Краткая справка:
дырыжор, народная артыстка Беларусі, узнагароджана ордэнам "Знак Пашаны"
Имена на других языках:
Коломийцева Татьяна Михайловна (русский);
5202 символа
Справка
Таццяна Міхайлаўна Каламійцава ўсё жыццё прысвяціла музыцы. Яна была адзінай ў Беларусі жанчынай дырыжорам сімфанічнага аркестра і дасягнула вялікіх поспехаў у гэтай складанай і традыцыйна мужчынскай прафесіі.
Нарадзілася Т. Каламійцава ў Санкт Пецярбургу ў сям’і інжынера. У 1930 г. паступіла на аддзяленне графікі Адэскага мастацкага тэхнікума. У той час яе бацька займаўся рэканструкцыяй будынка славутага Адэскага опернага тэатра, і дзяўчына перагледзела там усе спектаклі. Самае яркае ўражанне атрымала ад оперы «Гугеноты» Дж. Меербера, якая вызначыла лёс Т. Каламійцавай: яна паступіла ў Адэскую кансерваторыю. У 1936 г. скончыла вучобу і пачала працаваць дырыжорам асістэнтам у оперным тэатры Вінніцы. Музычнасць, дакладнае веданне партытуры твора, выразнасць жэста праявіліся ўжо ў першым самастойным выступленні – оперы Ш. Гуно «Фаўст». Восенню 1937 г. Т. Каламійцава ўдзельнічала ва Усесаюзным конкурсе на замяшчэнне пасад асістэнтаў дырыжораў у Дзяржаўных сімфанічных аркестрах Маскоўскай і Ленінградскай філармоній, а таксама ў Дзяржаўным сімфанічным аркестры СССР. Сярод 20 выканаўцаў яна стала лепшай. Спецыялісты адзначалі, што Т. Каламійцава з першых узмахаў дырыжорскай палачкі здолела захапіць аркестр, падначаліць яго сваёй волі і прымусіць выконваць усе замыслы кіраўніка. Пасля перамогі ў конкурсе яна стала асістэнтам славутага А. Гаўка – мастацкага кіраўніка Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра СССР. У 1938 г. дырыжыравала ў канцэрце гэтага аркестра сваёй першай праграмай, якая складалася з твораў Л. Бетховена. Крытыкі адзначалі, што Т. Каламійцава прадэманстравала дасканалае веданне музыкі, адчуванне стылю, засяроджанасць і ўдумлівасць выканання, шматпланавасць прыёмаў. Потым яна кіравала сімфанічным аркестрам Ленінградскай філармоніі (адначасова вучылася ў аспірантуры Маскоўскай кансерваторыі). Разам з гэтым калектывам гастраліравала па гарадах краіны. Пад яе кіраўніцтвам выконваліся сімфанічныя паэмы Ф. Ліста, творы І.С. Баха, Э. Грыга, многія творы Л. Бетховена, П. Чайкоўскага, А. Барадзіна. На канцэртах заўсёды быў аншлаг, аркестр запрашалі на гастролі па краіне. Дырыжорская манера Т. Каламійцавай вызначалася стрыманасцю і высакародствам, прыгожымі жэстамі.
У 1941–1943 гг. яна выкладала ў Паўночна Асецінскай опернай студыі пры Маскоўскай кансерваторыі. Потым працавала балетным дырыжорам у аркестры Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР, які знаходзіўся ў той час у эвакуацыі ў Каўрове Іванаўскай вобласці Расіі. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка фашысцкіх захопнікаў засталася ў гэтым калектыве. З 1946 па 1952 г. узначальвала сімфанічны аркестр Беларускай філармоніі. З маладымі музыкантамі, выпускнікамі Беларускай кансерваторыі, якія ўваходзілі ў яго склад, праводзіла карпатлівую работу па аднаўленні творчага ўзроўню аркестра, удасканаленні выканальніцкага майстэрства. Прафесіяналізм і апантанасць Т. Каламійцавай далі вынікі: яркія дынамічныя музычныя выступленні настолькі заварожвалі слухачоў, што пасля заканчэння канцэртаў у зале яшчэ некалькі хвілін панавала цішыня, і толькі потым раздаваліся апладысменты.
У 1952 г. Т. Каламійцава вярнулася ў Дзяржаўны акадэмічны тэатр оперы і балета БССР і амаль да апошніх дзён жыцця заставалася там дырыжорам. Яе работы вызначаліся творчым пошукам, пераканаўчай інтэрпрэтатарскай канцэпцыяй. У рэпертуары тэатра з’явіліся оперы «Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П. Чайкоўскага, «Аіда» і «Трубадур» Дж. Вердзі, «Багема» Дж. Пучыні, «Севільскі цырульнік» Дж. Расіні, «Заручыны ў манастыры» С. Пракоф’ева. У іх выяўлялася імкненне дырыжора вызваліць партытуру ад штампаў, прачытаць і зразумець яе па-новаму. Упершыню на беларускай сцэне, дзякуючы Т. Каламійцавай, была пастаўлена опера «Лаэнгрын» Р. Вагнера. Музычны рад гэтага твора насычаны шматлікімі рэзкімі кантрастамі: напачатку панавала атмасфера злых сіл, якім супрацьстаялі светлыя пачуцці, і тут жа дабаўляліся бытавыя сцэнкі. Таццяна Каламійцава паставіла вельмі складаную лірыка-эпічную оперу С. Танеева «Арэстэя» па матывах старажытнай трагедыі Эсхіла. Спектакль стаў музычнай падзеяй 1963 г. Фірма «Мелодыя» выпусціла грампласцінку гэтай оперы ў выкананні беларускіх артыстаў. Яшчэ адзін спектакль – лірыка рамантычная фантастычная опера «Казкі Гофмана» Ж. Афенбаха (прэм’ера адбылася ў 1983 г.) – стаў «лебядзінай песняй» Т. Каламійцавай. Сімфанічная і оперная музыка былі вядучымі ў яе творчасці, аднак і балет паступова заняў значнае месца. Першую пастаноўку славутага «Шчаўкунка» П. Чайкоўскага гледачы ўбачылі ў 1956 г. (за дырыжорскім пультам стаяла Т. Каламійцава). У перыяд працы ў тэатры з яе ўдзелам былі пастаўлены «Лебядзінае возера» і «Спячая красуня» П. Чайкоўскага, «Папялушка» С. Пракоф’ева, «Бахчысарайскі фантан» Б. Асаф’ева і інш. Вялікую ўвагу надавала Т. Каламійцава творам беларускіх кампазітараў. Яна з’яўлялася музычным кіраўніком пастановак балетаў «Падстаўная нявеста» Г. Вагнера, «Князь-возера» В. Залатарова, «Альпійская балада», «Выбранніца» і «Тыль Уленшпігель» Я. Глебава і інш.
Творчасць Т. Каламійцавай стала часткай гісторыі беларускай музычнай культуры. Яе працоўная дзейнасць адзначана высокай узнагародай: у 1964 г. дырыжор атрымала званне народнай артысткі БССР.