Краткая справка: княжацкi род герба "Агiнец"
Прадстаўнiкi княжацкага роду Агiнскiх на працягу некалькiх стагоддзяў адыгрывалi значную ролю ў жыццi Вялiкага княства Лiтоўскага. Iмёны дзяржаўных дзеячаў, ваяроў, мецэнатаў, музыкантаў, што паходзiлi з гэтага роду, складаюць гонар i славу Беларусi.
Сваё паходжанне Агiнскiя выводзiлi ад Рурыкавiчаў (казельская галiна чарнiгаўскiх князёў). Вiдавочна таму, яны, як i iх родзiчы Пузыны, дадавалi да прозвiшча словы "з Казельска". Аднак, па меркаванні В.Насевiча, непасрэднае iх паходжанне ад чарнiгаўскiх князёў не прасочваецца.
Першапачатковыя вотчыны Агiнскiх знаходзiлiся на Смаленшчыне, а ў Лiтву i Беларусь яны перабралiся пасля захопу гэтых вотчын Маскоўкай дзяржавай. Менавiта таму, паводле другой версii, родапачынальнiкам Агiнскiх быў смаленскi князь Iван Васiлевiч Глушонак, якi на пачатку 1480-х гадоў перайшоў да вялiкага князя маскоўскага Iвана III. Сыны Глушонка, Дзмiтрый i Iван, засталiся ў ВКЛ. Ад iх i пайшлi роды князёў Пузынаў (ад Iвана) i князёў Агiнскiх (ад Дзмiтрыя).
Сваё прозвiшча род набыў ад маёнтка Агiнты ў Лiтве, якi князь Дзмiтрый Глушонак атрымаў ад вялікага князя ВКЛ Аляксандра замест смаленскiх вотчын, што адышлi да Масквы. У Дзмiтрыя быў адзіны сын Багдан (?–1542). Ён першы пачаў ужываць прозвiшча Агiнскi (так у 1555 г. названа ў завяшчаннi яго ўдава). Ад сыноў Багдана пачынаюцца дзве галiны роду князёў Агiнскiх – старэйшая (ад Мацвея), якая ў XVІІ–пач. ХIХ ст. ужывала графскi тытул, i малодшая (браслаўская), прадстаўнікі якой страцілі княжацкi тытул і засталіся на ўзроўні сярэдняй шляхты.
Пры Багдане Мацвеевiчы Агiнскiм (?–1625), унуку Б.Глушонка, пачалося ўзвышэнне старэйшай галiны роду. Багдан займаў пасады падкаморнага трокскага, ротмiстра гусарскага, палкоўнiка войска ВКЛ; удзельнiчаў у дзвюх войнах: Лiвонскай (1558–1582) i польска-шведскай (1601–1602), у падаўленнi паўстання С.Налiвайкi. Вядома дыпламатычная дзейнасць Б.Агінскага: ён ўдзельнічаў у мірных перагаворах з Расіяй у 1587 і 1612 гг. быў паслом на сойм 1609 г., дэпутатам Галоўнага трыбунала літоўскага. Князь Багдан Мацвеевіч Агінскі быў не толькі ваяром і дыпламатам, ён займаўся і асветніцкай дзейнасцю. Будучы старастам Віленскага праваслаўнага брацтва, ён заснаваў у 1610 г. друкарню ў сваім маёнтку Еўе (цяпер г. Вевіс у Літве). Гэта друкарня праіснавала да сярэдзіны XVII ст. і выпусціла больш за 25 выданняў, у тым ліку “Новы запавет з Псалтыром” (1611), “Дыёптру” (1612), “Буквар славянскай мовы” (1618), “Граматыку” М.Сматрыцкага (1619) і інш. Як і выданны Скарынай кнігі Еўінскай друкарні рабіліся на беларускай мове і прызначаліся для шырокіх колаў насельніцтва. Яны выкарыстоўваліся таксама беларускімі брацтвамі ў навучальна-асветніцкай і царкоўна-рэлігійнай дзейнасці. Багдан Агінскі валодаў шматлікімі маёнткамі. Да бацькоўскiх Агiнтаў i Кроняў князь далучыў Еўе ў Лiтве, частку воласцi Бакшты (сучасныя Смiлавiчы) на Мiншчыне, а праз шлюб з Раiнай Валовiч, дачкой смаленскага ваяводы, набыў землi на ўсходзе Вiцебскага павета. Ён меў чатырох сыноў (Яна, Аляксандра, Дзмітрыя, Самуэля) i трох дачок.
Яго сыны адыгралi значную ролю ў палiтычным i рэлiгiйным жыццi ВКЛ. Так, Аляксандр Агiнскi (каля 1585–1667) у 1645 г. быў менскiм ваяводам i першым са свайго роду ўвайшоў у склад Сената. Праз чатыры гады ён стаў кашталянам трокскiм, а яго сын Марцыян (1632–1690) атрымаў тытул "графа на Дуброўне", дзякуючы шлюбу з дачкой Ежы Караля Глябовiча. Ён быў адным з уплывовых i адметных дзеячаў – канцлерам Вялiкага княства. Другiм шлюбам Марцыян у 1685 г. быў жанаты з Канстанцыяй Велiкапольскай. У iх не было дзяцей, i спадчына М.Агiнскага перайшла да яго стрыечнага брата Шымана Караля (1620–1699), а ўладаннi Глябовiчаў – да Казiмiра Сапегi.
Самуэль (каля 1595–1657), другi сын Багдана Агiнскага, лiчыцца пачынальнiкам галоўнай галiны роду Агiнскiх, якая iснавала да ХХ ст. Ён, як i яго бацька, спавядаў праваслаўе. Першая палова ХVII ст. стала часам пераходу шляхты ВКЛ з праваслаўя ва унiяцтва i каталiцтва. Аднак тое пакаленне князёў Агiнскiх, да якога належыў Самуэль, яшчэ моцна трымалася веры бацькоў. У 1612 г. яго родныя браты Ян (каля 1580–1640) i Аляксандр (1585–1667) разам з бацькам падпiсалi пратэст шляхты супраць пераходу праваслаўных святароў ва унiяцтва i выступiлi фундатарамi манастыра Пятра i Паўла ў Мiнску. Сябрам праваслаўнага брацтва пры царкве св. Духа ў Вiльнi, а таксама яго старостам у 1629–1630 гг. быў i Ян Агiнскi. Братоў Агiнскiх сучаснiкi называлi "стаўпамi праваслаўя". Адзін з іх, Самуэль, быў пахаваны разам з жонкай, бацькам i мацi ў манастыры ў Кронах (зараз мястэчка Круонiс у Лiтве недалёка ад Каўнаса). У мураванай царкве, узведзенай на сродкi Багдана Агiнскага, да нашага часу захавалiся надмагiльныя плiты Багдана i Самуэля Агiнскiх.
Ваяводскіх пасад дасягнулi i сыны Самуэля – Шыман Караль (каля 1620–1699) i Ян (каля 1625– 1684). Шыман Караль атрымаў добрую адукацыю ў Галандыi, у горадзе Франекер. Там ён выдаў свой пераклад на лацiнскую мову французскага падручнiка з правiламi добрага тону i прыдворнага этыкету. У Франекеры Шыман Караль ажанiўся з дачкой бургамiстра Т.Стаакман, якая ў хуткiм часе пакiнула радзiму мужа i разам з дачкой Соф'яй вярнулася дадому. Некаторыя польскiя мастацтвазнаўцы лiчаць, што карцiна славутага Рэмбрандта "Лiсоўчык" (або "Польскi вершнiк") з'яўляецца партрэтам Шымана Караля Агiнскага. За сваё доўгае жыццё ён тройчы жанiўся i пакiнуў пасля сябе шматлiкiх нашчадкаў.
Ян Агiнскi, другi сын Самуэля, у 1655 г. перайшоў на бок рускага цара Аляксея Мiхайлавiча, аднак праз год зноў вярнуўся на радзiму. Ён займаў пасады маршалка валкавыскага, пiсара польнага лiтоўскага, ваяводы мсцiслаўскага, а таксама ваяводы полацкага i гетмана польнага лiтоўскага. Ян Агiнскi валодаў маёнткамi Мiкулiна (Вiцебскае ваяводства), Бакшты (Мiнскае), Крапiўнiцы (Ваўкавыскi павет).
Сыны Шымана Караля i Яна Самуэля прынялi актыўны ўдзел у антысапегаўскай каалiцыi i ў бiтве пад Алькенiкамi. Пасля перамогi над Сапегамi iх уплыў узрос яшчэ больш. Павялічыліся і іх зямельныя ўладаннi. Марцыян Мiхал (1672–1750), сын Шымана Караля, ваявода вiцебскi, меў маёнткi пераважна на Вiцебшчыне: Мiкулiна, Лёзна, Марцыянава, Веляшковiчы i iнш. Шлюб з удавой пана Казiмiра Ленфарда Хрысцiнай з роду Абрамовiчаў прынёс яму Бобр i Бялынiчы ў Аршанскiм павеце. Сыны Яна валодалi Смiлавiчамi i Дукорай на Мiншчыне, спадчынай Нарушэвiчаў у Аршанскiм павеце, Бешанковiчамi, Крывiнам i Лугiновiчамi на Полаччыне. З iх Казiмiр Дамiнiк (1670 ?–1733) дасягнуў пасады ваяводы вiленскага, а яго сын Мiхал Казiмiр (1730–1800), буйны палітычны дзеяч, шчодры мецэнат, кампазітар і музыкант, нават вылучаўся кандыдатам у каралі Рэчы Паспалітай (пасля смерці Аўгуста ІІІ). Ён пабудаваў у Слоніме некалькі прамысловых прадпрыемстваў, друкарню, тэатр. Па сваёй ініцыятыве пачаў пракладваць Агінскі канал.
У апошнiя дзесяцiгоддзi iснавання Рэчы Паспалiтай Агiнскiя мелi на Беларусi i ў Лiтве значэнне, з якiм маглi параўнацца толькi Радзiвiлы. Росквіт роду прыпаў на XVIII ст. У ХІХ на пачатку ХХ ст. ён пачаў паступова згасаць. За актыўны ўдзел ў паўстанні Тадэвуша Касцюшкі 1794 і ў больш познім паўстанні 1830 г. многія маёнткі Агінскіх былі канфіскаваны ўрадам, а адзін з прадстаўнікоў роду Міхал Клеафас Агінскі (1765–1833), вядомы музыкант і кампазітар, быў вымушаны пакінуць Радзіму.