Дата рождения: 20.05.1884 Бахаравічы, в., Пухавіцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти: 26.02.1943 Узбекістан
Краткая справка: балетмайстар, педагог, кавалер ордэна "Знак Пашаны"
Имена на других языках: Алексютович Константин Андреевич (русский);
Канстанцін Андрэевіч Алексютовіч лічыцца адным з заснавальнікаў беларускага прафесійнага танцавальнага майстэрства. З творчасцю гэтага выдатнага балетмайстра, педагога, знаўца беларускага танцавальнага фальклору звязана цэлая эпоха ў развіцці нацыянальнай харэаграфіі.
Нарадзіўся ён у в. Бахаравічы Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Дзякуючы бацькам, якія ігралі і спявалі на вясковых святах, з ранніх гадоў захапіўся музыкай і танцамі, марыў стаць танцорам. Прафесійную адукацыю атрымаў у Харэаграфічнай школе бальнага танца Н. Сакалоўскага ў Мінску (1903) і Санкт-Пецярбургскім тэатральным вучылішчы (1906). Пасля заканчэння навучання вярнуўся ў Мінск. Працаваў танцмайстрам-настаўнікам пластыкі і танца Аляксееўскай жаночай гімназіі Я.Д. Рэйман. Арганізаваў таксама ўласную харэаграфічную студыю і школу бальнага танца. Ставіў характарныя танцы («Гапак», «Мазурка», «Кра¬кавяк», «Фанданга»), у якіх часта саліраваў, выконваў тэхнічна складаныя партыі. У час Першай сусветнай вайны займаўся пастаноўкай харэаграфічных нумароў для дзіцячага тэатра і драматычнай студыі ў Саратаве.
У далейшым К.А. Алексютовіч працаваў у Беларусі. У 1921–1928 гг. з’яўляўся балетмайстрам Першага Беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-1), у 1930–1937 гг. – Беларускага ТРАМа і Беларускага тэатра юнага гледача імя Н.К. Крупскай. Супрацоўнічаў з У. Галубком у Трэцім Беларускім дзяржаўным тэатры. Пры БДТ-1 арганізаваў невялікую балетную трупу і студыю, дзе праводзіў заняткі па сцэнічным руху, рытміцы і пластыцы, знаёміў акцёраў з асновамі народна-характарнага і метадычнага танца, навучаў навыкам адчування музыкі ў руху. Падрыхтаваў вялікую колькасць танцаў, карагодаў, гульняў, абрадавых сцэн у драматычных спектаклях «На Купалле» М. Чарота, «Машэка», «Каваль-ваявода» Е. Міровіча, «Панскі гайдук» Н. Бываеўскага, «Вяселле» В. Гарбацэвіча, «Паў¬лінка», «Адвечная песня», «Сон на кургане» Я. Купалы і інш. Балетмайстар асабіста збіраў і аранжыраваў танцавальны фальклорны матэрыял. Такім чынам ён адрадзіў вялікую колькасць забытых танцаў, удасканаліў і ўвёў новыя тэхнічныя элементы рухаў для іх, распрацаваў сучасныя сцэнічныя варыянты найбольш папулярных беларускіх народных танцаў «Лявоніха», «Крыжачок», «Полька-Янка», «Чарот», «Чобаты», «Мяцеліца», «Мікіта», «Таўкачыкі», «Кола», «Юрачка», «Верабей», «Лянок», «Шастак», «Казачок», «Цярэшка» і інш. Зацікавіўшыся тэкстам і мелодыяй песні «Бульба», на яе аснове стварыў аднайменны танец, які ў далейшым набыў вялікую папулярнасць у гледачоў. Канстанцін Алексютовіч – аўтар першых балетных пастановак на беларускай прафесійнай сцэне: «Капелія» Л. Дэліба, «Зачараваны лес» Р. Дрыга, «Фея лялек» І. Баера, аднаактовага спектакля «Помста сябровак» на ўласнае лібрэта і музыку Л. Маркевіча. У 1937 г. К.А. Алексютовіч быў прызначаны галоўным балетмайстрам Ансамбля беларускай народнай песні і танца Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Падрыхтаваныя ім у гэты час пастаноўкі «Бычок», «Галубец», «Танец з маскай», «Ой, рэчанька-рэчанька», «Пайшоў Ясь на наш лужок», «Карагодная» і іншыя вызначаліся выключнай тэатральнасцю і ўвайшлі ў залаты фонд нацыянальнай харэаграфіі. Прызнаннем майстэрства стала ўзнагароджанне калектыву ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, а яго балетмайстра – ордэнам «Знак Пашаны» (1940).
Асноўную дзейнасць у прафесійным тэатры К.А. Алексютовіч паспяхова спалучаў з работай у танцавальных калектывах мастацкай самадзейнасці Мінскага клуба камсамола (1926–1930), Клуба будаўнікоў (1932–1937), харэаграфічнай студыі Палаца піянераў імя М. Гікалы (1936–1941). Распрацаваў для гэтых ансамбляў шэраг харэаграфічных карцінак і сюжэтных танцаў на сучасную тэматыку: «Новая вёска», «Піянерскі», «Камсамолачка», «Беларускі маладзёжны танец», «Моладзь на будоўлі», «Маладзёжныя рабочыя скокі», «Вытворчы танец», «Танец з лялькай», «Свята вясны», «Матроскі танец», «Тачанка» і іншыя, якія з поспехам дэманстраваліся на ўрачыстых канцэртах у сельскіх клубах і на гарадскіх мерапрыемствах. Як галоўны кансультант Рэспубліканскага дома народнай творчасці праводзіў семінары па харэаграфіі, у ходзе якіх знаёміў кіраўнікоў і артыстаў мастацкай самадзейнасці з асаблівасцямі народных танцаў, іх кампазіцыяй, манерай выканання, чытаў лекцыі па методыцы правядзення ўрокаў класічнага і народнага характарнага танцаў. За чатыры дзесяцігоддзі плённай творчай і педагагічнай дзейнасці К.А. Алексютовіч падрыхтаваў шэраг цудоўных выканаўцаў народных, класічных і характарных танцаў, выхаваў цэлую плеяду спецыялістаў у галіне харэаграфіі, многія з якіх сталі вядомымі майстрамі сцэны, вядучымі балетмайстрамі. Сярод яго вучняў – народныя артысты Беларусі С.У. Дрэчын і А.А. Рыбальчанка, заслужаны дзеяч культуры Беларусі І.А. Серыкаў, заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі П.С. Акулёнак, Л.К. Алексютовіч, артысткі балета Ю.У. Хіраска, Т.С. Узунава і інш.
Апошнія гады жыцця К.А. Алексютовіч працаваў галоўным балетмайстарам абласнога Узбекскага музычна-драматычнага тэатра і балетнай студыі пры Доме Чырвонай арміі ў Самаркандзе. За кароткі тэрмін на базе мясцовага танцавальнага фальклору ён стварыў вялікую канцэртную праграму, з якой артысты ў ваенныя гады выступалі ў шпіталях, вайсковых часцях, на прадпрыемствах.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.