Дата рождения:
14.05.1907 Арэшкавічы, в., Пухавіцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
13.01.1974
Краткая справка:
цымбаліст, дырыжор, кампазітар, педагог, народны артыст Беларусі і СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1968), узнагароджаны двума ордэнамі "Знак Пашаны"
Варианты имени:
Жыдовіч Іосіф Іосіфавіч
Имена на других языках:
Жидович Иосиф Иосифович (русский); Жинович Иосиф Иосифович (русский);
4197 символов
Справка
Неад’емнай і арганічнай часткай беларускай прафесійнай музычнай культуры з’яўляецца папулярны ў народзе інструмент – цымбалы. І галоўная заслуга ў гэтым належыць першаму цымбалісту-прафесіяналу, аднаму са стваральнікаў унікальнага па гучанню аркестра, які зараз носіць яго імя, – Іосіфу Іосіфавічу Жыновічу (Жыдовічу).
Вялікі і слаўны шлях ад вясковага музыкі да агульнапрызнанага майстра народна-інструментальнага мастацтва прайшоў І.І. Жыновіч. Нарадзіўся ён у вёсцы Арэшкавічы на Пухаўшчыне ў сялянскай сям’і. Дзед і бацька хлопчыка добра ігралі на цымбалах, бацька нават сам рабіў іх. Іосіф Жыновіч не ведаў нот і іграў на слых, выдатна валодаючы інструментам. У пятнаццацігадовым узросце ён прыйшоў у Першы Беларускі драматычны тэатр на праслухоўванне, вельмі ўразіў прысутных сваім майстэрствам і быў залічаны ў трупу тэатра ў якасці музыканта-аркестранта. У 1926 г. І. Жыновіч паступіў у музычную школу, а праз год – на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучобу ў БДУ ён спалучаў з вучобай у Мінскім музычным тэхнікуме, не перапыняючы адначасова і канцэртнай дзейнасці. Дыпломы юрыста і музыканта І. Жыновіч атрымаў адначасова, але асноўнай яго прафесіяй стала ігра на цымбалах. У 1930 г. з музыкантаў-аматараў быў створаны Дзяржаўны ансамбль беларускіх народных інструментаў, канцэртмайстрам і салістам якога стаў І.І. Жыновіч. Музыкант здзейсніў своеасаблівы прарыў у новыя творчыя сферы ігры на цымбалах як у галіне мастацкага майстэрства, так і ў рэпертуары. Выканальніцкая палітра Жыновіча адрознівалася віртуозным бляскам, артыстызмам, глыбінёй спасціжэння аўтарскай задумы. Яго мастацкай натуры была сугучна як музыка з яркімі эмацыянальнымі ўсплёскамі, так і шчырая, лірычная. У 1939 г. адбыўся Першы Усесаюзны агляд выканаўцаў на народных інструментах, лаўрэатам якога стаў І.І. Жыновіч (другая прэмія). Аб выканальніцкім майстэрстве цымбаліста высока адзываліся знакамітыя музыканты краіны.
Напярэдадні вайны І.І. Жыновіч скончыў тэарэтыка-кампазітарскае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. У час вялікай Айчыннай вайны быў накіраваны ў Казахскую філармонію, адкуль у складзе канцэртнай брыгады выязджаў на фронт. Пасля вызвалення Мінска музыкант вярнуўся ў разбураны горад. Пачаўся самы плённы этап яго творчай дзейнасці. Найбольш яркія яе старонкі звязаны з Дзяржаўным акадэмічным народным аркестрам Рэспублікі Беларусь, мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам якога ён быў амаль 30 год, пачынаючы з 1946 г. Менавіта як дырыжор гэтага аркестра ён набыў самую шырокую вядомасць у слухача і заваяваў прызнанне ў прафесійным асяроддзі. Сольны рэпертуар музыканта складаўся з уласных арыгінальных твораў (“Беларускія танцы”, “Працяжная і карагодная”, “Сказ пра Беларусь”, “Беларуская мелодыя” і іншых), пералажэнняў класічных твораў А. Барадзіна, Г. Вяняўскага, В.А. Моцарта, М. Мусаргскага, П. Чайкоўскага, Ф. Шапэна, І. Штрауса і інш. Цымбалы І. Жыновіча гучалі ў канцэртных залах Германіі, Канады, Польшчы, Фінляндыі, Францыі, Чэхіі. Сваім выдатным выкананнем ён ператварыў гэты народны інструмент у дасканалы акадэмічны музычны інструмент, які заняў “у табелі аб рангах” месца ў адным радзе з сусветна прызнанымі інструментамі: фартэпіяна, скрыпкай, віяланчэллю.
Не менш значнай, чым выканальніцкая, была і педагагічная дзейнасць І.І. Жыновіча. Па яго прапанове і ініцыятыве ў Белдзяржкансерваторыі была створана кафедра народных інструментаў, якую ён і ўзначаліў. З кансерваторскага класа І.І. Жыновіча выйшлі такія таленавітыя выканаўцы, як В. Бурковіч, Я. Гладкоў, А. Лявончык, М. Шмелькін і інш. Ён быў аўтарам першага падручніка па цымбалах “Школа для белорусских цимбал” (1948), які пасля смерці І.І. Жыновіча быў перавыдадзены ў 1974 г. пад назвай “Школа игры на цимбалах”. Дзейнасць выдатнага выканаўцы – чараўніка цымбалаў, дырыжора і кампазітара была адзначана вышэйшым ганаровым званнем краіны – званнем народнага артыста СССР і Дзяржаўнай прэміяй Беларусі (1968). На працягу больш чым паўстагоддзя І.І. Жыновіч заставаўся прыкладам самаадданага служэння музычнаму мастацтву Беларусі. І сёння яго багатая спадчына прыносіць плён і высокае эстэтычнае задавальненне ўсім, хто да яе дакранаецца.