У пісьмовых крыніцах в. Добасна ўпершыню згадваецца пад 1502 г. як сяло ў Бабруйскай воласці Трабскага ваяводства. Яго жыхары займаліся земляробствам, апрацоўкай ліпавай кары. У 1639 г. Добасна стала шляхецкай уласнасцю і з таго часу належала розным гаспадарам. Апошнімі з іх былі прадстаўнікі роду Булгакаў. Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) вёска ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. З 1816 г. належала да Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У ХІХ ст. у Добасне быў пабудаваны цукровы завод (1839), адкрыта народнае вучылішча (1864), заснавана вінакурня (1880), працаваў млын з паравым рухавіком. Частка вяскоўцаў займалася рагожным промыслам.
У першыя гады Савецкай улады была адчынена чатырохгадовая школа і бібліятэка пры ёй, пачалі дзейнічаць арцель і спажывецкае таварыства. У 1929 г. арганізаваны калгас «Камуніст». Трагічнай старонкай у гісторыі вёскі стала Вялікая Айчынная вайна, на франтах якой загінула 62 яе жыхары, 36 чалавек былі закатаваны фашыстамі. У баях каля Добасны было забіта 11 савецкіх воінаў і 1 партызан (пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры населенага пункта).
Адразу пасля вызвалення вёска пачала аднаўляцца. Была створана МТС, пазней – машынны двор, млын, адкрыта сярэдняя школа і філіял Жыліцкай музычнай школы, Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы садок-яслі і іншыя аб’екты інфраструктуры. У 2002 г. у Добасне налічвалася 462 жыхары, 160 гаспадарак. У 2007 г. вёска стала цэнтрам СВК «Добасна-Агра», з 2008 г. – аграгарадок. Змянілі аблічча дамы, культурныя аб’екты, пабудаваны новы фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне паштовай сувязі, АТС. Аграгарадок Добасна – цэнтр адкрытага акцыянернага таварыства «Дабаснянскае», асноўным напрамкам работы якога з’яўляецца мяса-малочная вытворчасць і раслінаводства.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. на аснове інфармацыі, змешчанай на сайце Кіраўскага райвыканкама.