Дата рождения:
10.11.1921 Смаргонь, г., Гродзенская вобласць
Дата смерти:
18.11.2007
Краткая справка:
харавы дырыжор, педагог, народны артыст Беларусі і СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990), першы сярод музыкантаў лаўрэат прэміі "За духоўнае адраджэнне" (1996), кавалер ордэна Ф. Скарыны (2006), з iмем якога звязаны творчыя дасягненнi i мiжнароднае прызнанне Акадэмічнага хору Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь
Имена на других языках:
Ровдо Виктор Владимирович (русский);
2800 символов
Справка
Імя Віктара Уладзіміравіча Роўды – выдатнага дзеяча харавога мастацтва, прафесара Беларускай акадэміі музыкі – вядома кожнаму музыканту. У нацыянальнае музычнае мастацтва ён увайшоў са сваёй адметнай творчай скіраванасцю, з асаблівым стылем, які дапоўніў і ўзбагаціў песенна-харавую творчасць рэспублікі. Віктар Уладзіміравіч лічыў, што хор – справа тонкая, далікатная. “Для мяне самае галоўнае – спевы, музыка, рэлігія”, – так акрэсліў сваё жыццёвае крэда выдатны дырыжор.
Сын святара са Смаргоні, В.У. Роўда з маленства далучыўся да веры. Тады ж захапіўся мілагучнымі беларускімі песнямі, што шанавалі, любілі і часта спявалі ў яго сям’і. З шасці гадоў пачаў вучыцца ігры на скрыпцы ў мясцовага музыканта, а праз некаторы час паступіў у Віленскую дзяржаўную духоўную семінарыю, дзе працаваў рэгентам Р.Р. Шырма – выкладчык беларускай гімназіі і выдатны музыкант.
У 1946 г. В.У. Роўда стаў студэнтам дырыжорска-харавога і вакальнага аддзялення Літоўскай кансерваторыі, пасля заканчэння якой у 1951 г. паступіў у аспірантуру Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага, дзе займаўся ў выдатнага майстра харавога мастацтва А.В. Свешнікава. Далейшая работа ў якасці хормайстра Дзяржаўнага акадэмічнага рускага народнага хору імя А.В. Свешнікава, выкладчыка Маскоўскай кансерваторыі, паспяховая абарона кандыдацкай дысертацыі па праблемах выканання народнай песні ў акадэмічным хоры вылучылі Віктара Уладзіміравіча ў шэраг вядомых музыкантаў – інтэрпрэтатараў харавога спеву.
З 1956 г. В.У. Роўда – хормайстар і дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР, адначасова выкладчык у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (з 1964 г. загадчык кафедры харавога дырыжыравання). За час работы ім было падрыхтавана больш за 800 хормайстраў. Фондавыя запісы і праведзеныя канцэрты ў якасці мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Акадэмічнага хору Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь (атрымаў шэсць Гран-пры самых прэстыжных міжнародных конкурсаў) трывала сцвердзілі імя В.У. Роўды ў ліку выдатных дзеячаў сучаснага музычнага мастацтва. З імем дырыжора звязаны творчыя дасягненні і міжнароднае прызнанне канцэртнага хору студэнтаў Акадэміі музыкі, правядзенне рэспубліканскіх свят, аглядаў дзіцячай і дарослай харавой самадзейнасці, непераўзыдзеная інтэрпрэтацыя літургічнай музыкі.
За музычна-асветніцкую дзейнасць, самаадданую творчую працу В.У. Роўда атрымаў ордэн Францыска Скарыны (2006), а за прапаганду духоўнай харавой музыкі быў узнагароджаны ордэнамі праваслаўнай царквы – Марыі Магдаліны, Святога Уладзіміра, Сергія Раданежскага, Святога князя Данііла Маскоўскага I, II, III ступеней. Віктар Уладзіміравіч Роўда – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990) і прэміі “За духоўнае адраджэнне” (1997).