Дата начала: 1932 Мінск, г.
Краткая справка: вядучая вышэйшая навучальная ўстанова нацыянальнай сістэмы адукацыі ў галіне музычнага мастацтва
Названия на других языках: Белорусская государственная академия музыки (русский);
Предыдущие названия: Беларуская акадэмія музыкі; Беларуская дзяржаўная кансерваторыя; Белорусская академия музыки; Белорусская государственная консерватория им. А.В. Луначарского
За перыяд сваёй гісторыі Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі – вядучая вышэйшая навучальная ўстанова краіны ў галіне музычнага мастацтва – дасягнула буйных поспехаў, набыла міжнародны аўтарытэт і атрымала статус еўрапейскага цэнтра прафесійнай музычнай адукацыі, выканальніцкага майстэрства, кампазітарскай творчасці і музычнай навукі.
Акадэмія была заснавана ў 1932 г. у Мінску як Беларуская дзяржаўная кансерваторыя на базе Мінскага музычнага тэхнікума (дзейнічаў з 1924 г.) і Беларускай студыі оперы і балета (існавала да 1933 г.). Вялікае значэнне ў станаўленні і арганізацыі навучальнага працэсу меў вопыт Ленінградскай і Маскоўскай кансерваторый. На выкладчыцкую працу былі запрошаны педагогі Мінскага музычнага тэхнікума, а таксама высокакваліфікаваныя спецыялісты з розных кансерваторый. Сярод іх – кампазітары М. Аладаў, М. Равенскі, В. Залатароў; музыказнаўцы Ю. Дрэйзін, М. Зінчук, Л. Мухарынская; піяністы Я. Зільберберг, А. Клумаў, Г. Пятроў; скрыпачы А. Бяссмертны, А. Вів’ен; віяланчэлісты М. Арлоў, Б. Фідлон; кантрабасісты І. Салодчанка, М. Славачэўскі; валтарніст Я. Сцэгенны; габаіст Г. Папавіцкі, спявак А. Бананыч; харавы дырыжор І. Бары і іншыя музыканты. У кансерваторыю прынялі 40 студэнтаў, якія навучаліся на шасці створаных кафедрах: сольных спеваў, спецыяльнага фартэпіяна з аддзелам агульнага фартэпіяна, струнных смычковых інструментаў, тэорыі, гісторыі музыкі і кампазіцыі, духавых і ўдарных інструментаў, асноў марксізму-ленінізму. Калектывам педагогаў праводзілася вялікая навукова-даследчая і канцэртная дзейнасць. У 1934 г. Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі было прысвоена імя А.В. Луначарскага. У 1937 г. адбыўся першы выпуск. Перадваенныя гады былі перыядам творчага ўздыму кансерваторыі. Колькасць студэнтаў дасягнула 200 чалавек, набор 1940/41 навучальнага года ўключаў выпускнікоў 6 музычных вучылішч рэспублікі. У гэты час было набыта шмат клавішных, струнных і духавых інструментаў. Бібліятэка папоўнілася каштоўнымі экзэмплярамі нотнай, навуковай і мастацкай літаратуры. У 1940 г. выкладчыкі кансерваторыі ўдзельнічалі ў Першай дэкадзе беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве. Іх дзейнасць была адзначана высокімі ўзнагародамі і званнямі. Заслужанымі дзеячамі мастацтваў БССР сталі Я. Зільберберг, В. Залатароў, П. Ціханаў, Г. Папавіцкі; заслужанымі артыстамі рэспублікі – А. Бяссмертны, А. Амітон, А. Клумаў, М. Бергер.
У гады Вялікай Айчыннай вайны кансерваторыя не працавала. Многія выкладчыкі і студэнты былі прызваны ў дзеючую армію і ваявалі, некаторыя змагаліся з фашыстамі ў партызанскіх атрадах і падполлі, удзельнічалі ў франтавых канцэртных брыгадах. 1 верасня 1944 г. кансерваторыя аднавіла дзейнасць. Педагагічны калектыў папоўніўся музыкантамі з розных гарадоў Савецкага Саюза, а таксама таленавітымі прадстаўнікамі беларускай школы. У 1946 г. адбыўся першы выпуск (4 спецыялісты), у наступным годзе кансерваторыю скончылі 16 чалавек. Пад кіраўніцтвам І. Жыновіча ў 1949 г. была створана кафедра народных інструментаў. У гэтым жа годзе адкрылася кафедра агульнага фартэпіяна (загадчык Г. Пятроў), пачало працаваць студэнцкае навукова-тэарэтычнае таварыства. У 1954 г. арганізаваны аркестр рускіх народных інструментаў (кіраўнік Г. Жыхараў). У 1957 г. быў узведзены новы будынак кансерваторыі (архітэктар Р. Гегарт). У гэтым жа годзе з’явіліся завочная і вячэрняя формы навучання, падрыхтоўчае аддзяленне па спецыяльнасцях «кампазіцыя» і «спевы». З канца 1950-х гг. студэнты кансерваторыі сістэматычна прымалі ўдзел у прэстыжных міжнародных конкурсах: Усесаюзным імя М. Глінкі, Міжнародным імя П. Чайкоўскага, Пражскім імя Б. Сметаны і інш. У мэтах паляпшэння падрыхтоўкі вакалістаў і аркестравых выканаўцаў пры кансерваторыі ў 1961 г. аднавіла працу оперная студыя. У 1960-я гг. пашырыўся педагагічны калектыў, былі арганізаваны новыя кафедры: камернага ансамбля, канцэртмайстарскага майстэрства, кампазіцыі, тэорыі музыкі і гісторыі музыкі, аркестравага дырыжыравання і інш. Таленавітыя выпускнікі працягвалі навучанне ў аспірантуры і асістэнтуры-стажыроўцы, а таксама ў музычных навучальных установах за межамі Беларусі. У канцы 1960-х – пачатку 1970-х гг. кансерваторыя стала адной з вядучых вышэйшых музычных устаноў СССР. У 1983 г. была ўзнагароджана ордэнам Дружбы народаў. У сярэдзіне 1980-х гг. працягвала ўдасканальвацца вучэбная, канцэртная, навукова-даследчая і выхаваўчая работа. Выкладчыкамі распрацаваны новыя вучэбныя планы і праграмы, што спрыяла развіццю творчасці студэнтаў, навыкаў іх практычнай дзейнасці. У 1986 г. праведзена каля 1000 оперных і канцэртных спектакляў. У гэтым жа годзе калектыў установы атрымаў на Усесаюзнай выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве дыплом ІІ ступені.
У 1992 г. Беларуская дзяржаўная кансерваторыя перайменавана ў Беларускую акадэмію музыкі, з 1997 г. мае сучасную назву. У 2000 г. акадэміі нададзены статус вядучай вышэйшай навучальнай установы ў галіне музычнага мастацтва ў нацыянальнай сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь. У яе структуру ўваходзяць наступныя факультэты: фартэпіянны і кампазітарска-музыказнаўчы, аркестравы, народных інструментаў, вакальна-харавы, павышэння кваліфікацыі, педагагічны (Магілёў). Дзейнічаюць таксама філіялы кафедр у Брэсце, Гродне, Гомелі і Віцебску. У 1996 г. адкрыты савет па абароне дысертацый на атрыманне вучонай ступені доктара (кандыдата) мастацтвазнаўства. Пры акадэміі працуе Рэспубліканскі комплекс гімназія-каледж, оперная студыя, кабінет народнай музыкі (пры ім Фонаархіў этнамузыкі), створана Праблемная навукова-даследчая лабараторыя музыкі, аддзелы канцэртных і спецыяльных творчых праектаў, інфармацыйных тэхналогій, міжнародных сувязей. Разгорнута шырокая выдавецкая дзейнасць. Заснавана серыя навуковых выданняў «Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі». Вялікую канцэртную работу ў краіне і па-за яе межамі праводзяць аркестравыя і харавыя калектывы, арганізаваныя пры акадэміі. Сярод іх – аркестр духавых інструментаў «Фанфары Беларусі», аркестр беларускіх народных інструментаў, аркестр рускіх народных інструментаў, акадэмічны канцэртны хор, ансамбль духавых інструментаў «Інтрада», ансамбль цымбалістаў «Лілея» і інш. Галоўным напрамкам дзейнасці акадэміі музыкі з’яўляецца рэалізацыя комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на выяўленне і развіццё здольнасцей таленавітай моладзі. Штогод выхаванцы акадэміі і студэнцкія творчыя калектывы займаюць прызавыя месцы на рэспубліканскіх і міжнародных выканальніцкіх конкурсах, фестывалях. Многія пераможцы сталі стыпендыятамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і фонду па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў.
Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі мае высокі аўтарытэт як перспектыўны партнёр у сферы ажыццяўлення адукацыйных і творчых мерапрыемстваў. Яна супрацоўнічае з кансерваторыямі, вышэйшымі школамі музыкі Расіі, Казахстана, Францыі, Швецыі, Кітая і іншымі, а таксама з рознымі міжнароднымі арганізацыямі, сярод якіх – Міжнародны савет па музычнай адукацыі пры ЮНЕСКА (ISМE), Еўрапейская асацыяцыя педагогаў фартэпіяна (EPТА), Еўрапейская асацыяцыя кансерваторый і вышэйшых школ музыкі (AEC), Сусветная асацыяцыя цымбалістаў (CWA), Арганізацыя па міжнародным супрацоўніцтве ў сферы культуры (NICA) і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г.