Краткая справка:
мастацкая ўстанова, заснаваная М. Шагалам, адзіная на Беларусі ў перадваенны час
Названия на других языках:
Витебское народное художественное училище (русский);
Предыдущие названия:
Белорусский государственный художественный техникум; Витебские свободные государственные художественные мастерские; Витебский художественно-практический институт; Витебский художественный техникум; Дзяржаўны мастацкі практычны інстытут; Першае вышэйшае народнае мастацкае вучылішча; Свабодныя дзяржаўныя мастацкія майстэрні
3814 символа
Справка
У пачатку ХХ ст. Віцебск быў адным з самых вядомых гарадоў, дзе высокімі тэмпамі развівалася сучаснае мастацтва. Заснавальнікам Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, на той час адзінай прафесіянальнай мастацкай установы на тэрыторыі сучаснай Беларусі, з'яўляецца знакаміты мастак М. Шагал.
Назва вучылішча неаднаразова мянялася: у 1919–1920 гг. – гэта Першае вышэйшае народнае мастацкае вучылішча, у 1920–1921 гг. – Свабодныя дзяржаўныя мастацкія майстэрні, у 1921–1922 гг. – Вышэйшыя дзяржаўныя мастацка-тэхнічныя майстэрні, у 1922–1923 гг. – Дзяржаўны мастацкі практычны інстытут. У 1922 г. адбыўся першы выпуск: дыпломы атрымалі 10 чалавек, 17 навучэнцаў былі пераведзены ў вышэйшыя мастацкія ўстановы Масквы і Петраграда. У верасні 1923 г. на базе інстытута быў заснаваны Віцебскі мастацкі тэхнікум (дырэктар М. Керзін). У 1934 г. ён рэарганізаваны ў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча. Захаваўся і склад выкладчыкаў, і мастацка-педагагічны профіль установы. Тэрмін навучання быў павялічаны да 5 гадоў (раней складаў 4 гады).
У розны час вучылішча ўзначальвалі М. Дабужынскі, М. Шагал, В. Ермалаева, І. Гаўрыс і інш. Сярод выкладчыкаў былі такія знакамітыя мастакі, як І. Тыльберг, Д. Якерсон, С. Юдовін, Ю. Пэн, М. Шагал, В. Ермалаева, К. Малевіч, І. Пуні, Н. Коган, Л. Лісіцкі, Р. Фальк, І. Ахрэмчык, П. Даркевіч, Ф. Фогт, Л. Лейтман, А. Мазалёў і інш. Многія з іх скончылі вышэйшыя мастацкія навучальныя ўстановы Расіі. Педагогі прадстаўлялі розныя мастацка-стылявыя кірункі: ад рэалістычнага да экспрэсіянісцкага і авангардысцкага. Спачатку навучанне ў вучылішчы праводзілася на аснове творчых майстэрань, дзе кожны навучэнец мог выбраць педагога і мастацкі напрамак. Працавалі майстэрні малюнка, падрыхтоўчага курса, скульптуры, графікі, архітэктуры. Пасля пачалі дзейнічаць мастацка-педагагічнае, мастацка-графічнае і клубна-афарміцельскае аддзяленні. Навучанне праходзіла на жывапісным, скульптурным і архітэктурна-тэхнічным факультэтах. Выкладчыкі чыталі лекцыі па мастацтве, літаратуры, пластычнай анатоміі, фізіцы, хіміі і інш. Многія з іх (М. Шагал, К. Малевіч, Л. Лісіцкі, І. Чашнік, В. Ермалаева, Н. Коган) друкавалі тэарэтычныя работы, у якіх папулярызавалі новыя стылі ў мастацтве. У лютым 1920 г. пры навучальнай установе пад кіраўніцтвам К. Малевіча было створана аб'яднанне УНОВИС («Утвердители нового искусства»; праіснавала два гады). У яго ўвайшлі многія педагогі і навучэнцы. Аснова творчай праграмы гуртка – радыкальная перамена свету рэчаў па прынцыпах супрэматызму. Вучылішча ў гэты час было сапраўднай эксперыментальнай базай для распрацоўкі новых форм у дызайне, архітэктуры, мастацкім афармленні. Дзякуючы грандыёзным праектам аб'яднанне выйшла на першае месца сярод новых мастацкіх школ Расіі; былі нават створаны філіялы ў Петраградзе, Смаленску, Самары, Пярмі.
Выкладчыкі і навучэнцы неаднаразова прымалі ўдзел у выстаўках, якія арганізоўваліся ў вучылішчы, розных гарадах Беларусі і Расіі, прадстаўлялі свае карціны на ўсесаюзных выстаўках мастацтва народаў СССР. Удзельнічалі ў афармленні Віцебска да свят, рабоце Віцебскага краязнаўчага таварыства, стварэнні экспазіцый для Музея сучаснага мастацтва (праіснаваў у сценах навучальнай установы да 1923 г.). Вучылішча мела сваю бібліятэку, дзе захоўваліся кнігі па мастацтве, падручнікі па тэхніцы жывапісу, педагогіцы, манаграфіі аб жыцці і творчасці мастакоў, альбомы, часопісы («Жизнь искусства», «Стекло и керамика»), газеты і інш.
Сярод выпускнікоў шмат выдатных беларускіх майстроў выяўленчага мастацтва – С. Селіханаў, Н. Воранаў, А. Гугель, Р. Кудрэвіч, П. Масленікаў, М. Блішч, У. Кухараў, З. Паўлоўскі, І. Пешкур, П. Явіч і інш. Існуе Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, у якім часта праводзяцца розныя семінары і прэзентацыі.