Краткая справка:
жывапісец, які працаваў пераважна ў жанры партрэта, пейзажа, тэматычнай карціны, педагог, стваральнік Віцебскай мастацкай школы
Варианты имени:
Пэн Іегуда Моўшавіч; Пэн Юдэль Моўшавіч
Имена на других языках:
Пэн Иегуда Мовшович (русский); Пэн Юдель Мовшевич (русский); Пэн Юдель Мовшович (русский); Пэн Юрий Моисеевич (русский);
5338 символов
Справка
Партрэтысту і аўтару жанравых палотнаў Юдалю Моўшавічу Пэну было наканавана лёсам не толькі пакласці пачатак мастацкаму жыццю ў Віцебску, але і ўнесці свой уклад у гісторыю еўрапейскага і сусветнага мастацтва ХIХ ст.
Ён нарадзіўся ў беднай шматдзетнай сям’і ў г. Новааляксандраўску Ковенскай губерні (цяпер г. Зарасай, Літва). Рана асірацеў: хлопчыку было толькі чатыры гады, калі памёр бацька. Дзякуючы маці Юдаль вучыўся ў хедары, дзе і выявіліся яго здольнасці да малявання. Свой першы малюнак ён зрабіў за грошы п’янага салдата, якія той згубіў каля карчмы. Хлопчык падняў іх і купіў алоўкі і паперу, аднак сапраўдны мастакоўскі вопыт набыў у дзвінскага маляра – майстра шыльды. Тут у Ю. Пэна выпрацавалася своеасаблівая манера лесіровачнай апрацоўкі формы, што пазней праявілася ў яго сталых палотнах. Дзякуючы вывучэнню рамяства шыльды і эстэтыкі яўрэйскай народнай культуры, зарабляў на жыццё. Паступіўшы ў Імператарскую Акадэмію мастацтваў у Санкт-Пецярбургу, вучыўся ў М. Лавярэцкага, П. Чысцякова. Тут ён не толькі ўдасканальваў свой талент партрэтыста, але і развіваў традыцыі перасоўнікаў. Ю. Пэн да канца сваіх дзён так і застаўся прыхільнікам рэалістычных традыцый у жывапісе.
Пасля заканчэння вучобы (1885) ён пісаў партрэты па фатаграфіях заказчыкаў у Дзвінску, Рызе, Крэйцбургу. 3 1891 г. жыў у Віцебску, дзе ў 1897 г. стварыў школу-студыю для таленавітых правінцыяльных мастакоў, якія з-за беднасці і адсутнасці належнай падрыхтоўкі не мелі магчымасці атрымаць вышэйшую адукацыю. У ёй вучыліся такія вядомыя мастакі, як М. Шагал, В. Цадкін, З. Азгур, Я. Мінін і інш. Школа Ю. Пэна праіснавала да 1918 г. Менавіта тады М. Шагал арганізаваў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча, куды і запрасіў свайго настаўніка кіраваць майстэрняй жывапісу. Пасля рэарганізацыі вучылішча ў інстытут Ю. Пэн акрамя выкладання выконваў абавязкі прарэктара па навучальнай частцы. Аднак у 1923 г. пакінуў гэту ўстанову, не прыняўшы новых метадаў мастацкай адукацыі.
На працягу ўсяго жыцця Ю. Пэн працаваў пераважна ў жанрах кампазіцыйнага партрэта, пейзажа. Яго работы даюць магчымасць ацаніць увесь творчы дыяпазон мастака і адначасова прасачыць іх стылістыку і жанравую разнастайнасць. Творчасць адрозніваецца глыбокім філасофскім сэнсам і жыццялюбствам. Ён спакойна, грунтоўна, рэалістычна пісаў толькі тое, што цікавіла, трывожыла і захапляла. Цэнтральнае месца ў творчасці займае партрэт. Менавіта ў гэтым жанры найбольш поўна выявілася ўменне мастака пранікнуць у свет мадэлі, раскрыць яе характар. Асобна вылучаюцца партрэты старых людзей, якія адрозніваюцца асаблівым псіхалагізмам. Кожная рысачка твару, зморшчыны, вялікія вузлаватыя рукі, сам нахіл галавы, погляд – усё кажа пра своеасаблівы душэўны стан і жыццёвы шлях (“Стары з кошыкам”(1892), “Партрэт яўрэя ў чорнай шапачцы” (1900-я гг.), “Стары кравец” і “Стары салдат” (1902), “Жабрак” (1905), “Цыган у шубе” (1910-я гг.), “Стары палкоўнік з мундзірам” (1920-я гг.), “Тынкоўшчык” і “Шкляр” (1925), “Партрэт стогадовага селяніна” (1927) і інш.). Сярод найбольш значных работ паслярэвалюцыйнага часу можна назваць партрэты-тыпы “Шавец-камсамолец” (1925), “Сват” (1926), “Швачка” (1927), “Пекар” (1928), “Гадзіншчык” (1929) і інш. Высокім майстэрствам выканання вылучаюцца партрэты мастакоў М. Шагала, Л. Шульмана, карціны “Аўтапартрэт у саламяным капелюшы”, “Партрэт брата”, “Аўтапартрэт” (усе 1922) і інш. Важную ролю ў творчасці Ю. Пэна адыгрываюць жаночыя партрэты. Мастак любуецца жанчынай на працягу ўсяго яе жыцця, але гэта не выключае псіхалагічнай характарыстыкі мадэлей (“Дзяўчына ў белым” (1889), “Дама з муфтай” (1907), “Дама ў чырвонай шляпе” (1908), “Дзяўчына з астрамі” (1914) і інш.). Велізарная частка творчасці майстра прысвечана Віцебску, яго краявідам, гісторыі, побыту гараджан. Юдаль Пэн сканцэнтраваны ў мастацтве выключна на выяве характараў, тыпаў і сцэн навакольнай рэчаіснасці – паказваў жыццё правінцыяльнага горада, дзе цесна перапляталіся, перасякаліся, узаемадзейнічалі розныя светапогляды, уклады, рэлігіі. Ён маляваў Віцебск, як чалавечы твар, выпісваючы кожную дэталь у гэтым “партрэце”, што можна ўбачыць у палотнах “Мост праз раку”, “Хатка з плотам” і “Вуліца” (1890-я гг.), “Млын на Віцьбе” і “Домік” (1910-я гг.), “Восень” (1911), “Квітнеючы сад” (1926) і інш. Юдаль Пэн быў вельмі сціплым чалавекам і спачатку нават не адважваўся выстаўляць свае работы. Некалькі разоў прадстаўляў творы на акварэльных выстаўках у Санкт-Пецярбургу, у 1907 г. у Парыжы дзве яго карціны “Стары рабін” і “Дзяўчына ў белым” набыты вядомымі калекцыянерамі. Пазней быў прыняты ў Санкт-Пецярбургскае таварыства мастакоў. У 1927 г. прысвоена званне “Заслужаны яўрэйскі мастак Віцебшчыны”.
За 10 дзён да гібелі ўсе працы Ю. Пэн завяшчаў Віцебску. У ноч з 28 лютага на 1 сакавіка 1937 г. ён быў забіты ў сваёй майстэрні. Аднак са смерцю мастака гісторыя школы малявання і жывапісу не спынілася, і яго вучні, знаходзячыся далёка за межамі Беларусі, не аднойчы творамі “вярталіся” ў родны горад. У 1939 г. у Віцебску была адкрыта карцінная галерэя Ю. Пэна, якая праіснавала да 1941 г. Сёння асноўная частка спадчыны мастака захоўваецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі і Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. У 2007 г. у Віцебску ўстаноўлена скульптурная кампазіцыя, прысвечаная майстру.