёр фатограф 15 ліпеня 1895 г., пахаваны ў Варшаве.
На сённяшні дзень арыгінальныя адбіткі, зробленыя ў мінскай, томскай і варшаўскай майстэрнях С. А. Прушынскага, захоўваюцца ў асноўным у Польшчы – у Нацыянальнай бібліятэцы і ў зборах Нацыянальнага музея ў Варшаве. І толькі адзін з іх – арыгінал партрэта В. Дуніна-Марцінкевіча – зберагаецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь у Мінску.