Дата рождения: 04.03.1937 Мінск, г.
Дата смерти: 14.03.2003
Краткая справка: тэатральны мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі
Имена на других языках: Тур Юрий Николаевич (русский);
Тэатральны мастак Юрый Мікалаевіч Тур нарадзіўся ў Мінску. Яго бацька яшчэ да вайны працаваў у тэатры машыністам сцэны, таму хлопец з маленства бачыў і вывучаў тэатр знутры і з выбарам прафесіі вызначыўся хутка. Яшчэ падчас навучання ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце таленавіты студэнт працаваў над афармленнем як народных, так і прафесійных спектакляў. Яго заўсёды захапляў працэс творчага пошуку: зноў і зноў ён шукаў каляровыя і кампазіцыйныя рашэнні, нешта знаходзіў, нешта адмятаў. Пасля атрымання дыплому (1962) Юрый Тур, нацэлены на сур’ёзны творчы пошук, поўны новых задум, накіраваўся ў Кемераўскі абласны драматычны тэатр імя А.В. Луначарскага (Расія). Праз год ён вярнуўся на радзіму і стаў працаваць у Дзяржаўным акадэмічным рускім драматычным тэатры імя А.М. Горкага.
За гады працы Юрый Мікалаевіч аформіў каля шасцідзесяці спектакляў у гэтым тэатры, сярод якіх: «Куды ідзеш, Сяргей?» А. Маўзона і «Дзеці сонца» М. Горкага (1965), «Шчыт і меч» паводле В. Кажэўнікава (1967), «Дурнічка» Лопэ дэ Вегі (1968), «Апошняя інстанцыя» М. Матукоўскага (1974), «Васіль Цёркін» паводле А. Твардоўскага і «Энергічныя людзі» В. Шукшына (абодва 1975), «Пайсці і не вярнуцца» (1978) і «Знак бяды» паводле В. Быкава (1985), «Сінія коні на чырвонай траве» («Рэвалюцыйны эцюд») М. Шатрова (1979), «Вішнёвы сад» А. Чэхава (1981), «Бабскае царства» Ю. Нагібіна (1984), «Апошні наведвальнік» У. Дазорцава (1986), «Ноч анёла» А. Розанава, «Начныя карлікі і Антыгона» («Дарагая Алена Сяргееўна») Л. Разумоўскай (абодва 1987), «І быў дзень…» («Злом») А. Дударава, «Доўгае падарожжа ў ноч» Ю. О’Ніла (абодва 1988), «Курыныя галовы» Д. Шапіры, «Тут жывуць людзі» А. Фугарды (абодва 1989) і інш. У сваіх дэкарацыях ён арганічна спалучаў зрокавыя вобразы з характарам падзей спектакля, умела выкарыстоўваў жывапіс і асвятленне. Работы Юрыя Тура вызначаліся вобразнай завершанасцю, выразнасцю пластычнай мовы, жанравай дакладнасцю. Нават самыя першыя работы мастака здзіўлялі дакладнасцю ўвасаблення задум і адпаведнасцю драматургічнаму матэрыялу.
Афармленне спектакля «Дзеля жыцця» («Першы ўрок») К. Губарэвіча (1968) адрознівалася лаканічнасцю: у якасці дамінуючага элемента сцэнаграфіі Юрый Тур выкарыстаў бронзавыя барэльефы, як даніну памяці загінуўшым. У 1974 г. тэатрам быў падрыхтаваны «Макбет» У. Шэкспіра. Спектакль атрымаўся аскетычна суровым, графічна выразным, чаму спрыяла яго мастацкае афармленне: халодная трохпавярховая канструкцыя – напаўспаленыя сцены з дошак, на якіх цудам захаваліся фрэскі; вязаная, нібыта кальчуга, вопратка акцёраў. Падзеі ў спектаклі «Трохграшовая опера» Б. Брэхта (1976) разгортваліся пад дахам старога, прабітага дажджом і непагаддзю шапіто – у свеце злодзеяў, бандытаў, прастытутак. Замкнёная, напаўкруглая прастора, створаная з дзесятка крывабокіх лесвіц, акрэслівала арэну, дзе кожны біўся не на жыццё, а на смерць за сваё месца за «сталом удачы». У 1977 г. рускі драматычны тэатр прапанаваў гледачам п’есу У. Маякоўскага «Лазня». Наватарскі драматургічны твор вымагаў сваёй тэатральнай эстэтыкі ў спалучэнні з патрабаваннямі канкрэтнага гістарычнага часу. Юрый Тур размясціў на сцэне арыгінальны «тэатр» з цыркавым манежам у цэнтры. Гэты манеж і з’яўляўся галоўным месцам дзеяння: тут размяшчалася і «машына часу», і кабінет Пабеданосікава, і прыёмная Аптымісценкі і г.д. У мастацкім афармленні выразна адчувалася імкненне мастака спалучыць гратэск і публіцыстыку, глыбокі драматызм і буфанаду. Над спектаклем «Узнятая цаліна» паводле М. Шолахава, дзе сцэнічная прастора нагадвала вялізную яму, куды спаўзалі і людзі, і падзеі, Юрый Тур працаваў разам з Я. Волкавым. Сцэнічная пляцоўка ў спектаклі «Вяртанне ў Хатынь» паводле А. Адамовіча (1977) – чатырохвугольны подыум, што нагадваў сваім абрысам вядомы Хатынскі мемарыял – размяшчалася пасярэдзіне глядзельнай залы. Незабыўнае ўражанне стваралі пражэктары, чырвонае святло якіх павольна ахоплівала гледачоў і пераўтварала глядзельную залу ў велізарнае вогнішча. Створанае з дапамогай шэрагу пляцовак-пакояў, пабудаваных на розных узроўнях, мастацкае афармленне п’есы М. Горкага «Ягор Булычоў і іншыя» (1982), спрыяла выкананню рэжысёрскай задумы. У 1984 г. рускі драматычны тэатр ажыццявіў пастаноўку «Гамлета» У. Шэкспіра. На сцэне, аформленай Юрыем Турам, размяшчаліся выявы чалавечых рук, ног, вушэй вялізных памераў, сярод якіх хадзілі, пакутавалі, кахалі адзін аднаго людзі. Сцэна нагадвала то майстэрню скульптара, то могілкі. Спектакль пераўтварыўся ў яркае тэатральнае відовішча, якое выклікала супярэчлівыя меркаванні. У гэтым спектаклі талент Юрыя Тура заззяў новымі гранямі.
У 1970–1973 гг. Юрый Мікалаевіч працаваў у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача. Ім былі аформлены спектаклі «Бялее ветразь адзінокі» В. Катаева (1970), «Несцерка» В. Вольскага (1971), «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А. Махнача, «Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець…» паводле Я. Купалы і М. Чарота, «З любімымі не расставайцеся» А. Валодзіна (усе 1972). У спектаклі па п’есе А. Валодзіна дэкарацыі сталі люстэркавым адбіткам глядзельнай залы з такімі ж балконамі і крэсламі, аднак іх займалі акцёры. Сцэна ўспрымалася як метафарычны «тэатр жыцця», як зала суда і як заводскі клуб, дзе адбываюцца безгустоўныя забаўляльныя мерапрыемствы.
Юрый Мікалаевіч супрацоўнічаў і з іншымі тэатрамі Беларусі. Вынікам працы мастака ў Брэсцкім абласным драматычным тэатры стала афармленне спектакляў «На бойкім месцы» А. Астроўскага (1972), «Таблетку пад язык» А. Макаёнка (1973), «Каварства і каханне» Ф. Шылера (1974). У Беларускім тэатры імя Я. Коласа Юрый Тур працаваў над сцэнаграфіяй «Пяці рамансаў у старым доме» У. Аро (1982) і «Блытаных сцежак» («На вастрыі») К. Крапівы (1983).
Запомніліся гледачам работы Юрыя Тура ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі: оперы «Сівая легенда» Д. Смольскага (1978), «Сцежкаю жыцця» Г. Вагнера (1980), балет «Курган» Я. Глебава (1982) і інш. Падчас падрыхтоўкі да пастаноўкі оперы Г. Вагнера «Сцежкаю жыцця» мастаком была ўзята за аснову мабільная кампазіцыя, што дапамагло пазбегнуць тыповасці і трафарэтнасці ў вырашэнні «ваеннага» сюжэта, дазволіла канкрэтызаваць змест сцэн, эпізодаў, ярчэй паказаць галоўную лінію развіцця падзей. Сцэнаграфія оперы была неардынарнай: строгае мастацкае афармленне, двайны план сцэны – усё было накіравана на раскрыццё галоўнага канфлікту і ідэі твора. Прапанаванае Юрыем Турам для оперы Д. Смольскага «Францыск Скарына» (1988) афармленне адпавядала гістарычнай сутнасці эпохі першадрукара.
За доўгае творчае жыццё мастак выпусціў больш за 85 спектакляў, якія сёння лічацца выдатнымі ўзорамі сцэнаграфіі. У яго спектаклях яскравая метафара спалучалася з псіхалагічнай выверанасцю і вялізным аб’ёмам інфармацыі, што дазваляла падкрэсліваць і ўзмацняць як унутранае, так і знешняе ўдзеянне пастаноўкі. За творчыя поспехі Ю.М. Туру ў 1977 г. было прысуджана ганаровае званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі».
Апошняй работай мастака стала сцэнаграфія да спектакля «Свабодны шлюб» Д. Фо і Ф. Рашэ (1994) у Дзяржаўным акадэмічным рускім драматычным тэатры імя М. Горкага.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.