Вывучэнне роднай культуры, яе адраджэнне і развіццё неабходны ўсяму грамадству. На тэрыторыі нашай краіны захоўваюцца шматлікія гістарычныя помнікі як частка нацыянальнай спадчыны. Па ступені значнасці яны падраздзяляюцца на аб’екты сусветнага, нацыянальнага, мясцовага значэння і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, вядзенне якога ажыццяўляецца Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь”. Дзяржава сочыць за захаванасцю, аднаўленнем і папулярызацыяй помнікаў, праводзіць палітыку, накіраваную на арганізацыю рэстаўрацыйных работ.
Беларусь у сусветнай культурнай і прыроднай спадчыне
Гісторыка-культурныя каштоўнасці знаходзяцца пад аховай як унутрыдзяржаўнага, так і міжнароднага права. У лістападзе 1945 г. у Лондане была створана спецыялізаваная міжурадавая ўстанова ААН ЮНЕСКА (афіцыйна дзейнічае з 4 лістапада 1946 г.), якая дапамагае краінам свету ацэньваць гістарычнае мінулае, адкрываць спадчыну, агульную для ўсяго чалавецтва, і захоўваць яе. Беларусь увайшла ў склад гэтай арганізацыі ў 1954 г. і на працягу многіх гадоў падтрымлівае з ёй плённыя, дынамічныя адносіны. З дапамогай ЮНЕСКА ў нашай дзяржаве рэалізуецца шмат цікавых праектаў у сферы адукацыі, навукі, інфармацыі, камунікацыі і культуры. У кастрычніку 1988 г. Беларусь далучылася да Канвенцыі па ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны, прынятай ЮНЕСКА ў 1972 г., і сёння чатыры аб’екты, якія знаходзяцца ў нашай краіне (Нацыянальны парк “Белавежская пушча”, Мірскі замкава-паркавы комплекс, Нясвіжскі палацава-паркавы ансамбль, Геадэзічная дуга Струвэ), прадстаўлены ў Cпісе сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.
Першым у Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА ў 1992 г. быў уключаны Нацыянальны парк “Белавежская пушча” – унікальны запаведны лес Еўропы.
У 2000 г. гэты спіс папоўніў адзін з самых прыгожых помнікаў Еўропы – Мірскі замкава-паркавы комплекс.
У 2005 г. яшчэ два аб’екты, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, папоўнілі Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА: Нясвіжскі палацава-паркавы ансамбль і пункты Геадэзічнай дугі Струвэ.
Акрамя чатырох аб’ектаў, якія прадстаўляюць Беларусь у культурнай скарбніцы чалавецтва, яшчэ дзесяць уключаны ў папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА: Спаса-Праабражэнская царква і Сафійскі сабор у Полацку, Камянецкая вежа, Барысаглебская царква ў Гродне, комплекс Мікольскага манастыра ў Магілёве, Брэсцкая крэпасць, Палацава-паркавы ансамбль Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, культавыя збудаванні абарончага тыпу, драўляныя цэрквы Палесся, архітэктурны ансамбль праспекта Незалежнасці ў Мінску, Аўгустоўскі канал.
Замкі, вежы, цэрквы-крэпасці – самыя значныя каштоўнасці культурнай спадчыны Беларусі. Вытокі ваеннага дойлідства знаходзяцца ў глыбіні стагоддзяў. Ад простых драўляных парканаў да магутных сцен – такі шлях прайшла сістэма абарончага збудавання. У XII ст. пачалі з’яўляцца каменныя вежы-данжоны, якія выконвалі абарончую ролю. З розных крыніц вядома, што яны былі пабудаваны ў многіх гарадах ВКЛ, але да нашага часу захавалася толькі адна – у Камянцы Брэсцкай вобласці.
Адной з выразных і адметных рыс беларускага дойлідства сярэдніх вякоў з’яўляецца інкастэляцыя храмаў – пераўтварэнне іх у замкі, прыстасаваныя да абароны. Яны нагадвалі невялікія, але моцныя крэпасці, якія ўваходзілі ў сістэму гарадскіх умацаванняў. Пісьмовыя крыніцы паведамляюць пра шматлікія культавыя збудаванні абарончага тыпу ў розных мясцінах Беларусі, але частыя войны і час зрабілі сваю справу: зараз у нашай краіне іх засталося зусім мала. Адзін такі храм амаль без усялякіх змен захаваўся ў Зэльвенскім раёне Гродзенскай вобласці – Сынковіцкая царква-крэпасць.
У папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ўключаны яшчэ адзін храм абарончага тыпу, які знаходзіцца ў в. Мураванцы Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці – Свята-Раства-Багародзіцкая (Мураванкаўская, Маламажэйкаўская) царква.
Увядзенне хрысціянства садзейнічала развіццю культуры на беларускіх землях. З гэтага часу бяруць пачатак каменна-цаглянае будаўніцтва і ўзвядзенне манументальных культавых пабудоў. Цэрквы, саборы, манастыры былі не толькі культавымі ўстановамі, але і найважнейшымі цэнтрамі інфармацыі пра палітычныя, рэлігійныя і грамадскія падзеі. У іх захоўваліся казна, кнігі, архівы, летапісы.
Архітэктура X–XIII стст. у Беларусі мела шмат агульнага з манументальным дойлідствам іншых тэрыторый Кіеўскай Русі, у той жа час яна набыла своеасаблівыя рысы, якія сфарміраваліся ў полацкай і гродзенскай школах дойлідства. У сярэдзіне XI ст. у Полацку (услед за Кіевам і Ноўгарадам) быў пабудаваны Сафійскі сабор – найстаражытнейшы з вядомых у нашай краіне помнікаў культавага (з канца XV ст. абарончага) дойлідства.
Вяршыняй полацкай архітэктурнай школы лічыцца Спаса-Праабражэнская царква (пабудавана ў XII ст.), асаблівую каштоўнасць прадстаўляюць яе фрэскі. Гродзенскую архітэктурную школу ў спісе прадстаўляе храм, які лічыцца жамчужынай беларускага культавага дойлідства – Гродзенская Барысаглебская (Каложская) царква.
У Беларусі шмат унікальных культурных і прыродных помнікаў. Да сапраўдных скарбаў нашай краіны адносіцца Аўгустоўскі канал – выдатны аб’ект гідратэхнічнай архітэктуры XIX ст., вынік дзейнасці чалавека і прыроды (у 2004 г. уключаны ў папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА).