Дата рождения: 13.08.1913 Віцебск, г.
Дата смерти: 19.09.2003
Краткая справка: кампазітар, педагог, адзін з заснавальнікаў нацыянальнай оперы, народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1941) і Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1969)
Варианты имени: Багатыроў Анатоль Васільевіч
Имена на других языках: Bahatyrou Anatol Vasilyevich (не определен); Богатырёв Анатолий Васильевич (русский);
У музычнай культуры Беларусі імя Анатоля Васілевіча Багатырова – заснавальніка нацыянальнай кампазітарскай школы – сімвалізуе сабой цэлую эпоху. Яго музыка будзе гучаць на працягу яшчэ не аднаго стагоддзя.У розныя перыяды творчасці А. Багатыроў працаваў у розных музычных жанрах: оперы, сімфоніі, хоры, араторыі, канцэрце і інш.
Нарадзіўся будучы кампазітар у Віцебску ў сям’і настаўніка. Дом Багатыровых у розны час наведвалі знакамітыя людзі: дырыжор М. Малько, кампазітар Д. Шастаковіч, мастакі М. Шагал, К. Малевіч. З дзяцінства хлопчык быў далучаны да традыцыйнай музыкі і духоўнай культуры. У васьмігадовым узросце пачаў займацца музыкай. Потым вучыўся ў Беларускім дзяржаўным музычным тэхнікуме (цяпер Мінскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя М. І. Глінкі) на аддзяленні фартэпіяна па спецыяльнасцях піяніста і кампазітара. Навучанне юнак сумяшчаў з канцэртмайстарскай працай у Беларускай студыі оперы і балета і на радыё. У 1937 г. скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А. В. Луначарскага (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі) па класе кампазіцыі прафесара В. Залатарова.
У вялікае мастацтва А. Багатыроў увайшоў з кантатай “Сказ пра Мядзведзіху” на вершы А. Пушкіна, напісаную як дыпломная праца ў 1937 г. Праз два гады з’явілася опера “У пушчах Палесся” паводле аповесці Я. Коласа “Дрыгва”, якая была пастаўлена на сцэне Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР ў 1939 г. і паказана ў Вялікім тэатры СССР у час Першай дэкады беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве (1940). У 1941 г. кампазітар за гэты твор атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны малады кампазітар быў эвакуіраваны ў Расію, дзе працаваў намеснікам дырэктара ў Свярдлоўскай кансерваторыі (цяпер Уральская дзяржаўная кансерваторыя імя М. П. Мусаргскага). У гэты час А. Багатыроў напісаў хары, кантанты “Ленінградцы” (1942) на вершы Джамбула, “Беларускім партызанам” (1942) паводле вершаў Я. Купалы – творы, значныя па змесце, актуальныя па тэматыцы, хвалюючыя па музычным выказванні. Працягам ваеннай тэмы стала араторыя “Бітва за Беларусь” (1985), напісаная ў гонар Перамогі над фашысцкай Германіяй. Твор з’яўляецца адным са значных дасягненняў беларускай музыкі на героіка-патрыятычную тэматыку. Пасляваенныя гады для А. Багатырова – час здзяйснення творчых задум, росквіту кампазітарскай дзейнасці. У 1947 г. была пастаўлена опера “Надзея Дурава”, якая прадоўжыла тэму подзвігу.
З 1948 па 2003 г. А. Багатыроў працаваў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (на пасадзе рэктара да 1962 г.). Там ён выкладаў клас кампазіцыі і за гэты час выхаваў больш за 30 вядомых кампазітараў, сярод якіх – Ю. Семяняка, Г. Вагнер, Я. Глебаў, Д. Смольскі, І. Лучанок, С. Картэс, А. Мдывані, В. Войцік, У. Солтан, А. Хадоска, Э. Тырманд, У. Буднік, Л. Захлеўны, М. Літвін, Л. Мурашка і інш.
Самымі плённымі і цікавымі ў творчасці А. Багатырова з’яўляліся 1960-я гг. Былі створаны камерна-інструментальныя кампазіцыі, у якіх увасоблены найбольш характэрныя рысы стылю: вастрыня і экспрэсіўнасць інтанацыйнай і гарманічнай мовы, поліфанічная насычанасць фактуры, дэталёвая апрацоўка музычнай тканіны. Значны ўклад у камерную музыку ўнёс А. Багатыроў сваімі ансамблямі, што ён пачаў пісаць яшчэ ў 1940-я гг. Менавіта ў камернай музыцы канчаткова сфарміраваліся індывідуальная творчая манера кампазітара і тыя рысы стылю, якія сталі тыповымі для твораў позняга перыяду. Значным дасягненнем з’явілася кантата “Беларускія песні” (1967) на словы народныя і вершы Н. Гілевіча, дзе арганічна спалучыліся ўсе мастацкія кампаненты і праявілася ўся шматграннасць таленту творцы. У 1968 г. А. Багатырову было прысвоена ганаровае званне народнага артыста Беларусі, а ў 1969 г. за кантанту “Беларускія песні” прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі.
Творчае аблічча кампазітара сфарміравалася пад непасрэдным уздзеяннем беларускага фальклору, уплывам паэзіі Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, П. Броўкі, Н. Гілевіча, А. Куляшова, М. Танка. Анатоль Багатыроў валодаў індывідуальна-непаўторнай манерай пісьма, меладычнай мовай, што выходзяць з народных крыніц. Музычныя творы 1970–80-х гг. – кантанты “Малюнкі роднага краю”, “Юбілейная”, апрацоўкі беларускіх народных песень, камерная музыка – прасякнуты беларускай народна-песеннай інтанацыйнасцю, цеплынёй і выразным гукапісам. Гэтыя асаблівасці сведчаць пра мастацкі густ аўтара, тонкае каларыстычнае пачуццё, прафесійнае майстэрства. Анатоль Васілевіч пісаў музычныя творы на паэтычныя тэксты, у якіх знаходзіў сугучныя са сваімі думкі і пачуцці. Кампазітар таксама звяртаўся да паэзіі Г. Ахматавай, М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, У. Шэкспіра. У 2001 г. упершыню ўбачыў свет вакальны цыкл на вершы С. Ясеніна. Музычная мова вакальных мініяцюр адметная арганічным адзінствам слова і музыкі, але кампазітар аддае перавагу вакалу, падкрэсліваючы выразнасць меладычнага хараства. Ён стварыў больш за 80 вакальных твораў, значная частка якіх аб’яднана ў цыклы. Увогуле, музыка А. Батырова непадуладная модзе. Яна ўбірае ў сябе ўсе напрамкі: рэалізм, рамантызм, імпрэсіянізм. Творы кампазітара ўваходзяць у залаты фонд беларускай музыкі, вызначаючы яе значнае месца ў агульнаеўрапейскай культуры.
За высокія дасягненні ў кампазітарскай і педагагічнай дзейнасці А. Багатыроў быў адзначаны ордэнам Францыска Скарыны, ордэнам Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі “Знак Пашаны”, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Дружбы народаў, шматлікімі медалямі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.