Дата начала: 25.04.1937 Мінск, г.
Краткая справка: установа
Краткие названия: Белдзяржфілармонія
Варианты названия: Беларуская дзяржаўная філармонія
Названия на других языках: Балорусская государственная ордена Трудового Красного Знамени филармония (русский); Белорусская государственная филармония (русский);
У пачатку 1930-х гг., калі ў Мінску не існавала ні опернага тэатра, ні філармоніі, галоўная роля ў прапагандзе музычнага мастацтва, папулярызацыі музыкі сярод насельніцтва належала Рэспубліканскаму радыё. Яго музычны сектар не толькі рыхтаваў і перадаваў у эфір асветніцкія праграмы, гутаркі аб кампазітарах, канцэрты па заяўках слухачоў, але і сур'ёзна займаўся арганізацыяй канцэртнага абслугоўвання жыхароў беларускай сталіцы. Значная заслуга ў гэтым належала мастацкаму кіраўніку музычнага радыёвяшчання маладому кампазітару І. Любану – аднаму з першых выпускнікоў музычнага тэхнікума па класе кампазіцыі. Маючы добрыя арганізацыйныя здольнасці, ён змог у кароткі тэрмін аб'яднаць вакол музычнай рэдакцыі вялікую групу вопытных прафесійных выканаўцаў і таленавітай моладзі.
Назапашаны вопыт канцэртнай дзейнасці з'явіўся моцным падмуркам для стварэння Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Неабходнасць гэтага не выклікала сумненняў, таму што ў перыяд рэзкага ўздыму агульнага культурнага ўзроўню народа толькі яна магла разгарнуць разнастайную музычна-асветніцкую дзейнасць і найбольш поўна задаволіць мастацкія патрэбнасці людзей у маштабах усёй краіны.
Перыядычныя выданні друкавалі шмат артыкулаў, у якіх кампазітары, прадстаўнікі мастацкай інтэлігенцыі актыўна выступалі за адкрыццё ў Мінску філармоніі. Так, кампазітар Я. Цікоцкі адзначаў, што канцэртнае жыццё Мінска выглядае больш бедна ў параўнанні з іншымі буйнымі гарадамі краіны. Ён сцвярджаў, што ў нас ёсць усё для стварэння філармоніі: не толькі асобныя выканаўцы – вакалісты, інструменталісты, невялікія ансамблі, але і буйныя музычныя калектывы – Дзяржаўная харавая капэла, сімфанічны аркестр. Кампазітар падкрэсліваў, што філармонія павінна стаць у сістэме Упраўлення па справах мастацтваў такой жа важнай адзінкай, як і кожны з дзяржаўных тэатраў.
Дзеячы культуры Беларусі ставілі перад будучай філармоніяй вялікія задачы па кансалідацыі і творчым росце ўсіх выканальніцкіх сіл рэспублікі, музычным выхаванні слухачоў і пашырэнні канцэртнага абслугоўвання насельніцтва як беларускімі калектывамі, так і лепшымі выканаўцамі іншых рэспублік.
28 верасня 1936 г. Савет Народных Камісараў БССР прыняў пастанову «Аб сетцы ўстаноў Упраўлення па справах мастацтва», у якой гаварылася пра арганізацыю Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў складзе дзяржаўнага хору, сімфанічнага аркестра і аркестра народных інструментаў. Да гэтых вядомых калектываў далучыліся ансамбль цымбалістаў, струнны і вакальны квартэты, Дзяржаўная капэла БССР.
Афіцыйнае адкрыццё Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбылося 25 красавіка 1937 г. Ад імя творчай інтэлігенцыі і ўсіх беларускіх літаратараў выступіў пісьменнік М. Лынькоў, які выказаў упэўненасць, што філармонія сыграе вялікую ролю ў справе далейшага развіцця нацыянальнай музыкі і стане цэнтрам усяго канцэртнага жыцця краіны. На адкрыцці выконваліся беларускія народныя песні, музычныя творы беларускіх савецкіх кампазітараў. У выкананні сімфанічнага аркестра і хору філармоніі прагучалі «Інтэрнацыянал», народная песня «Як крыніца цячэ». Саліст Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР М. Дзянісаў выканаў у суправаджэнні сімфанічнага аркестра два вакальныя нумары з беларускага фальклору – «Ой, арол, ты арол» і «Ой, ды ў нашым сяле свадзьба будзе».
З захапленнем слухала публіка выступленне опернай салісткі Л. Александроўскай, якая выканала песні «Што за месяц, што за ясны», «Восень» І. Любана, «Вечарынка» С. Палонскага (дзве апошнія на словы Я. Купалы). Ёй акампаніраваў нядаўна створаны пры філармоніі аркестр народных інструментаў у складзе 28 музыкантаў. У праграму канцэрта ўвайшлі нумары класічнага рэпертуару: арыі з оперы «Пікавая дама», «Скерца» з Шостай сімфоніі П. Чайкоўскага і інш. Гэты незабыўны філарманічны вечар паклаў пачатак трывалым кантактам слухачоў са светам музыкі. Кіраўніцтва філармоніі правяло конкурс народных талентаў для прыцягнення адоранай моладзі ў новы творчы калектыў. У 1939 г. сектар эстрады быў вылучаны ў самастойную арганізацыю «Белдзяржэстрада».
У 1940 г. артысты Беларускай дзяржаўнай філармоніі прынялі ўдзел у Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве. У водгуках адзначаліся высокія творчыя дасягненні калектываў, іх музычная выразнасць і разнастайнасць. Па выніках дэкады за выдатныя поспехі ў развіцці беларускага музычнага мастацтва Беларуская дзяржаўная філармонія Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 20 чэрвеня 1940 г. была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Вялікая група майстроў мастацтваў рэспублікі, у тым ліку кіраўніцтва і артысты ўстановы, былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, атрымалі ганаровыя званні.
У гады Вялікай Айчыннай вайны філармонія не працавала. З артыстаў розных жанраў была створана франтавая канцэртная брыгада, якая выступала ў дзеючай арміі, палявых шпіталях, на мабілізацыйных агітпунктах. Сваю дзейнасць філармонія аднавіла ў 1945 г.
Беларуская дзяржаўная філармонія назапасіла багаты вопыт і добрыя традыцыі ў справе развіцця творчых кантактаў з краінамі блізкага і далёкага замежжа. Да іх адносяцца святы нацыянальных культур, у якіх прымаюць удзел лепшыя выканаўцы: дэкады, тыдні, дні беларускай культуры ў Расіі, Украіне, Літве, Латвіі і іншых краінах і такія ж святы прадстаўнікоў мастацтва і культуры гэтых народаў у Беларусі. Такія мерапрыемствы робяць даступнымі назапашаныя мастацкія каштоўнасці, спрыяюць устанаўленню ўзаемаразумення паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей.
Неад'емнай часткай музычнага жыцця Беларусі з'яўляюцца фестывалі, якія дапамагаюць стварыць адчуванне свята, даюць падставы для абуджэння актыўнасці сродкаў масавай інфармацыі. Буйным святам акадэмічнай музыкі з'яўляецца Міжнародны фестываль мастацтваў «Беларуская музычная восень», які праводзіцца з 1974 г. Панарама яго канцэртных мерапрыемстваў уключае выступленні як беларускіх калектываў, так і запрошаных зорак. Фестываль пацвярджае важнасць творчага супрацоўніцтва паміж выканаўцамі розных краін і адначасова з'яўляецца кульмінацыяй філарманічнай дзейнасці ў кожным творчым сезоне. З 1984 г. у Мінску праводзіцца Міжнародны музычны фестываль «Мінская вясна», асноўная мэта якога – усебаковая падтрымка і прапаганда прафесійнага музычнага мастацтва, выяўленне новых імёнаў у кампазітарскай і выканальніцкай творчасці, папулярызацыя творчасці айчынных аўтараў. Філармонія вядзе штодзённую карпатлівую дзейнасць па музычным выхаванні падрастаючага пакалення. У 1992 г. канцэртна-лекцыйнае бюро рэарганізавана ў філармонію для дзяцей і юнацтва з правам шырокай самастойнасці, але пад апекай Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Новае творчае фарміраванне зрабіла сваёй мэтай пошук больш эфектыўных форм і метадаў музычна-выхаваўчай дзейнасці. Сёння Дзіцячая філармонія размяшчаецца ў адноўленым будынку царквы Святога Духа на плошчы Свабоды ў Мінску. Яе ўрачыстае адкрыццё адбылося 10 верасня 2011 г. падчас святкавання Дня горада.
У складзе Беларускай дзяржаўнай філармоніі плённа працуюць такія творчыя калектывы, як Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Шырмы, Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча, Дзяржаўны камерны аркестр, Дзяржаўны камерны хор, вакальны ансамбль «Камерата», ансамбль салістаў «Класік-Авангард», фальклорная група «Купалінка», Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра «Зьніч», Ансамбль салістаў, Мінскі струнны квартэт. Дзейнічаюць музей У. Мулявіна, музычная гасцёўня.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.