Даследчык харэаграфіі, балетмайстар-наватар, арганізатар і пастаноўшчык эпічных тэатральных дзействаў Мікалай Рыгоравіч Дудчанка адзін з першых звярнуў увагу на разнастайную рэгіянальную і лакальную адметнасць беларускага танца і здолеў увасобіць яе ў сцэнічных формах мастацтва.
Нарадзіўся ён у Чэлябінску. Танцам і музыкай захапіўся яшчэ ў раннім дзяцінстве. Пасля заканчэння агульнаадукацыйнай і музычнай школ вучыўся ў музычным вучылішчы па класе баяна, наведваў заняткі ў балетнай студыі пры Чэлябінскім тэатры оперы і балета. З 16 гадоў ужо танцаваў у кардэбалеце тэатра, удзельнічаў у розных танцавальных і музычных конкурсах. Прафесію харэографа М.Р. Дудчанка атрымаў у 1966 г., скончыўшы балетмайстарскае аддзяленне Вышэйшай прафсаюзнай школы Усесаюзнага цэнтральнага савета прафесійных саюзаў у Ленінградзе. Пасля завяршэння навучання працаваў у Магілёве. Выкладаў народны танец у Магілёўскім культасветвучылішчы (1968–1970), арганізаваў пры Доме культуры Магілёўскага аўтазавода імя С.М. Кірава харэаграфічны ансамбль танца «Вяснянка» і дзіцячую балетную студыю пры ім. Як мастацкі кіраўнік калектыву вялікую ўвагу надаваў стварэнню сцэнічнага беларускага нацыянальнага рэпертуару. Сярод харэаграфічных нумароў «Вяснянкі» – «Беларуская вясельная», «Кірмаш», «Крутуха», «Гусарыкі», «Беларуская балада» і інш. Сцэнічная культура, майстэрства выканаўцаў, праграма, арыентаваная на мясцовы фальклор, выдатныя сцэнічныя касцюмы – усё гэта стала прыкладам для творчых калектываў з іншых рэгіёнаў. Дзякуючы сумеснай працы М.Р. Дудчанкі і яго жонкі, харэографа В.І. Гаявой, «Вяснянка» заваявала прызнанне як у Магілёве, так і далёка за межамі Беларусі.
У 1974 г. па прапанове Мінстэрства культуры БССР М.Р. Дудчанка пераехаў у Мінск, дзе разам з В.І. Гаявой арганізаваў прафесійны харэаграфічны ансамбль «Харошкі» пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Мікалай Рыгоравіч стаў яго першым мастацкім кіраўніком (з 1974 г.), у далейшым быў дырэктарам, галоўным балетмайстрам (1997–2003), мастацкім кіраўніком харэаграфічнай студыі пры ім (з 2003 г.), балетмайстрам-пастаноўшчыкам (з 2005 г.). Вось ужо больш за 40 гадоў Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль «Харошкі» з’яўляецца сапраўднай легендай беларускай сцэны, зберагае і папулярызуе шматвяковыя нацынальныя традыцыі.
З 1977 г. М.Р. Дудчанка з’яўляўся таксама галоўным балетмайстрам эстрады, з 1984 г. рэжысёрам Беларускай дзяржаўнай філармоніі, з 1991 г. мастацкім кіраўніком Рэспубліканскай дырэкцыі нацыянальных мастацкіх праграм пры Міністэрстве культуры Беларусі. Некаторы час быў кансультантам па харэаграфіі Рэспубліканскага навукова-метадычнага цэнтра культуры і Міжсаюзнага дома самадзейнай творчасці. У якасці рэжысёра і харэографа ансамбля харэаграфічных і музычных мініяцюр «Бліскавіца» ў 1993–1998 гг. М.Р. Дудчанка паставіў харэаграфічныя творы «Крыжачок», «У гарадскім садзе», «Рыцарскі марш» і інш. Быў балетмайстрам-пастаноўшчыкам опер «Дзікае паляванне караля Стаха» У. Солтана (пастаўлена ў 1989 г.), «Кармэн» Ж. Бізэ (пастаўлена ў 1990 г.). Мікалай Рыгоравіч з’яўляецца аўтарам сцэнарыяў і пастаноўшчыкам больш за 50 мерапрыемстваў, сярод якіх міжнародныя і рэспубліканскія фестывалі народнай творчасці, юбілейныя, тэатралізаваныя святы і інш. Ён быў галоўным балетмайстрам пры падрыхтоўцы выступлення беларускай дэлегацыі на ХХІІ Алімпійскіх гульнях у Маскве, святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Ф. Скарыны, свят горада Мінска (1986, 1987, 1988, 1996) і іншых беларускіх гарадоў. Яго пастаноўкі вылучаюцца самабытнай пластыкай і арыгінальнай кампазіцыяй. Праявіў сябе таксама таленавітым педагогам-балетмайстрам – у 1978–1982 гг. выкладаў народны танец у Беларускім дзяржаўным харэаграфічным вучылішчы, з’яўляўся дацэнтам кафедры рэжысуры абрадаў і свят, старэйшым выкладчыкам на кафедры рэжысуры эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (2005–2012). Ён аўтар методык па харэаграфіі, у тым ліку «Методыкі сцэнічнай апрацоўкі беларускага танцавальнага фальклору» (1982). У 1999 г. М.Р. Дудчанка атрымаў ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, а ў 2014 г. стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.