Названия на других языках:
"Хорошки" (русский); Белорусский государственный академический заслуженный хореографический ансамбль "Хорошки" (русский);
Предыдущие названия:
Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль "Харошкі"; Белорусский государственный заслуженный хореографический ансамбль "Хорошки"; Фальклорна-харэаграфічны ансамбль "Харошкі"; Фольклорно-хореографический ансамбль "Хорошки"
5666 символов
Справка
Яркай адметнасцю і непаўторнай самабытнасцю вылучаецца Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, які са сваім стылем, багатай фантазіяй і арыгінальнасцю задум, неверагодна высокім выканальніцкім майстэрствам займае ў сучасным беларускім мастацтве асаблівае месца.
Гісторыя пачалася яшчэ з харэаграфічнага ансамбля “Вяснянка”, што дзейнічаў пры Палацы культуры Магілёўскага аўтамабільнага завода імя С.М. Кірава. Там, у Магілёве, маладыя харэографы М. Дудчанка і В. Гаявая (будучыя кіраўнікі “Харошак”) здолелі стварыць атмасферу сапраўднай творчасці, запаланіць сэрцы маладых танцораў-аматараў сапраўднай любоўю да народнага танца. Яны пачалі шукаць свой уласны стыль. Ставілі танцы і не зусім арыгінальныя, але якія адрозніваліся ад падобных танцаў іншых ансамбляў. Стваралі відовішча з галоўнымі дзеючымі асобамі, дзеяннем, што мела завязку, кульмінацыю, развязку. Ансамбль “Вяснянка” хутка стаў вядомым у вобласці, атрымаў званні лаўрэатаў абласнога і рэспубліканскага конкурсаў мастацкай самадзейнасці. Праз нейкі час М. Дудчанку і В. Гаявую запрасілі працаваць у Беларускую дзяржаўную філармонію (Мінск), дзе ў 1974 г. і быў створаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі” (да 1985 г. у яе складзе). Адметнае імя калектыў атрымаў ад назвы маленькай беларускай вёскі ў Магілёўскай вобласці. Першыя гады ансамбль правёў у напружаным пошуку свайго рэпертуару, творчага аблічча. У паездках па рэспубліцы артысты збіралі фальклорны матэрыял, вывучалі яго, апрацоўвалі, выбіралі самае цікавае, істотнае. Карпатлівая праца прынесла ансамблю поспех. Яркая выразнасць і высокае выканальніцкае майстэрства гэтага творчага калектыву – вынік напружанай працы яго ўдзельнікаў і мастацкага кіраўніка і галоўнага балетмайстра (з 1976 г.) В. Гаявой. У 1977 г. “Харошкі” былі адзначаны І прэміяй і званнем лаўрэата Усесаюзнага агляду-конкурсу прафесійных мастацкіх калектываў.
Валянціна Гаявая, абапіраючыся на народна-сцэнічны танец і свабодна валодаючы мовай сучаснай харэаграфіі, стварае яркія, маштабныя, жыццесцвярджальныя харэаграфічныя палотны. Яе рэжысуры ўласцівы строгая лаканічнасць вобразнага рашэння, адзінства стылю ў пастаноўках самых розных па характары і тэмпераменце танцаў. Нумары і харэаграфічныя спектаклі В. Гаявой даюць абсалютную ўнутраную свабоду выканаўцам. Клапатліва захоўваючы народныя традыцыі, ансамбль узбагачае танцы сучаснымі рытмамі – “Весялуха”, “Мітусь”, “Гусарыкі”, “Лянсей”, “Крутуха”. Большасць праграм уяўляюць сабой арыгінальныя харэаграфічныя спектаклі – імклівы каскад жыццесцвярджальнай весялосці і адметнага беларускага гумару. У рэпертуары калектыву ёсць разгорнутыя тэатралізаваныя праграмы: “Тураўская легенда” арыгінальна аднаўляе старадаўнія язычніцкія рытуалы; “Полацкі сшытак” навеяны эпохай Адраджэння, заснаваны на музыцы XVI–XVII стст.; “Бывай, XX стагоддзе!” – на аснове гарадскога фальклору і папулярных мелодый мінулага стагоддзя; “Добры вечар, госці!”, “Жаніцьба Цярэшкі” і “Беларусы” цалкам заснаваны на фальклорным матэрыяле і інш. З моманту стварэння ансамбль працуе ў суправаджэнні свайго аркестра і вакальнай групы. Складаны сінтэз народных традыцый і наватарства калектыву падкрэслены складам яго інструментальнай групы, у якой да непаўторных галасоў старажытных народных інструментаў – ліры, жалейкі, цытры, дудачкі, цымбалаў – падключаюцца скрыпка, баян, гармонік, флейта, а таксама бас-гітара, ударная ўстаноўка. Нязменна здзіўляюць і захапляюць слухачоў сілай гуку і прыгажосцю тэмбру беларускія народныя музычныя інструменты – акарына, басэтля, кмены (музычныя інструменты з каласоў пшаніцы, сцёблаў чароту, багуну).
Асаблівым гонарам “Харошак” з’яўляецца каласальны касцюмны фонд. У касцюмерных калектыву больш за 1500 разнастайных камплектаў сцэнічнага адзення. Большая частка з іх – вынік натхнёнай працы прафесійных мастакоў і самабытных беларускіх майстроў. Многія строі сатканы і вышыты ўручную, уяўляюць сабой мастацкую і этнаграфічную каштоўнасць. Неаднаразова касцюмы ансамбля экспанаваліся на прэстыжных выстаўках у Італіі, Расіі (Санкт-Пецярбург), Беларусі. Менавіта “Харошкі” ўпершыню заявілі з прафесійнай сцэны, што раскошныя рэнесансныя і барочныя формы з’яўляюцца неад’емнай часткай нацыянальнага беларускага гістарычнага касцюма.
Пачынаючы з 1976 г. ансамбль штогод выступае з канцэртамі ў краіне і за яе межамі. З трыумфам прадстаўляў Беларусь на гастролях і ў культурных акцыях у Францыі, Даніі, Сірыі, Іарданіі, Лівіі, Індыі, Японіі, Кітаі і інш. Ансамбль “Харошкі” – удзельнік самых прэстыжных міжнародных фестываляў “Руская зіма”, “Маскоўскія зоркі”, “Ташкенцкая залатая восень”, “Кіеўская вясна” і інш. З 1987 г. пры ансамблі дзейнічае школа-студыя, усе выкладчыкі якой у мінулым былі артыстамі калектыву. Іх задача – перадаць выхаванцам не толькі сваё майстэрства, традыцыі, стыль “Харошак”, але і бясконцую захопленасць беларускімі народнымі танцамі. Навучанне праводзіцца па аўтарскай праграме В. Гаявой, якая выхавала не адно пакаленне артыстаў.
За 40 гадоў сцэнічнай дзейнасці ансамбль “Харошкі” стаў своеасаблівым брэндам, адным з сімвалаў Беларусі. Калектыў быў узнагароджаны прэміяй Ленінскага камсамола (1982), атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі (1996), стаў заслужаным калектывам Беларусі (1999). У 1978 г. пра ансамбль зняты тэлефільм-канцэрт “Харошкі”. Сродкамі сучаснай харэаграфіі калектыў унёс важкі ўклад у захаванне беларускага танцавальнага фальклору, сцэнічнае ўвасабленне яго найлепшых традыцый і ўзораў, узбагаціў духоўную скарбніцу беларускага народа. Вясёлая святочнасць нацыянальнага танца ў выкананні аднаго з самых папулярных беларускіх ансамбляў нікога не пакіне раўнадушным.