Дата рождения:
06.04.1896 Петрыкаў, г., Гомельская вобласць
Дата смерти:
19 ці 20.09.1974
Краткая справка:
мастак, аўтар лірычных і індустрыяльных пейзажаў, партрэтаў, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, педагог, удзельнік Вялікай Айчынай вайны
Варианты имени:
Лейтман Леў Маркавіч
Имена на других языках:
Leitman Leu Markavitch (английский); Leitman Leu Meeravitch (английский); Лейтман Лев Маркович (русский); Лейтман Лев Меерович (русский);
4366 символов
Справка
Беларускі графік, педагог Леў Мееравіч Лейтман нарадзіўся ў г. Петрыкаў (зараз Гомельская вобласць) у сям'і служачага. Потым сям'я пераехала ў г. Гарадок Віцебскай вобласці. Там прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады будучага мастака. Прафесійныя навыкі Л. Лейтман атрымаў у школе-майстэрні Ю. Пэна ў Віцебску (1913–1914; 1923–1926), студыі Ю. Бярдшадскага ў Адэсе (1916–1917). У 1937 г. скончыў курсы павышэння кваліфікацыі пры Усерасійскай акадэміі мастацтваў у Ленінградзе. Выкладаў у Віцебскім (1931–1941) і Мінскім (1947–1958) мастацкіх вучылішчах. У 1940 г. стаў членам Беларускага саюза мастакоў. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. У 1944 г. вярнуўся ў Мінск.
Леў Лейтман пісаў пейзажы, партрэты, нацюрморты. Працаваў пераважна ў тэхніцы акварэлі. Ён рабіў гравюры, манатыпіі. Таксама Л. Лейтманам былі створаны рад ксілагравюр («Чаўны», «Віцебскі цырк», «Старык»); лінагравюры («Хлопчык», «Ю. М. Пэн», «Ударніца» і інш.). Карціны аўтара розныя па тэматыцы, але заўсёды жыццесцвярджальныя. У 1930-я гг. яго захапіла індустрыяльная тэма, была створана серыя работ «Жанчына на вытворчасці». У гэты ж час напісаў серыю работ «Жыццё, быт і вучоба Чырвонай Арміі», за якую быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. У 1942 г. Л. Лейтман стварыў серыю лістоў «Абарончыя збудаванні пад Масквой», поўную аптымізму, цвёрдай веры ў перамогу над фашызмам. У 1950-я гг., у час інтэнсіўнага горадабудаўніцтва, аб'ектам для яго творчасці стаў выгляд пасляваенных беларускіх гарадоў («Новыя абрысы гарадоў Беларусі»). Леў Лейтман шмат твораў прысвяціў новабудоўлям, узнаўленню роднага краю, асаблівую ўвагу удзяліў сталіцы: «Ленінскі праспект» (1952), «Галоўпаштамт» (1954), «Агні Мінска» (1959), «Мінск індустрыяльны» (1960), «Новы Мінск» (1952; 1970) інш. Ён паказаў прыгажосць і веліч Мінска, яго плошчаў, магістраляў, архітэктурных ансамбляў, праспектаў, бульвараў. Да лепшых работ можна аднесці цыкл лістоў «Каля новых берагоў ракі Свіслач», «Панарама г. Мінска», «У батанічным садзе» і інш.
Большая частка створанага Л. Лейтманам – гарадскія і вясковыя пейзажы. Ён з'яўляецца аўтарам пейзажаў «Дажджлівы дзень. Дзвіна» (1934), «Вясна» (1939), «Зіма» (1942), «Чырвоныя дахі» і «Вёска Серада» (1943), «Старадаўняя альтанка», «Цішыня» і «Мінская ўскраіна» (1945), «Беларуская вясна» (1959), «Бярозкі» (1959), «Вячэрнія палі» (1960) і інш. Прырода на яго карцінах то спакойная, велічная («Цішыня»), то асветленая яркім сонцам («Дарога на Каменку»), то сумная – («Бярозкі»)... Ён умеў дакладна перадаць розны стан прыроды.
Партрэты Льва Лейтмана выразныя, жывапісныя. Яны сведчаць аб яго назіральнасці, добрым разуменні чалавека і здольнасці пераканаўча гэта перадаць («Партрэт дачкі», «Партрэт студэнткі», «Бібліятэкар», «Лабарантка», «Першае верасня», «Будаўніца» і інш.). Яго мастацкія прыёмы падпарадкаваны абрысоўцы характару. Падкрэсліваючы індывідуальныя рысы чалавека, Л. Лейтман выяўляў яго ўнутраны свет. Так, напрыклад, у партрэце «Дзяўчына ў чорным і блакітным» аўтар па-майстэрску перадаў непасрэднасць і непаўторнасць асобы.
У рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных мастацкіх выстаўках Л. Лейтман удзельнічаў з 1929 г. Перад вайной адкрылася яго персанальная выстаўка ў Мінску, дзе выстаўляліся карціны, выкананыя ў акварэлі, гуашы, масле. Крытыкі адзначалі ўменне мастака данесці да гледача лірычны настрой, паэтычнасць і меладычнасць малюнка («Зіма», «Канец зімы», «Млын на Віцьбе» і інш.). У ваенны час Л. Лейтман удзельнічаў у выстаўцы твораў беларускіх мастакоў у Маскве (1941) і ў выстаўцы «Вялікая Айчынная вайна» (1942). Шмат карцін, створаных ім перад вайной, было страчана, захаваліся толькі тыя, што былі прадстаўлены на выстаўках у Маскве. У 1970-я гг. было арганізавана некалькі персанальных выставак работ мастака. У лістападзе 2013 г. праходзіла выстаўка «Лірыка Лейтмана». Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Віцебскім абласным мастацкім музеі.
Творчую дзейнасць майстар паспяхова спалучаў з педагагічнай. Многія вядомыя мастакі Беларусі з'яўляюцца яго вучнямі. Ён займаўся таксама грамадскай працай: быў старшынёй графічнай секцыі Саюза мастакоў БССР, арганізатарам акварэльнай секцыі і трох рэспубліканскіх выставак акварэлі. У 1967 г. стаў заслужаным дзеячам мастацтваў БССР.