Дата рождения:
18.05.1938 Цынцавічы, в., Вілейскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
30.12.2021
Краткая справка:
дырыжор, педагог, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча, народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1984), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" (2002), кавалер ордэнаў Дружбы народаў, Францыска Скарыны, ордэна Пашаны (2017)
Имена на других языках:
Козинец Михаил Антонович (русский);
2830 символов
Справка
Творчасць дырыжора Міхаіла Антонавіча Казінца – яркая старонка беларускага летапісу сучаснай музыкі.
Нарадзіўся Міхаіл Казінец у в. Цынцавічы Вілейскага раёна ў сялянскай сям’і. Дзед добра іграў на скрыпцы, маці цудоўна спявала беларускія народныя песні, хутка да іх ансамбля далучыўся васьмігадовы Міша з гармонікам. Пасля заканчэння сямігодкі ў роднай вёсцы пайшоў вучыцца ў Вілейскую сярэднюю школу. Адначасова вучыўся ў мясцовым філіяле Маладзечанскай музычнай школы, якую закончыў за тры гады па класе баяна.
Узгадаваны на вясковых традыцыях і народнай песеннай і інструментальнай культуры юнак прыйшоў у элітарную музычную прафесію. Атрымаў вышэйшую адукацыю па класе баяна ў Беларускай кансерваторыі (1965 г.). У час вучобы захапіўся дырыжыраваннем дзякуючы цудоўным выкладчыкам І. Абрамісу, В. Катаеву. Таму праз тры гады ў 30-гадовым узросце вярнуўся ў сцены кансерваторыі – паступіў на аддзяленне оперна-сімфанічнага дырыжыравання, якое скончыў у 1973 г., пазней – стажыраваўся па выбранай спецыяльнасці. У 1972 г. дырыжор І. Жыновіч запрасіў М. Казінца да сябе ў Дзяржаўны народны аркестр БССР. Збылася мара маладога музыканта: ён стаў удзельнікам унікальнага музычнага калектыву, працаваў поруч з выдатным майстрам, а з 1975 г. М. Казінец – мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор аркестра (зараз Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча). У рабоце з аркестрам вялікую ўвагу дырыжор аддаваў пытанням строю, збалансаванасці гучання, тэмбравай маляўнічасці. З’яўляючыся больш за трыццаць год мастацкім кіраўніком аркестра, ён разам з калектывам выступаў у самых знакамітых канцэртных залах былога СССР і СНД, гастраляваў у Германіі, Францыі, Румыніі, Фінляндыі, Канадзе, Турцыі, Індыі. М. Казінец з’яўляецца першым інтэрпрэтатарам многіх твораў беларускай музыкі, у тым ліку кантаты для хору, салістаў і народнага аркестра “Родныя песні” Ю. Семянякі, сімфоніі “Памяць Зямлі”, музычнай карціны “На Купалле”, канцэрціна “Народныя гульні”, апрацовак народных мелодый “Бульба”, “Крыжачок”, “Саўка ды Грышка” А. Мдывані, уверцюры “Свята ўраджаю” і фрэскі-карціны “Зямля бацькоў” В. Войціка, Канцэрта для аркестра народных інструментаў В. Іванова.
Не менш значнай, чым музычная творчасць, была і педагагічная дзейнасць М. Казінца. З 1966 г. ён выкладаў у Беларускай акадэміі музыкі, а з 1985 г. па 2005 г. быў рэктарам гэтай навучальнай установы, з 1990 г. – прафесар. М. Казінец з’яўляецца заснавальнікам і галоўным дырыжорам сімфанічнага аркестра Беларускай акадэміі музыкі “Маладая Беларусь” (1991).
Дзейнасць М. Казінца была адзначана ганаровымі званнямі краіны: “Народны артыст Беларусі” (1987), “Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі” (1978). Музыкант узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі (1984) і прэміяй “За духоўнае адраджэнне” (2002).