Саламон Барысавіч Юдовін нарадзіўся ў мястэчку Бешанковічы Віцебскай губерні (цяпер г. п. Бешанковічы Віцебскай вобласці) у сям’і дробнага яўрэйскага гандляра. У 1908 – 1910 гг. займаўся ў школе-майстэрні Ю. Пэна. Адначасова ён працаваў, як і Марк Шагал, у фотастудыі. У 1910 – 1913 гг. вучыўся ў школе Таварыства заахвочвання мастакоў ў Санкт-Пецярбургу, наведваючы рысавальныя класы, і адначасова працаваў у майстэрнях М. Берштэйна і М. Дабужынскага. Пад уплывам М. Дабужынскага выбраў графіку сваёй асноўнай сферай мастацкай дзейнасці. Значны ўплыў на жыццё і творчасць С. Юдовіна аказаў удзел у гісторыка-этнаграфічных экспедыцыях па зборы твораў яўрэйскага народнага мастацтва, арганізаваных вядомым яўрэйскім пісьменнікам,фалькларыстам С. Ан-скім (Рапапортам) па Валыні, Падоліі, Кіеўскай губерні. У экспедыцыях С. Юдовін займаў некалькі пасад – мастака, фатографа, сакратара. Пазней матэрыялы збору былі апрацаваны. Адным з вынікаў гэтых экспедыцый стала серыя лінагравюр па яўрэйскім народным арнаменце. У 1920 г. у Віцебску выйшаў альбом “Еврейский народный орнамент”, змест якога суправаджаўся паралельным тэкстам на ідзіш і рускай мовах. Яго аўтарамі былі мастакі С. Юдовін і М. Малкін.
У 1918 – 1923 гг. С. Юдовін жыў і працаваў у Віцебску, які ў гэтыя гады стаў буйным мастацкім цэнтрам. У 1922 г. скончыў Віцебскі мастацка-практычны інсытут. У сваёй творчасці не адыходзіў ад бытавога жанру, яўрэйскай тэматыкі. Выкладаў у Народным мастацкім вучылішчы і Яўрэйскім педагагічным тэхнікуме, прымаў удзел у выстаўках. Сярод іх – выстаўкі яўрэйскіх мастакоў (Масква, 1917; Петраград – Віцебск, 1918); “Усебеларуская мастацкая выстаўка” (Мінск, 1925); “Расійская ксілаграфія за 10 год” (Ленінград, 1927), “Графічнае мастацтва ў СССР за 10 год” (Ленінград, 1927), “Усебеларуская мастацкая выстаўка” (Мінск, 1927), Міжнародная выстаўка ў Мілане (1927), Міжнародная выстаўка кніжнага знака ў Лос-Анджалесе (1928) і інш.
У 1923 г. С. Юдовін пераехаў у Петраград, дзе працаваў у музеі Яўрэйскага гісторыка-этнаграфічнага таварыства на пасадах навуковага сакратара і захавальніка фондаў. У 1928 г. музей быў расфарміраваны, а яго фонды перададзены ў іншыя музеі і бібліятэкі. З таго часу і да канца жыцця С. Юдовін працаваў як свабодны мастак. Працягваў работу над серыямі гравюр, якія пачаў яшчэ ў Віцебску (цыклы “Стары Віцебск” (1921 – 1928); “Былое” (1921 – 1928 і 1938 – 1939), рэгулярна наведваў беларускія мястэчкі Бешанковічы і Гарадок, дзе была зроблена яго лепшая гравюра “Пахаванне” (1926), пісаў сцэны з местачковага жыцця – “Газетчык” (1923), “Вуліца ў мястэчку” (1926) і інш. Горад Віцебск з’яўляўся галоўнай тэмай яго твораў. З іншых тэм – быт яўрэйскага пралетарыята, яўрэйская нацыянальная арнаментыка. Гравюры С. Юдовіна сталі з’яўляцца ў перыядычных выданнях па пытаннях мастацтва, у пачатку 1926 г. яго работы былі сабраны ў асобным выданні “Віцебск у гравюрах С. Юдовіна” (тэкст І.П. Фурмана, 1926). У гэты перыяд з наступленнем новай эпохі не абыходзіў ён і новыя вобразы, новыя тэмы, падказаныя жыццём: стварыў вялікія цыклы гравюр “Грамадзянская вайна” (1928), “Абарона Петраграда ў дні наступлення Юдзеніча” (1933), серыі “Новабудоўлі Беларусі” (1936), “Віды Ленінграда” (1946), “Ленінград у дні Вялікай Айчыннай вайны” (1942 – 1947) і інш.
З 1931 г. С. Юдовін бесперапынна працаваў над афармленнем і ілюстраваннем кніг. Усяго ім праілюстравана звыш 60 кніг вядомых яўрэйскіх і неяўрэйскіх пісьменнікаў. Сярод сямі кніг, так і не выдадзеных, – раман Мендэле Мойхер-Сфорыма “Падарожжа Веніаміна ІІІ” і раман Л. Фейхтвангера “Яўрэй Зюс”. Ілюстрацыі да гэтага рамана, створаныя мастаком у 1938–1939 гг., якія хвалебна ўспрыняў сам знакаміты аўтар, спецыялісты лічаць вяршыняй дасягненняў працы С. Юдовіна на гэтым шляху.
Саламон Юдовін з’яўляўся таксама аўтарам шэрагу кніжных знакаў. Экслібрысная спадчына мастака, як сведчаць даследчыкі, не вельмі багатая. Ім створана 16 кампазіцый, гравіраваных на дрэве, – дзесяць для сяброў і знаёмых і шэсць для асабістай бібліятэкі і членаў сваёй сям’і.
Мастак перажыў блакаду ў Ленінградзе, эвакуацыю ў Карабіхе, гады барацьбы з касмапалітызмам. Апошнія гады яго жыцця былі атручаны антысеміцкай кампаніяй. Памёр С. Юдовін у Ленінградзе ва ўзросце 62 гадоў. Яго імем названа адна з вуліц у гэтым горадзе.
На сучасным этапе глыбокай зацікаўленасці даследчыкаў і аматараў мастацтва да феномена росквіту Віцебскай мастацкай школы ў 20-я гг. ХХ ст. усё часцей узгадваецца і імя С. Юдовіна, творчасць якога непарыўна звязана з “залатымі” старонкамі сусветнага мастацтва. У Віцебску існуе калекцыя твораў мастака, якая сабрана былой супрацоўніцай Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Я. Кічынай, дзякуючы якой у Віцебскім мастацкім музеі была праведзена персанальная выстаўка да 100-годдзя Саламона Юдовіна (1993). Яго работы побач з творамі Я. Мініна, А. Бразера, Д. Якерсона і іншых мастакоў таго часу экспанаваліся ў Віцебску і на выстаўцы “80 гадоў Віцебскай мастацкай школы” у 1999 г. падчас правядзення там чарговага “Славянскага базару”. Двойчы, у 2002 і 2005 гг., у Віцебску быў перавыдадзены рарытэтны альбом 1920 г. “Еврейский народный орнамент”.
У Беларусі творы С. Юдовіна знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.