Краткая справка:
расійскі і беларускі дырыжор, педагог, народны артыст Расіі, заслужаны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1997)
Имена на других языках:
Проваторов Геннадий Пантелеймонович (русский);
3225 символов
Справка
Немагчыма ўявіць оперныя ці балетныя спектаклі без аркестра і яго кіраўніка – дырыжора. Каб стварыць на сцэне захапляючае музычна-сцэнічнае прадстаўленне менавіта яму належыць асаблівая роля. Сапраўдным майстрам сваёй справы быў Генадзь Панцеляймонавіч Праватораў – дырыжор-віртуоз, музыкант-інтэрпрэтатар.
Нарадзіўся ён у Маскве. Рана застаўся без бацькі, які быў рэпрэсіраваны ў 1930 г. З 11 гадоў пачаў вучыцца ў Цэнтральнай музычнай школе пры Маскоўскай кансерваторыі. У гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў эвакуацыі ў Пензе. Пасля вяртання працягваў музычную адукацыю і ў 1951 г. скончыў Маскоўскую кансерваторыю (клас фартэпіяна, педагог А. Гальдэнвейзер); у 1956 г. – клас дырыжыравання (педагогі К. Кандрашын і А. Гаўк). Працаваў выкладчыкам Інстытута ваенных дырыжораў, канцэртмайстрам Маскоўскай кансерваторыі (1950–1954). З 1955 па 1961 г. кіраваў аркестрамі Маскоўскай абласной, Харкаўскай, Днепрапятроўскай філармоній. У 1961 г. стаў дырыжорам Маскоўскага акадэмічнага музычнага тэатра імя К. Станіслаўскага і У. Неміровіча-Данчанкі, дзе ў 1963 г. аднавіў пастаноўку оперы «Кацярына Ізмайлава» Д. Шастаковіча. Гэта работа прынесла дырыжору міжнародную вядомасць: запіс спектакля атрымаў на парыжскім конкурсе грампласцінак Гран-пры (1966). Пасля стажыроўкі ў Вялікім тэатры (1965) далейшы творчы шлях Г. Праваторава быў звязаны пераважна з музычнымі тэатрамі. З 1965 па 1971 г. ён працаваў у Адэсе і Ленінградзе, потым кіраваў сімфанічным аркестрам Куйбышаўскай філармоніі (1971–1981).
У 1984 г. Г. Праватораў стаў галоўным дырыжорам Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі (з 1989 г. дырыжор). З 1994 г. ён мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Мінскага духавога аркестра «Няміга». У 1998 г. узначаліў Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, у 2002–2007 гг. з’яўляўся галоўным дырыжорам і мастацкім кіраўніком сімфанічнага аркестра Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь. Адначасова з 1986 г. выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (з 1994 г. прафесар). Сярод работ на беларускай сцэне оперы «Вайна і мір» С. Пракоф'ева (1985), «Кавалер руж» Р. Штрауса (1987), «Візіт дамы» С. Картэса (1995), «Хаваншчына» М. Мусаргскага (2003); балеты «Лебядзінае возера» П. Чайкоўскага і «Вясна свяшчэнная» І. Стравінскага (1986), «Рамэа і Джульета» С. Пракоф'ева (1988), «Страсці (Рагнеда)» А. Мдывані (1995), «Раймонда» А. Глазунова (1997), «Мефіста» У. Кандрусевіча (2002) і інш. У кожным спектаклі Г. Праватораў імкнуўся перадаць эмацыянальную насычанасць твора, раскрыць унутраны канфлікт музычнай драматургіі, яе мастацкае і эстэтычнае багацце і ўсё гэта данесці да гледача. Ён актыўна выступаў з сімфанічнымі аркестрамі. У рэпертуары дырыжора былі сімфоніі А. Брукнера, Д. Шастаковіча, Г. Малера, сімфанічная паэма «Праметэй» А. Скрабіна і інш. Пад яго кіраўніцтвам гучалі творы беларускіх кампазітараў В. Помазава, У. Дарохіна, Г. Вагнера, А. Багатырова і інш. У 1986 г. Г. Праватораў дырыжыраваў Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам СССР на канцэрце ў гонар адкрыцця VII з'езда Саюза кампазітараў СССР. У 1997 г. ён быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі.