Краткая справка:
беларускі і расійскі дырыжор, народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990), кавалер нацыянальнага французскага ордэна "За заслугі вышэйшай ступені" (2014)
Имена на других языках:
Анисимов Александр Михайлович (русский);
3657 символов
Справка
Да рэдкай катэгорыі дзеячаў нашага музычнага мастацтва, якія трывала выйшлі на міжнародную арэну, належыць беларускі і расійскі дырыжор, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, доктар музыкі Нацыянальнага універсітэта Ірландыі, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, ганаровы дырыжор Нацыянальнага сімфанічнага аркестра Ірландыі Аляксандр Міхайлавіч Анісімаў.
Нарадзіўся А. Анісімаў у Маскве. Скончыў Ленінградскую і Маскоўскую кансерваторыі, аспірантуру Маскоўскай кансерваторыі. Працаваў у Ленінградскім Малым (1975–1980) і Пермскім (1984–1989) тэатрах оперы і балета. З 1980 па 1984 і з 1989 па 2001 гг. быў галоўным дырыжорам творчага аб’яднання “Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь”. Зараз А. Анісімаў мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь. Пад яго музычным кіраўніцтвам былі пастаўлены нацыянальныя оперы “Новая зямля” Ю. Семянякі і “Дзікае паляванне караля Стаха” У. Солтана (Дзяржаўная прэмія Беларусі, 1990), балет “Курган” Я. Глебава. Сярод работ дырыжора на беларускай сцэне шмат твораў рускай і замежнай класікі: “Рыгалета” Дж. Вердзі, “Шчаўкунок” і “Іаланта” П. Чайкоўскага, “Іван Сусанін” М. Глінкі, “Кармэн” Ж. Бізэ, “Карсар” А. Адана, “Лэдзі Макбет Мцэнскага павета” Дз. Шастаковіча. У 1984 г. А. Анісімаў быў дырыжорам першага выканання ў СССР опер “Вогненны анёл” і “Мадалена” С. Пракоф’ева, у 1987 г. прымаў удзел у відэатрансляцыі на Еўропу і Амерыку выканання кантаты “Карміна Бурана” Орфа. У 1995 г. музыкант кіраваў Расійскім Нацыянальным аркестрам на гала-канцэртах сусветна вядомай іспанскай спявачкі Мантсерат Кабалье ў Маскве і Пецярбургу, у 2005 г. стаў пераможцам у намінацыі “Опера” аднаго з самых буйных тэатральных фестываляў на постсавецкай прасторы “Залатая маска” як дырыжор спектакля “Лэдзі Макбет Мцэнскага павета” ў Растоўскім музычным тэатры.
Унушальны і прадстаўнічы спіс оперных спектакляў, у якіх А. Анісімаў прымаў удзел у якасці музычнага кіраўніка або проста дырыжора ў розных краінах свету. Ён быў дырыжорам опер “Вайна і мір” С. Пракоф’ева ў Сан-Францыска, “Барыс Гадуноў” М. Мусарскага ў Венецыі, “Князь Ігар” А. Барадзіна ў Сан-Францыска і Марселі, “Казка пра цара Салтана” М. Рымскага-Корсакава ў Фларэнцыі, музычным кіраўніком пастаноўкі “Яўгеній Анегін” П. Чайкоўскага ў тэатры Опера дэ Бастыль у Парыжы, які лічыцца Нацыянальнай операй Францыі.
Творчыя сувязі А. Анісімава з замежнымі калектывамі датычацца не толькі оперных тэатраў. Яму даводзілася выступаць з сімфанічнымі аркестрамі Галандыі, Англіі, Славеніі, Аргенціны, Японіі, Рэспублікі Карэя. У Італіі пасля выступлення з сімфанічным аркестрам Акадэміі “Санта Чэчылія” (Рым) музыканты падаравалі А. Анісімаву дырыжорскую палачку легендарнага Леанарда Бернстайна.
Шматлікія выступленні за мяжой не перашкаджаюць творчай дзейнасці А. Анісімава ў Беларусі. Кожнае выступленне Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад яго кіраўніцтвам – значная падзея ў культурным жыцці краіны. Такой падзеяй стала прэм'ера аднаактовай оперы “Замак герцага Сіняя Барада” (Б. Барток) у канцы 2007 г.
А.М. Анісімаў – стваральнік юнацкага сімфанічнага аркестра ў Беларусі, які працуе ў фестывальным рэжыме (юныя музыканты збіраюцца разам толькі для падрыхтоўкі канцэртных праграм).
За вялікі асабісты ўклад у развіццё музычнага мастацтва Аляксандр Міхайлавіч Анісімаў быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (1998), нацыянальным французскім ордэнам "За заслугі вышэйшай ступені" (2014).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2007 г., актуалізаваны ў 2020 г.