Дата смерти:
20.11.1957 Злучаныя Штаты Амерыкі (ЗША)
Краткая справка:
расійскі жывапісец, графік і тэатральны мастак, першы дырэктар Віцебскага народнага мастацкага вучылішча
Варианты имени:
Дабружынскі Мсціслаў Валяр'янавіч
Имена на других языках:
Dobužinskis Mstislavas (литовский); Добужинский Мстислав Валерианович (русский);
3091 символ
Справка
Мсціслаў Валяр’янавіч Дабужынскі – жывапісец, графік, майстар мастацкай ілюстрацыі, аўтар дэкарацый і касцюмаў да тэатральных спектакляў – увайшоў у гісторыю мастацтва Беларусі як адзін з настаўнікаў М. Шагала і першы дырэктар Віцебскага народнага мастацкага вучылішча.
Нарадзіўся М. Дабужынскі ў Ноўгарадзе ў сям’і генерал-лейтэнанта артылерыі В.П. Дабужынскага і опернай спявачкі Е.Ц. Сафійскай (Барэцкай). У сувязі з частымі службовымі пераездамі бацькі хлопчык займаўся ў навучальных установах Санкт-Пецярбурга, Кішынёва і Вільні. Здольнасці да малявання праявіліся ў Мсціслава ў раннім дзяцінстве, два гады ён наведваў рысавальную школу Таварыства заахвочвання мастацтваў. У 1899 г. скончыў юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, адначасова займаўся жывапісам. З мэтай удасканальвання майстэрства шмат падарожнічаў па Еўропе, наведваў сусветна вядомыя музеі, вучыўся ў студыях мастакоў А. Ажбе, Ш. Холашы, В. Матэ і інш.
У 1902 г. М. Дабужынскі далучыўся да аб’яднання расійскіх мастакоў «Свет мастацтва», стаў прымаць удзел у мастацкіх выстаўках у Расійскай Імперыі і за мяжой. У 1907 г. у Вільні адбылася яго першая персанальная выстаўка, дзе было прадстаўлена шмат гарадскіх пейзажаў, сярод якіх «Омнібус у Вільні», «Вільня. Шкляная вуліца», «Вільня. Базар ля сцяны», «Вільна. Старая сцяна» (усе 1906–1907 гг.) і інш.
Мсціслаў Дабужынскі супрацоўнічаў з пецярбургскімі гумарыстычнымі часопісамі «Страказа», «Шут», «Жупел», з’яўляўся сцэнографам у тэатрах М. Яўрэінава, В. Камісаржэўскай, С. Дзягілева, стварыў выдатныя ілюстрацыі да твораў А.С. Пушкіна, Ф.М. Дастаеўскага, М.Ю. Лермантава, М.М. Карамзіна і інш.
У мастацкай школе-студыі Е.М. Званцавай у Санкт-Пецярбургу ён быў адным з настаўнікаў М. Шагала. Па прапанове свайго таленавітага вучня М. Дабужынскі ў канцы 1918 г. узначаліў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча. Хоць перыяд яго працы тут быў зусім непрацяглы, аўтарытэт дырэктара вучылішча ў мастацкім асяроддзі садзейнічаў умацаванню статусу вучылішча і прыцягненню вопытных мастакоў-педагогаў. На гэтай пасадзе М. Дабужынскі займаўся пытаннямі арганізацыі дзейнасці, выкладаў малюнак, выконваў дэкарацыі для пастановак Яўрэйскага камернага тэатра, прымаў удзел у афармленні гарадскіх мерапрыемстваў. Свае ўражанні ад маляўнічых мясцін старога горада ён адлюстраваў у серыі гарадскіх пейзажаў – акварэлей, малюнкаў, літаграфій («Віцебск у снезе», «Віцебск. Двор», «Віцебск. Шыльда», «Віцебск. Рэчка Віцьба», «Віцебск. Лесвіца» і інш.).
Вясной 1919 г. М. Дабужынскі вярнуўся ў Петраград, дзе працягнуў работу над буйнымі тэатральнымі і дэкаратыўна-мастацкімі праектамі. З 1924 г. мастак жыў і працаваў у Рызе, Каўнасе, Парыжы, Лондане, Нью-Ёрку. Шмат вандраваў, прадстаўляў свае работы на выстаўках, выкладаў жывапіс у мастацкіх школах, займаўся афармленнем спектакляў для тэатраў Еўропы і Амерыкі, ілюстраваў кнігі. Каля 7 тыс. адзінак архіўных матэрыялаў М. Дабужынскага (дзённікі, перапіска, рукапісы артыкулаў, вершаў і лекцый, малюнкі, фотаздымкі і інш.) захоўваюцца ў Літоўскай нацыянальнай бібліятэцы ў Вільнюсе.